— Чаго ты пасміхаешся?
Заўважыла гэта ў пару: ён ужо забыўся пра сваё ўражанне ад сустрэчы з гаспадыняй, а пазіраў на Ларысу, на яе старанне, думаў толькі пра яе, хваляваўся, што яны разам і, нарэшце, адны.
— Як чаго? — пажартаваў ён.— Шлюбная ноч у нас сёння!
— Смейся, смейся! — жартоўна прыстрашыла яна.— Будзеш спаць вунь там,— і яна кіўнула на вузенькі, нізкі тапчанчык.
— О не! — паківаў ён галавою.— Я столькі чакаў... гэтай хвіліны!..
Ларыса, засаромеўшыся, міргнула на дзверы: маўляў, іх гэтую гутарку можа чуць гаспадыня, выслухае і разнясе заўтра па ўсёй вёсцы, а на яго — за такія словы — жартоўна паківала пальцам, зачырванелася, разгубілася.
— Кладзіся першы...— зусім саромеючыся, не вытрымліваючы яго смелага і рашучага позірку, сказала яна, адышлася, выключыла святло і прыпынілася там, ля дзвярэй, і, здаецца, не пазірала на яго, адвярнулася.
Паўлу хацелася пажартаваць, прымусіць яе першай раздзявацца, але ён і сам крышку саромеўся, то ўсё ж скінуў з сябе касцюм, кашулю і шмыгнуў пад коўдру, на хвіліну заплюшчыўшы вочы ад холаду.
— Яшчэ не лёг...— зманіў ён.
— Скарэй! — падганяла яго Ларыса.
— Зараз...
Але яна, пачуўшы, канечне, што больш не шамаціць адзенне, асмелілася азірнуцца і пры даволі відным святле месяца ўбачыла, што ён ужо ляжыць пад коўдрай.
— Ах ты, манюка! — гулліва сказала яна, падышла блізка, нахілілася, абмацала яго нос і балюча сціснула.
Ён, церпячы боль, абхапіў яе за паясніцу, прыгарнуў, адвёў руку, што сціскала нос, прыхіліў.
— Пачакай...— шапнула яна, рашуча вырвалася з рук, зайшла за біла, пад куфар, прысела і пачала раздзявацца — шаргацець сукенкай.
Раздзеўшыся, яна прыгнулася і ледзь не на коленках, каб ён не бачыў яе, пратупала ля ложка на падлозе, на якой ляжаў маленькі самаробны ходнічак, пасля імгненна паднялася, скочыла цераз яго на ложак — да сцяны — аж рыпнулі спружыны. Пакуль яна выхоплівала з-пад сябе коўдру і старалася накрыцца ёю, Павел з хваляваннем і з радасцю ўбачыў прыгожыя яе аголеныя рукі і ногі, убачыў усю яе, стройную, гібкую і моцную, жаданую.
3...
Іван Сямёнавіч сядзеў дома на канапе і чытаў газету. Фельетон.
«Вось пішуць, што сын з нявесткаю не могуць паладзіць з бацькамі... Не паважаюць, не хочуць памагаць, а вось затое хочуць усякіх выгод... За кошт бацькоў...»
Падняў галаву, зірнуў на свой і жончын партрэты. Задумаўся.
«Прыглядаюся ўжо каторы месяц да сваіх маладых — як яны жывуць, працуюць, пра што думаюць,— і не магу разабрацца... Няма чаго таіцца: пашанцавала нашай нявестцы, Маі Сцяпанаўне, як нікому з маладых тутэйшых настаўнікаў. Трапіла яна замуж не толькі ў разумную, інтэлігентную сям'ю, але іменна ў настаўніцкую сям'ю. Гэта, як я век лічу, вельмі важна — настаўніцы выйсці замуж за настаўніка, ды калі яшчэ бацькі мужа — таксама настаўнікі... Усе будуць адно аднаго разумець, адно аднаму памагаць. Ды яшчэ я — дырэктар школы!
Прыйшла Мая Сцяпанаўна да нас з адным маленькім чамаданчыкам, але трапіла на ўсё гатовае — у вялікі, яшчэ новы дом, на добрую гаспадарку, вялізны сад. Усё ж у нас ёсць сваё — бульба, сала, малако, гародніна. Ды і мы з жонкаю сабралі за гэтыя гады ладную капейку, хоць сёння можам легкавік купіць і яшчэ такі-сякі запас мець...
Нявестцы, канечне, пашанцавала, а вось нам, сыну, бацькам? Мая Сцяпанаўна ў школе працуе і цяпер, як і раней, добра: работу сваю ведае, любіць, разумее маленькіх дзетак, умее з імі паладзіць. З Васілём, здаецца, таксама жывуць душа ў душу. А вось з намі... Здаецца, ад нас, бацькоў, яна стараецца адчужаніцца сама і адчужаніць ад нас і Васіля... Усё ж хацелася, каб яна ўвайшла ў нашу сям'ю як свой чалавек, каб усе нашы хатнія, гаспадарчыя, клопаты былі і яе клопатамі. Але яна не ўваходзіць у нашы клопаты, нават стараецца ўсяк уцячы ад іх. Маўляў, вы, старыя, гаспадары, вы і думайце, самі працуйце, я толькі ваша нявестка, як які часовы тут жыхар!.. Яна не імкнецца раней падняцца і памагчы свякрові паліць у печы, варыць есці, хадзіць у хлеў да каровы і свіней, лазіць у падвал па бульбу. Спачатку мы думалі: саромеецца. Ведама, маладая, прыйшла ў чужы дом. Няхай прывыкае. Цяпер, здаецца, і не хоча гэтай работы, не разумее: Вольга Піліпаўна таксама ж настаўніца і ёй трэба не толькі ля дому гаспадарыць, але і трэба час планы напісаць, сшыткі праверыць, кнігу якую прачытаць... Ды і шмат, мабыць, значыць і тое, што другія нявесткі пажывуць, прывыкнуць ды і пачынаюць пакрысе свёкра і свякроў называць татам і мамай... Мая Сцяпанаўна ж толькі так да нас: Іван Сямёнавіч, Вольга Піліпаўна. І ў школе, і дома. Вось і цяпер нявестка і сын замкнуліся ў сваім пакойчыку, чакаюць вячэры, якую гатуе Вольга Піліпаўна... Паядуць, прыбяруцца і шмыгнуць у вёску, да Ліліі Іосіфаўны ці да Таццяны Сяргееўны, будуць там весяліцца, гуляць да апоўначы...