Выбрать главу

Я маўчу, чакаю, што ўсё іначай, як трэба наладзіцца, а вось Вольга Піліпаўна злуецца: як ніколі дагэтуль, моцна ляскае на кухні пасудаю... Відаць, трэба неяк з імі далікатна пагаварыць. Можа, і не з Маяй Сцяпанаўнай, а з сынам. Ён усё ж сын, лепш зразумее. І лепш здолее пагаварыць з жонкаю. Няхай усё ж не адчуваюць сябе тут кватарантамі...»

Прыслухаўся: здаецца, загаманіла жонка.

— Вот выгарыць зараз, а ні паленца ў хаце няма...— напраўду гаварыла яна.

Ён зноў прыслухаўся — павінен выйсці са свайго пакойчыка сын і прынесці дроў. Але дзверы пакойчыка не адчыняліся.

Тады Іван Сямёнавіч падняўся сам. Абуў валёнкі, накінуў на плечы фуфайку і падаўся на двор — да дрывотні.

Прынёс цэлы абярэмак сухіх дроў (каб хапіла і назаўтра), апусціў яго каля печы. Потым узяў паленцы тры, кінуў — адно за адным — на жар. Паленцы адразу абхапіліся агнём.

Пасвятлела на кухні. Жонка моўчкі сядзела на невялікім столачку і абірала бульбу.

Ён строс у вілачнік з грудзей кару і трухолле, зняў і павесіў тут, на кухні, на цвічку для гаспадарскай работы фуфайку, узяў кубак, адпіхнуў ім у вядры драбочкі лёду і зачэрпаў празрыстай вады. Выпіў яе, адчуўшы, як зашчымелі зубы. Пасля прысеў на столаку, зірнуў на жонку і ўбачыў, што тая хутка і неяк нервова зразае лупіну, выкалупвае дзюбкай нажа гнілінкі, варушыць танкаватымі вуснамі. Ён ужо ведаў: яна хоча нешта сказаць, і сказаць балючае для сябе.

«Пастарэла зусім... — падумаў ён.— Маршчын столькі, акуляры во на нос пачапіла, каб бачыць, як абіраць... Галава кожнага дня баліць... Трэба неяк лячыць, бо сама яна мала думае пра сябе: то школьная праца, то дамашняя, то дзеці...»

— Мне ж гэтаксама яшчэ трэба сшыткі праверыць, планы напісаць, каб заўтра са спакойнаю душою ісці ў школу...— не ўздымаючы галавы і не пазіраючы на яго, сказала яна.— А я буду яшчэ вунь колькі таптацца ля печы, пасля прыбіраць... Вось палягчала мне: раней траіх глядзела, цяпер чатырох...

Жонка гаварыла голасна, і яму стала непрыемна, што гэта чуюць і яны, маладыя, што ад гэтай гамонкі з'явяцца непрыемныя думкі, няшчырасць, недагаворанасць.

— Не трэба, Вольга,— папрасіў ціха ён, падняўся і ўключыў святло.— Маладыя, яшчэ не ўсё разумеюць... Во як потым народзіцца дзіця, дык і адчуюць большымі сем'янінамі... Цяпер жа адны гулянкі ды ўцехі ў галаве...

— Я не ведаю...— гневалася жонка, так кідала ачышчаную бульбу ў вядро, што з яго ляцелі пырскі.— Але бачу: пакуль што ніякага сумлення і спачування... Як яны не нашы дзеці, а кватаруюць тут. Але кватаранты хоць грошы плацяць...

— Цішэй ты, калі ласка,— шэптам папрасіў ён.— Усяк бывае напачатку. І нелады таксама. Помніш: ты прыйшла да нас нявесткаю, дык таксама нешта не паладзіла са свекрывёю?..

— Але я не ляжала ды не чакала толькі гатовенькага,— тут жа адказала Вольга Піліпаўна,— а сама шукала працы. То тое зраблю, то тое... А не паладзілі са свекрывёю па-другому: яна мела мяне за работніцу, але не мела мяне за паўнапраўную гаспадыню. Сама вызначала, колькі мне сала, малака спажыць. Усё гэта трымала ў кладоўцы, а ключ ад кладоўкі быў толькі ў яе. А я не замыкаю нічога — што ні ёсць, то ўсё ваша... Але ж трэба і мяне паважаць, хоць калі і мне памагчы...

«Ну, некалі жылі бедна, дык калаціліся над кожнаю капейкаю, над жменькаю солі, кавалачкам сала,— падумаў Іван Сямёнавіч.— Папікалі адно аднаго, не дапускалі да кладоўкі... А цяпер... Цяпер усяго хапае... Але чаму ёсць нейкія непаразуменні? Ці маладым хочацца жыць самім па сабе, чуцца самастойнымі гаспадарамі? Але ж ім адным будзе вельмі цяжка... Ды які з Васіля гаспадар? Ён жа ні касіць, ні араць, ні цвіка ў сцяну забіць не ўмее... Ды і мы на што ўсё гэта багацце збіралі? Каму? Сабе? Не...»

— Выходзьце! — раптоўна паднялася, падышла да дзвярэй бакоўкі Вольга Піліпаўна і пастукала па ёй кулачком.— Памагайце гатаваць вячэру...

— Вольга! — з папрокам сказаў ён, вызірнуў з кухні.