Выбрать главу

Вось тады ён і адчуў радасць, гатоў быў, здаецца, цалаваць Антону Сцяпанавічу рукі, але пастараўся ветліва і з павагаю падзякаваць, стрымана паказваючы сваю радасць, каб не сапсаваць справы.

Пасля ён тут жа накіраваўся ў райана і напісаў на імя загадчыка заяву, каб яго звольнілі «ў сувязі з тым, што ён мяняе месца жыхарства».

— Так...— цмокаў языком Давід Мойшавіч, разглядаючы заяву і чухаючы ўжо крышку сіваватую скронь.— Што ж вы надумаліся ў такі гарачы для школы час звальняцца? Дзе ж я цяпер вазьму матэматыка?..

Уладзімір Пятровіч ведаў, што з загадчыкам трэба паводзіць сябе вельмі абдумана: скажаш адно не тое слова — і той, вельмі кемлівы, усё зразумее, не падпіша заяву.

— Я і сам шкадую дзяцей, што ў іх, можа, ужо і да канца навучальнага года не будзе выкладацца матэматыка...— панура прамовіў ён.— Але што зробіш, калі трэба думаць, як і жыць... Купілі вось у горадзе хату, пераязджаем... Не жыць жа век на прыватных кватэрах ці ў маленькіх пакойчыках...— і ён і загадчыку расказаў, як нялёгка ў вёсцы знайсці жыллё.

— Праз гадоў пяць-шэсць будзе ў вас дзесяцігодка, то будзе і жыллё,— сказаў загадчык і ўвесь час пільна з-над акуляраў пазіраў на яго, як разгадваў, ці праўду ён гаворыць.

— Прабачце, канечне, за лішнія клопаты...— схітрыў Сліж.— Мне і самому нялёгка выязджаць з Міланек, развітвацца з дзецьмі, да якіх прывык... Цяжка працаваць, але ўсё ж столькі ўжо год там, столькі пакладзена працы... Ды і калектыў добры сёлета падабраўся, стараюцца ўсе, Іван Сямёнавіч ды Міхась Рыгоравіч ажывіліся... Усе стараюцца...

— Не паўтараецца тое ў Вертуна? — неяк весялей спытаў Д авід Мойшавіч.

— Ды не чуваць,— прыманіў Сліж: і сам разы два ўжо выпіваў з Міхасём Рыгоравічам, прытым адзін раз наўмысна заклікаў таго да сябе дамоў, каб загладзіць няёмкасць, што ўзнікла пасля таго прафсаюзнага сходу: Вяртун як-ніяк гэтаксама быў начальства, а з начальствам, думаў ён, трэба заўсёды ладзіць, паважаць ці не паваяваць, але ладзіць абавязкова.

— Ну, а Алесь Трахімавіч як? — спытаў загадчык.

— Усё яшчэ ў бальніцы,— адказаў ён, пазіраючы на заяву, якая ляжала на стале, пазіраючы на загадчыкаву руку, якая трымала ручку з ужо знятым наканечнікам.

— Вось па чыіх слядах трэ было ісці: нічога чалавек не баяўся, усё аддаў школе...— сказаў дакорліва Давід Мойшавіч.— І ў нас у раёне многа такіх настаўнікаў. Падпішу...— ён кіўнуў на яго заяву, палажыў яе ў свой стол.— Прыходзьце праз два тыдні. А за гэты час падумаем з Іванам Сямёнавічам, што рабіць: ці вам яшчэ настаўніка знайсці, ці там на месцы самі нешта зробіце, нагрузку раскінеце...

— Дзякую,— сказаў Сліж, развітаўся і выйшаў з кабінета.

У цемнаватым калідоры заплюшчыў адно вока, пасля другое, міргаў сабе, усміхаўся задаволена і шчасліва, думаў: «І ты жывы будзеш, і школа не прападзе... А я ў горад пераеду, буду жыць як чалавек... Ніхто пра цябе не падумае, ніхто не паможа, калі сам пра сябе не падумаеш... Таму і не варта пра некага думаць, як і пра тое, што гэта некаму паддасць цяжкасцей...»

Калі на выхадзе з будынка ўбачыў мужчыну, то перастаў усміхацца, зрабіў заклапочаны, сур'ёзны твар і спакойна, паважна падаўся на двор.

Ідучы да аўтастанцыі, зазірнуў у кнігарню і купіў два томікі, у прыгожых чорна-шараватых вокладках, невядомага яму пісьменніка, у блізкім харчовым магазіне ўзяў каўбасы, яшчэ таго-сяго з ежы і пляшку віна.

...Вось цяпер ён вяртаўся дахаты радасны і вясёлы, лічачы сённяшні дзень самым удалым у сваім жыцці, а сябе вельмі разумным, удачлівым.

Уладзімір Пятровіч падняўся на другі паверх і ціха пастукаў у абабітыя чорным дэрмацінам замкнёныя дзверы. Не чуючы крокаў, падзёўбаў яшчэ гучней, гадаючы: жонка заснула моцна і не чуе ці наўмысна не адчыняе.

— Хто там? — нарэшце пачуліся яе босыя крокі, а следам за імі пстрыкнуў выключальнік і пачуўся жончын голас.

— Я,— спакойна адказаў ён, стараючыся зрабіць на твары выгляд, што ён вельмі спяшаўся дахаты, стаміўся.

— Ідзі туды начаваць, дзе дагэтуль быў...— злосна сказала Ніна.

— Адчыняй! — незадаволена сказаў ён.— Вечна ты са сваімі выдумкамі !

Яна шчоўкнула замком, адчыніла дзверы. Стаяла ў доўгай начной белай кашулі, сонная, з распушчанымі валасамі, ад таго была зусім нясвежая, непрывабная. Яна пільна пазірала на яго, глядзела, які ён прыйшоў, пасля ўжо, бачачы, што не п'яны, саступіла і ўпусціла ў калідорчык, дзе стаяла гарачыня ад добра напаленай пліты, пахла нядаўна смажаным салам і прыгарэлым малаком.