Выбрать главу

Мая Сцяпанаўна ўздыхнула.

«Не такім я ўяўляла сямейнае жыццё...— падумала,— Разважала: будуць адны радасці, уцехі, усё будзе нечым вельмі светлым і ўзнёслым... Аж яно і іначай ёсць... Вось сутычкі са свякроўю, пакуты, што прыносіць дзіця... А, відаць, наперадзе яшчэ ўсяго нечаканага будзе больш?.. І што мне рабіць? Вось так кожны раз уцякаць? Ці трэба неяк прывыкаць, уцягвацца да ўсяго? Але ж столькі будзе ўсякіх клопатаў!»

— Здаецца, супакоілася крыху? — усміхнулася Лілія Іосіфаўна.

— Ды, відаць, няма такой трагедыі, якой яшчэ нядаўна я ўсё лічыла...— упершыню ўсміхнулася і Мая Сцяпанаўна. З сорамам. За свае гэтыя ўцёкі.— А ты ўсё чытаеш, вяжаш?

— Чытаю, вяжу,— усміхнулася Лілія Іосіфаўна, пачырванела, канечне, зноў і зноў саромеючыся за сябе і свой такі лёс.— Сабе ўсяго павязала, нават твайму будучаму нашчадку тое-сёе звязала... Падыдзе і хлопчыку, і дзяўчынцы... Безрукавачкі...— і яшчэ больш пачырванела, як гаварыла пра нешта такое, на што сама не мае ніякага права.

Мая Сцяпанаўна першы раз за гэты вечар усміхнулася — сарамліва і задаволена,— нічога не прамовіла, прыхіліла галаву да грудзей добрай сваёй сяброўкі, і тая гэтаксама моўчкі пагладзіла яе па валасах.

— Будзем жыць, Маечка! — прашаптала Лілія Іосіфаўна і прымоўкла: пачуліся крокі ў сенцах, а пасля рыпнулі дзверы ў хату.

Яны абедзве зірнулі на пакой, паглядзелі, хто прыйшоў. Гэта быў Васіль Рагатка — муж Маі Сцяпанаўны.

4...

Уладзімір Пятровіч вяртаўся дамоў вясёлы, узбураны, радаваўся свайму жыццю і сваёй сённяшняй удачы, як, можа, яшчэ ніколі не цешыўся дасюль.

Сядзеў у аўтобусе, трымаючы на каленях сумку з харчамі, слухаў людскую гаману і амаль нічога не чуў, не разумеў, пазіраў у запацелую шыбіну — у сакавіцкую цемнату — і пасміхаўся сам сабе. Сябе ён бачыў у акенцы — паўнашчокага, з залатым зубам наперадзе, у пыжыкавай шапцы, у дарагім паліто з шыкоўным бабровым каўняром, амаль наверсе якога быў прыгонны шалік. Пазіраў на адбітак свайго твару, падміргваў і пасміхаўся.

Сёння ён цэлы дзень вандраваў па раённым горадзе. Ездзіў із раніцы ў педкабінет, дзе была нарада настаўнікаў матэматыкі. На нарадзе ён амаль не сядзеў — як толькі зайшоў, адзначыўся, наўмысна падышоў да школьных інспектараў, прывітаўся з імі — паказаўся на вочы, пабыў да першага перапынку, а тады ціхенька ўцёк, падаўся хадзіць па горадзе па сваіх патрэбах.

Яму не так хацелася набадзяцца па магазінах, паглядзець, што дзе ёсць ці што-небудзь купіць: займацца гэтым вельмі любіць жонка, якая добра ведае, што ім трэба, дзе што ёсць, як яго дастаць. Ён думаў яшчэ раз пахадзіць па гарадскіх і раённых установах і пашукаць там сабе работы, бо даўно ўжо не любіў вёскі, не хацеў працаваць у ёй, надта прагнуў трапіць у горад. Зайшоў у ДТСААФ, міліцыю, у спартыўныя і прафсаюзныя камітэты, у таварыства па ахове прыроды, па некаторыя заводы, апытваў працу з любым акладам (каб толькі зачапіцца за горад), але ўсюды ён —сямейны, з незакончанай вышэйшай адукацыяй — мала падыходзіў.

Бачачы, што самому, можа, так і не ўдасца ўціснуцца ў горад, ён, каторы ўжо раз, пайшоў да свайго далёкага сваяка Антона Сцяпанавіча — дырэктара аднаго з самых вядомых у горадзе заводаў.

Той, чалавек ужо сталы, строгі, сустрэў яго, здаецца, не вельмі ветліва: не любіў «цягнуць за вушы» ў горад сваякоў.

Але ён, Сліж, сёння пачаў не з просьбаў, а паскардзіўся, што няма яму жыцця ў Міланьках: дырэктар школы гняўлівы, помслівы, абы за што прыдзіраецца і зневажае, зусім маркотна сказаў яшчэ, што жывуць у вельмі цеснай каморцы і няма ніякай падзеі на лепшае жыллё: саўгас хутка не думае будаваць жылых дамоў, а іх самім няма за што купіць хаты ці паставіць новую (пра тое, што ў яго ўжо ёсць палова грошай на «Жыгулі», ён і не заікнуўся), панаракаў, што ў вёсцы цяжка жыць на зарплату: няма сваёй гаспадаркі, і ў магазіне чаго свежага няма, трэба ездзіць па харчы ў горад.

Антон Сцяпанавіч, цмокаючы языком, падпёршы рукамі бараду, апусціў галаву і слухаў, пазіраў на прылады, што стаялі на яго рабочым стале, моршчыўся: відаць, спачуваў яму і думаў, што трэба нарэшце памагчы. Адчуваючы гэта, Сліж яшчэ больш змрочна пачаў расказваць пра сваё міланьскае яеыццё, пра свой талент, які там прападае, а пасля — думаючы, што горш не будзе,— адкрыта папрасіў памагчы «выратаваць сям'ю».

Той, чамусьці стараючыся не пазіраць на яго (а на свае белаватыя рукі ці ў акно), сказаў, што пастараецца ўзяць на працу на завод у аддзел кадраў, а ў новым Доме, што пачалі ўжо будаваць, даць са свайго фонду і кватэру. Так і сказаў, каб праз тыдні два прыходзіў з усімі паперамі.