Выбрать главу

— Ну, як лепш жыць, моладзь: сямейнымі ці халасцякамі? — Іван Сямёнавіч павярнуўся да Васільцоў, усміхнуўся.

Яны абое з сорамам усміхнуліся і нічога не адказалі.

— Нe ўведалі яшчэ? Нічога, уведаеце. На гэта ваша пара...— сказаў са спачуваннем.— Канечне, вам з усіх нашых маладых сямейных пар цяжэй, бо вы ідзіце ў жыццё толькі самі, без нічыёй дапамогі, пачынаеце не на гатовым, як вось мае маладыя, а на пустым, лічы, месцы. але гэта і лепш. Раней пройдзеце жыццёвую загартоўку. Пасталееце і памудрэеце. Пройдзеце, так сказаць, выпрабаванне цяжкасцямі, чаго якраз цяпер не хапае каторым нашым маладым... Добрая цяпер у вас пара. Цудоўная, непаўторная пара! І пастарайцеся пражыць яе мудра... Хоць,— усміхнуўся,— якая мудрасць у маладосці! Памудрэеце, калі пастарэеце. Як я во цяпер...

Яны ўжо не з усмешкай, а неяк са здзіўленнем зірнулі на яго, і ён здагадаўся, пра што яны цяпер думаюць. Яны, відаць, лічаць па-маладому, што адны толькі яны кахаюць, ведаюць, што такое каханне, шчасце, страсці, а нехта другі (тым болей ён, стары) гэтага не ведае.

— Так, так,— паківаў ён галавою, думаючы: «Дзеткі вы, я больш забыўся, як вы ведаеце...» — Не ўбачыў я, калі прыйшла мая старасць, усё думаў, што я яшчэ малады, яшчэ ўбачу тое шчаслівае, пра што век марыў... Вам, можа, гэта дзіўна ўсё слухаць ды незразумела, але...

Але ён рашыў не гаварыць усяго: ці варта бурчаць ды маркоціцца па-старому, калі ў іх не гэта, а зусім іншае — сваё, маладое, радаснае і шчаслівае — у галаве... Ды і нельга без пары многага зразумець, пакуль многага не пабачыш, не перажывеш...

Ён, адчуваючы, як настыла паліто, прабіраецца мароз да спіны, шчыпле за рукі і шчокі, паглядзеў на краёк поля, па якім бегла і распаўзалася замець, ківаліся перамёрзлыя верхавінкі сухадзяроўкі і асоту, сыпалі долу труху, якую вецер гэтаксама гнаў па полі.

У лесе — спачатку ў маладняку, а пасля ў патаўсцелым і ўкаранелым — стала цішэй, а ў старым сасновым бары зусім зрабілася ціха, і ў гэтай звонкай цішыні было чуваць, як шуміць у высокім голлі і верхавінах вецер, гудзе, коціцца валам. Лёгкі, хуткі, без снегу.

Снег быў на зямлі, на невысокіх елках і ядлоўцы, ляжаў пластом; на суках і тонкіх ствалах асін, вольхаў, абгрызеных зайцамі, прыкарэў — і нават, калі паблізу з лапкі, спалохаўшыся іх, зляцела сініца, драпнула нагамі, то ён увесь не зваліўся долу, толькі пасыпалася ўніз верхняя мяккая крупа.

Адчуваючы спакой і велічную цішыню ў старым сасновым лесе, спакайнеў і ён, Іван Сямёнавіч, як ніколі, адчуваў, што ўсё гэта вечнае. Было да яго, ёсць і будзе, бо вечнае і жыццё, толькі новыя ў ім прадаўжальнікі...

...За лесам адразу ж паказаліся Галінавічы — вялікая вёска, у якой былі дзесяцігодка, пяць магазінаў, сталоўка, вялікі клуб, бальніца.

Добра ведаючы ўсе хады (некалі працаваў тут у школе), ён пераехаў шырокую вялікую вуліцу і падаўся вузенькай, абгароджанай платамі вулкаю да бальніцы, што была ў канцы вёскі, ля лесу. Як пад'ехаў да аднапавярховага драўлянага, але вялікага, літараю «П» будынка, прыпыніўся ля яго агародяш, прывязаў да плота лейцы, адпяў каня і падкінуў яму сена, накрыў яго спіну коўдраю.

Васільцы лёгка (не так, як ён, цяжка, з памлелымі нагамі) саскочылі з саней, здымалі з сябе саломінкі і сена.

Ён узяў сумку і, адчуваючы хваляванне, падаўся да высокага ганка, перад якім ляжала новая жоўтая падножка. У цёплым і крышку прапахлым лекамі калідоры ён адразу ўбачыў знаёмую сястру, якую некалі вучыў у тутэйшай школе, перакінуўся з ёю адным-двума словамі пра яе жыццё, спытаў пра здароўе Алеся Трахімавіча. Яна адказала неазначальна, і ён добра адчуў, што Зубку нялёгка. Ён адзін зайшоў у прыёмную, у якой сядзела маладая ўрач.