— Ведаеце,— сказала тая, прыемна пазіраючы на яго з-пад акуляраў у тоўстай аправе,— і добра, што вы прыехалі, і нядобра... Нядобра, што Алесь Трахімавіч растрывожыцца, добра, што ён будзе рад, што яго не забываюць... Яму вельмі трэба станоўчыя эмоцыі. Таму папрашу: гаварыце толькі пра прыемнае, жыццярадаснае...
— Разумеем,— сказаў ён, выйшаў з прыёмнай на калідор, дзе ўжо медсястра трымала для іх тры халаты.— Гаворым толькі пра жыццярадаснае...— зірнуў ён на Васільцоў, і тыя згодна кіўнулі галовамі.
Ён і радаваўся хуткай сустрэчы, сустрэчы з добрым чалавекам і сваім калегам, які, можа, менш быў прыкметны, але больш застаўся ў памяці былых вучняў, і хваляваўся, хваляваўся за тое, што было між імі непрыемнае. Непрыемнае па яго віне. Каб было ўсё добра, то, можа, і не трэ было б усяго таго варушыць, нават не паказваць, што ён пакутуе, хоча даравання, прызнае свае памылкі, але цяпер трэба пераадолець гонар, быць чалавекам, каб і самому лягчэй пражыць свае, яшчэ адпушчаныя яму гады...
Урач прывяла да старых, нядаўна пафарбаваных дзвярэй, адчыніла іх, сказала: «Алесь Трахімавіч, да вас госці»,— прапусціла і засталася на калідоры.
Яны ўвайшлі ў пакойчык, у якім стаялі тры аднолькавыя жалезныя, з белымі біламі, з аднолькавымі зялёнымі, увабранымі ў белыя нагорткі коцамі, ложкі; на адным з іх, злева ад сцяны, ляжаў Алесь Трахімавіч. На іншых двух ложках ляжалі незнаёмыя маладыя мужчыны.
Зірнуў Рагатка на свайго старога калегу і ледзь пазнаў яго: шырокі твар стаў белы, нават жаўтаваты, вочы ўпалі, і ў іх зусім не было ранейшага бляску — як усё роўна зацягнуў туман. Ссівелі да рэшты валасы, пажаўцела маршчыністая шыя, але шчокі і барада былі добра выгаленыя.
— Добры дзень, добры дзень, Алесь Трахімавіч! — неяк разгублена павіталіся Ларыса Іванаўна і Павел Мікалаевіч.
— Здароў, Трахімавіч! — услед за імі паўтарыў і ён.
Зубок, убачыўшы іх, усміхнуўся, крыху раскрыўшы сасмяглыя вусны і прыпадняўшы бровы,— і квола бліснуў у валах радасны бляск, падмаладзіў яго, ажывіў, яшчэ больш выклікаючы да яго пачуццё пяшчоты і жалю: відаць было, што чалавек хацеў жыць, любіў людзей, сваіх калег удвайне.
— Сядайце,— як прыліплым да паднябення языком прамовіў ён: гутарка яго была вельмі невыразная.
Васільцы селі на крэслах паблізу яго, а ён, Рагатка, прымасціўся на ложку ў нагах.
Алесь Трахімавіч дастаў з-пад коца руку — белую, з сінімі жыламі, з растапыранымі і нягнуткімі пальцамі,— зноў, здаецца, праз сілу ўсміхнуўся, дакрануўся да рук маладых, вельмі рады, што яны прыехалі.
Іван Сямёнавіч крышку раўніва паглядаў, што хворы так рады маладым, супакоіўся, калі той прыпадняў галаву і кіўнуў яму.
— Як вы пахнеце снегам, замеццю! — зноў не зусім разборліва прамовіў Алесь Трахімавіч з зайздрасцю.— І саломаю, сенам!..— ён плюскаў вачыма, здаецца, мог вось-вось заплакаць, але стрымаўся, спрабаваў усміхацца.
— Ну, як вы тут, Алесь Трахімавіч? — спытала Ларыса Іванаўна.
— Добра! — з усяе сілы храбрыўся той.— А вы, я чуў, пажаніліся. Віншую, мілыя мае! — ён працягнуў руку, неяк нязграбна ўзяў Ларысіну, паднёс яе да Паўлавай і разам патрос іх.— Усяго вам, усяго...
Ён, адчувалася, многа хацеў сказаць ды пажадаць, але не мог гаварыць, таму найболей стараўся выказаць усё жэстамі і ўсмешкай.
— Дзякуем,— амаль у адзін голас адказалі Васільцы.
— Ну, як васьмікласнікі паспяюць па рускай мове? — спытаў Алесь Трахімавіч у Паўла Мікалаевіча, і лоб яго ад патугі ўспацеў, пот выступіў кропелькамі на носе і на пераноссі.
— Ды няблага,— адказаў Васілец,— лепш за іншыя класы.
— Знаходзьце неяк на кожным уроку дзве-тры хвіліны і паўтарайце з імі правапіс, а то ўжо крыху і забылі некаторыя правілы...
Павел згодна паківаў галавою.
— Сёлета я нічога не зрабіў для іх...— самотна сказаў Алесь Трахімавіч,— ляжу ды ляжу тут...
— Ды ты не хвалюйся, Трахімавіч,— надаў голас і ён, Іван Сямёнавіч,— па рускай мове і Павел Мікалаевіч добра давядзе васьмікласнікаў да экзаменаў, выпусціць... А ты папраўляйся, хутчэй станавіся на ногі. Не думай...
— Хацеў бы не думаць, але...— Алесь Трахімавіч паківаў галавою, больш нічога не сказаў, але было вядома, чаго ён не дагаварыў: што ўсё яго свядомае жыццё прайшло ў школе, таму і нельга пра яе не думаць. Нельга не думаць пра сваю працу, боль, мару, радасць і свае трывогі ды спадзяванні...