— Што — Вольга! — гнеўна ўжо на яго зірнула жонка.— І яны не святым духам жывуць, то хай памагаюць, нечага сядзець на маёй шыі... Або так рошым: я сабе буду гатаваць, а яны — сабе...
— Трэба табе гэтыя раздзелы!
— Ну і мне рукі баляць... І ты некалі на сходы то яшчэ куды бегаў, а я адна дзяцей на ногі падымала ды ўсё глядзела...— апошняе прамовіла гэтаксама гнеўна, але ўжо са стомаю, пабялела ў твары, спынілася, як у яе перахапіла дыханне, узялася рукою за сэрца.— А падзяка мне адна... Яшчэ і смяюцца, што я такая, надта гаспадарлівая, з рукамі парэпанымі, нямодная...
Ён хуценька зачэрпнуў і падаў ёй кубак вады, але яна не ўзяла, адпіхнула яго руку і, абапіраючыся аб перагародку, паволі падалася ў лепшую палавіну.
Іван Сямёнавіч узяў на кухні лыжку і з кубкам вады гэтаксама падаўся туды, дастаў з шафы бутэлечку з валяр'янкаю, адкаркаваў яе зубамі, ад чаго вусны яго запяклі, дрыготкаю рукою хацеў капнуць у лыжку некалькі кропель, але не мог. Тады крышачку лінуў, лінуў і вады, паднёс жонцы. На гэты раз яна ахвотна ўзяла, выпіла, выцерла рукавом рудаваты струмянёк, што пацёк па барадзе. Наліў у лыжку валяр'янкі і вады і сабе, выпіў, адчуў, як пайшоў па роце халадок, як памацнелі аслабелыя рукі і ногі.
Сеў паблізу на крэсле, пазіраючы на жонку: яна, супакойваючыся і, можа, ужо дакараючы сябе, апусціла галаву, закрыла твар рукою.
— Глядзі ты сваё сэрца! — дакорліва сказаў ён.— Так жа можа і інфаркт быць...
Жонка маўчала, толькі на яе шчоках паказвалася нездаровая, нервовая чырвань, а на шыі часта-часта пульсавала невялікая жылка і ўздрыгвала другая рука, што ляжала на канапе.
З бакоўкі выйшаў сын — высокі, у спартыўным трыко, з кнігаю ў руках, зірнуў сюды, бачыў толькі яго, бацьку, але не падыходзіў. Зайшоў пасля на кухню, пастаяў там, але ні за што не зачапіўся, вярнуўся зноў у свой пакойчык. Тады з яго выйшла поўненькая (была ўжо каторы месяц цяжарная) Мая Сцяпанаўна, сюды не зірнула, падалася на кухню.
Іван Сямёнавіч, успомніўшы, што яму пара ўжо ісці ў Вішнёўку на партком, устаў і ступіў ісці на кухню, адчуваючы, як яго водзіць у бакі. Яму аж стала страшна, што апошнімі месяцамі стамляецца ўсё больш і больш, слабее. Куды толькі і дзеліся яго вялікая дужасць ды такое моцнае здароўе, калі мог узяць пад пахі два мяхі бульбы і лёгка ісці з імі...
Зайшоў на кухню і ўбачыў, што Мая Сцяпанаўна схіліла галаву, мыляе вуснамі, як усхліпвае, і абірае бульбу. І як убачыў, што на яе рукі капнула слязіна, то пашкадаваў нявестку, адразу адмовіўся ад той гутаркі, якую толькі што думаў распачаць. Сеў на высокі столак, пацёр даланёю жорсткія шчокі і, ведаючы, што трэба разганяць гэтую прыкрую маўчанку, сказаў:
— Усякае бывае ў жыцці... Але паразумеемся неяк: колькі нас, той сям'і, колькі той гаспадаркі...
Мая Сцяпанаўна маўчала, слязінак на руцэ не выцірала: не хацела, мусіць, каб і ён бачыў гэта, не здагадваючыся, што ад яго, старога, нічога не ўхаваеш.
— Дзе вы, маладыя, дзе мы, ды і зробім усё,— прамовіў ён.— Мы з маці раніцай, вы ў полудзень, усе разам вечарам...
Нявестка ўсё маўчала, папаласкала бульбу, яшчэ раз змяніла ваду, накідала бульбы ў чыгунок, наліла ў яго вады. І як яна нагіналася, а пасля падымала чыгунок на прыпек, моршчылася. То ён нечакана адчуў, што ёй не так ужо і лёгка рабіць: праз пару месяцаў ужо ісці ў дэкрэт.
— Васільцам такая выгода, можа, нават і не спіцца: пабралі чамаданчыкі ды пайшлі на кватэру...— зайшла ў кухню і прамовіла жонка з нервова пачырванелымі шчокамі і сіняватымі вуснамі, з гневам у вачах.— А гэта ніякай падзякі... Пасміхалася, падлагоджвалася, пакуль замуж узяў, а цяпер паказала зубкі...
Мая Сцяпанаўна, якая падымала ўжо і прымяркоўвалася пакласці ў печ палена, кінула яго на прыпек, плаксіва зірнула, пасля рашуча падалася ў сваю бакоўку. І, пакуль ён думаў, што цяпер сказаць жонцы, Мая Сцяпанаўна — у ботах на босую нагу, зашпільваючы паліто,— падалася з хаты.
— Ты куды? — замітусіўся Іван Сямёнавіч, хацеў затрымаць нявестку, але яна паспела адчыніць дзверы і, напусціўшы белай пары і не зачыніўшы за сабою дзвярэй, пабегла на двор.
— Ёй жа, Вольга, цяжка цяпер, хіба сама не бачыш?..— дакорліва сказаў ён, зачыніўшы дзверы і вяртаючыся на кухню.— Ды прывыкае толькі...
Жонка маўчала, накладала ў печ дровы, і відаць было, як дрыжалі ў яе рукі. Што яна цяпер думала, цяжка было здагадацца.
— Ну, мне пара ісці,— прамовіў ён, яшчэ нядаўна збіраючыся крыху перакусіць, а пасля ўжо ісці ў Вішнёўку, а цяпер адмаўляючыся ў думках ад вячэры: не да яе было.
Падаўся ў лепшы пакой, надзеў свой выхадны касцюм, сінюю кашулю, гальштука не павязаў, паклаў яго на стол, у зальцы абуў чаравікі і надзеў паліто.