Выбрать главу

— Пабягу і выклічу «хуткую дапамогу»...— з хваляваннем сказаў Павел і накіраваўся да свайго паліто.

— Не трэба гэтай «хуткай», Павел Мікалаевіч,— сказала яму цёця Галя, калі распытала ў Ларысы, дзе і што баліць, а тая больш кіўком галавы, а не словам, адказала,— Ідзіце на ўрок, я пасяджу з Ларысай Іванаўнай. Яна праз мінутачку стане на ногі...

Павел нерашуча прыпыніўся, але адчуў, што не можа ісці, пакідаць у такім стане Ларысу, не ўбачыўшы, што ёй стала лягчэй.

— Мае вы дзеці, жанатыя вы, але яшчэ нічога не ведаеце...— неяк сарамліва ўпершыню за апошнія часы ўсміхнулася цёця Галя.— Але ж вы свае, нікога няма тут чужога, то скажу... А гэта таму, што стала Ларыса Іванаўна пры надзеі, вось і... Ва ўсіх маладзіц так бывае...

Павел зразумеў усё адразу і чамусьці імгненна ўспыхнуў чырванню, засаромеўся, што цёця Галя, пазіраючы на яго, зноў усміхнулася, паківала галавою.

— Маладзенькія вы яшчэ зусім...— цёпла прамовіла яна.— Але нічога не бойцеся, прыйшла пара ўсяму гэтаму... Прыйшла пара і вам свет трымаць ды амаладзіць... Ідзіце, Паўлік, вучыце, Ларыска ваша крыху паляжыць і паднімецца.

...Ларыса, пакуль Павел пастаяў ля газеты і палюбаваўся разам з дзецьмі на яе, стаяла апранутая ўжо ў бела-сіняватае новае паліто з сіваватым пышным каўняром, на галаве была прыгожая, звязаная Ліліяй Іосіфаўнай сіняя шапачка, а на нагах цёплыя боты. На твары яе, здаецца, не было ужо ранейшай белізны, але і ружовыя плямінкі, што былі на шчоках, выглядалі непрывычнымі, не зусім здаровымі. Больш нікога з настаўнікаў ужо тут не было.

— Ну, як ты? — спытаў ён, бачачы, што яна пастаяла крыху, а пасля зноў прысела, і проста на яго вачах да яе твару хлынула чырвань, паказаўся на пераноссі пот.

Усё яшчэ сіняватыя, нейкія бяскроўныя яе вусны сасмяглі, як зліпліся ўсё роўна, што, здаецца, яна не магла нічога адказаць, толькі прыплюшчыла вочы: маўляў, усё добра.

Ён не толькі здзівіўся, што тое можа так аслабіць здаровага чалавека, але і адчуў да Ларысы зусім новае, сямейнае, вельмі блізкае, кроўнае пачуццё, адчуў, што яны цяпер яшчэ цясней звязаны нейкаю адною нітачкаю.

— Ну, насядзі крыху,— клапатліва сказаў ён і сам прысеў на крэсле.

Ларыса замахала рукою, каб ён не садзіўся, а апранаўся, каб хутчэй выйсці на двор. Ён паслухмяна падняўся, накінуў на шыю шалік, пасля апрануў чорнае зімовае паліто з каракулевым каўняром, паклаў у сваю вялікую сумку свае і Ларысіны сшыткі, падаў ёй яе пусты партфель, і яны выйшлі з настаўніцкай.

На дварэ было сонечна, аж рэзала вочы ад блакітнага неба і іскрыстага снегу. Здаецца, ледзь чуйна пахла ўжо вясною — цяплом, адталым у зацішку снегам, дрэвам ды травою.

Ларыса ўзяла яго пад руку, і яны паціху выйшлі са школьнага двара, узбоч агароджы падаліся ў свой канец Міланек. Відаць, і яна цяпер думала тое, што думаў і ён, захвалявалася, а можа, нават і прыпалохалася, бо неяк во ўся не толькі аслабела целам, але апала і духам. Хоць яны дасюль часта гаварылі пра гэта, і спачатку ў іх не было згоды: Ларыса хацела першай мець дзяўчынку, а ён, каб паказаць усім сваю мужчынскую годнасць,— хлопчыка. Пазней яна саступіла яму, згадзілася ў думках, што ў іх першым павінен быць сын. І сёння вось нечакана стала відаць, што гэта справа не будучага, ды яшчэ далёкага, а ўжо зусім блізкая, што яны ўжо не толькі маладажоны, але — лічы — і бацькі...

— Не ідзі так хутка,— папрасіла Ларыса.

Ён сцішыў хаду, адчуваючы, што цяпер будзе рабіць усё, што яна будзе хацець. Хацеў неяк загаварыць пра гэта, што ні на хвіліну не выходзіла з галавы, і радавала, і палохала заадно сваёй таямнічасцю, але не ведаў, як пачаць. Маўчала і Ларыса, канечне, адчуваючы яго цяперашні клопат за яе здароўе, адчуваючы, як ён змяніўся, а можа, нават і раптоўна пасталеў.

У Анціным двары, прымяўшы снег, абцерушыўшы яго карою і пілавіннем, ляжалі дзвюма кучамі бярозавыя дровы. Іх Павел выпісаў на тым тыдні ў лясніцтве, аплаціў, а днямі папрасіў міланьскага трактарыста і прывёз сюды з лесу, згрузіў, пазаўчора і ўчора рэзаў іх з Ларысаю. Прыйдуць са школы — і за пілу.

— Парэжам за дзень-два,— сказала слабым голасам Ларыса, як угадала, пра што ён цяпер думаў.

— Папрашу каго — і парэнчам...— адказаў ён, думаючы, што болей не дазволіць ёй цяжка працаваць.

— А я што? — квола ўсміхнулася яна, неяк сарамліва зірнуўшы на яго.— Зусім няздатная ўжо?..

— Ты будзеш кіраваць...— усміхнуўся ён, стараючыся нічым не не пакрыўдзіць: яна і так была крыху самалюбная, а цяпер, як і ўсе жанчыны ў яе стане, можа стаць яшчэ болей крыўдлівай.

— Цяпер не я, а нешта будзе мною кіраваць...— уздыхнула яна, і ён пагадаў: рада яна гэтаму ці не зусім рада, перажывае, што яно так хутка стала, а можа, нават і неспадзявана.