Выбрать главу

— Затрымаўся во...— спакойна, скідаючы паліто, прамовіў ён, ведаючы, што вось-вось жонка спытае, чаму ён так позна прыйшоў.— Быў у Антона Сцяпанавіча, і ён на-рэшце паабяцаў выцягнуць нас адгэтуль, узяць на работу, а праз які год даць і кватэру...

Жонка слухала, пільна пазірала яму ў вочы, усё крыху бянтэжачы яго.

— Выпіў...— дакорліва папракнула яго.

— Замачылі...— сказаў ён.— Гэта ж такая радасць...

— Духамі пахнеш...— прыплюшчыўшы вочы, сказала яна, чамусьці не ўзрадаваўшыся таму, што ён толькі што сказаў.

— Сядзеў на нарадзе цэлы дзень з імі, дык прапах...— незадаволена адказаў ён.— А старая качарга гэтая не надта хацела спачатку памагаць, дык я ледзь не ў слёзы... Толькі так расчуліў старога балвана... А пасля і загадчыка райана вакол пальца абвёў, згадзіўся звольніць, так што скора рукою махнём на гэтыя «мілыя» Міланькі... Людзьмі будзем...— ён прытуліў жонку і пацалаваў яе ў шчаку.

— Ну, ты, далібог, пахнеш бабаю...— ужо лагодна прамовіла жонка, стараючыся агледзець яго твар.

— Бабаю, бабаю! — перадражніў ён яе, намагаючыся не пачырванець.— Ну, распуснік я, толькі выйду з хаты і стараюся здрадзіць табе, з першай сустрэчнай... І ўсе нашы настаўніцы мае палюбоўніцы...

— Ну, ладна,— міралюбна сказала Ніна.— Ведаю цябе, дык і падазраю... Дык ён паможа нам пераехаць? — як толькі цяпер яна зразумела тое, што ён нядаўна сказаў, абрадавалася, аж разгубілася ад гэтай радасці.— Ну, хадзем дам табе вячэраць...

— Лянуюся сёння і есці, стаміўся...— сказаў ён і, каб адаслаць ад сябе жонку, раздзецца і выключыць святло, падаў ёй купленыя сёння кнігі.— На, пастаў на паліцу.

Ніна зірнула на іх, нічога не прамовіла, адышлася, адсунула шкло ў секцыі і паставіла туды двухтомнік. І зноў вярнулася сюды.

— Але і наадэкалоньваюцца вашы настаўніцы! — здзівілася яна, скрыжоўваючы рукі на грудзях, пазіраючы, як ён нагнуўся і доўга развязвае шнуркі на чаравіках.

— Інтэлігенцыя! — адказаў ён, ведаючы, каго жонка называе інтэлігенцыяй.— Ды, у раён едучы, і марафоняцца... Ты ж таксама, як едзеш на базу, гадзіны дзве ля люстэрка стаіш, паўбутэлечкі духоў на сябе ўзальеш і ўсіх там учадзіш...

— Навыстранчалася я надта! — буркнула Ніна.— Ды болей селядцамі прапахла, як духамі...— і прытулілася да яго, радая, што ён так сёння стараўся дзеля сям'і.

— Стаміўся я вельмі сёння, набегаўся...— сказаў ён.

5...

Павел, як і часта пазалетась, да службы ў арміі, і сёлета надоўга затрымліваўся ў школе пасля ўрокаў.

Вось ён і сёння застаўся са школьнымі паэтамі, празаікамі ды мастакамі — літгурткоўцамі — выпускаць газету.

Гурткоўцы збіраліся адзін раз на тыдзень — у кожную пятніцу. У адну пятніцу Павел, як умеў і разумеў сам, вучыў пісаць вершы ды замалёўкі, выбіраў лепшае, а ў другую пятніцу з гэтага лепшага і выпускалі газету, якую вельмі ахвотна чытала ўся школа. Акрамя перадавіц, якія пісаў сам Павел, літаратурных твораў і малюнкаў у кожным нумары былі яшчэ матэрыялы з будучага альбома пра школу — здымкі і расказы пра бацькоў і старэйшых братоў вучняў, былі рэбусы, красворды, гумар і сатыра, шаржы і пародыі, карыкатуры.

Павел да сённяшняй пятніцы сабраў ад дзяцей лепшыя вершы, замалёўкі, як здолеў, паправіў і вось сёння застаўся пасля ўрокаў са сваімі гурткоўцамі. Прадумалі, дзе і што як размясціць, а пасля дзеці самі пачалі перапісваць, маляваць, наклейваць матэрыялы на вялікі белы аркуш ватману (першыя разы газета выходзіла не зусім прыгожая, прыходзілася не раз бракаваць ужо гатовы нумар і перарабляць яго), а ён пазіраў, як што робіцца, далікатна падказваў, як што зладзіць лепш. Хоць ён і добра бачыў, што гэтая дзіцячая творчасць вельмі і вельмі слабенькая, просценькая, але яго ўсё роўна радавала, што дзеці не толькі рыфмуюць, але і любяць роднае слова, стараюцца для сваіх твораў знаходзіць самае свежае і зіхаткое...

Ларыса, каб пачакаць Паўла і разам з ім ісці дахаты, найбольш у кожную пятніцу сядзела ў школьнай бібліятэцы — мяняла дзецям кніжкі, брала прачытаныя і давала новыя. Але сёння яна не мяняла, нават не адчыняла бібліятэкі, а сядзела ў настаўніцкай. Была бледная на твары, як перапалоханая, маўкліва, стомлена сядзела на канапе і чакала яго.

Павел амаль увесь гэты час быў з дзецьмі ў класе, глядзеў, як яны робяць; калі бачыў, што ўсё ідзе ў іх добра, вяртаўся ў настаўніцкую. Вось зайшоў і цяпер.

— Ну, ты скора? — нібы незадаволена спытала Ларыса, трымала на каленях белыя рукі, на якіх, як і на твары, здаецца, не было і крывінкі.