Выбрать главу

Таццяна Сяргееўна нібы не ўбачыла і не пазнала Ліліі Іосіфаўны, павярнулася і хутка пайшла па вуліцы направа. Ішла гэтак хуткавата, пакуль не апынулася ля хаты, дзе раней кватараваў Васілец, а цяпер была тут маладою гаспадыняю Ірына Васільеўна.

Маладая гаспадыня якраз была на двары. У гумоўцах, у старой фуфайцы з крыху закасанымі і мокрымі рукавамі яна выходзіла з сянец і лёгка, амаль не нахіляючыся ў левы бок, несла ў правай руцэ старое вядро. Здаецца, за апошні месяц вельмі паправілася, пакруглела на твары ды пачырванела.

— Ого, вясну пачула!..— убачыўшы яе, Ірына Васільеўна прыпынілася і вось так пажартавала.

— А як яна,— адказала Таццяна Сяргееўна, падышла, цмокнула ў шчаку сяброўку.— Я ўсё новае мігам чую... Усе ж вы кажаце, што я вельмі паэтычная...

Пажартавала і з усмешкаю, і са здзіўленнем зірнула на мокрыя Ірыніны рукі, якія былі нядаўна ў малацэ і да якіх прыліплі звараныя крупы, паглядзела на сяброўчын твар, на лбе якога была відаць плямінка ад сажы.

— Якая ты сёння прыгожая! — з захапленнем прамовіла Ірына Васільеўна.

— А хіба я заўсёды не такая?

— Такая, але сёння інакшая.

— Вясна, мілая, вясна! — усміхнулася задаволеная Таццяна Сяргееўна.— А ты, мілая, прабач, канечне, але ты цяпер самая сапраўдная сяляначка. Словам, маладая гаспадыня. Надта і не скажаш, што настаўніца...

Ірына Васільеўна пачырванела, збянтэжылася.

— Хадзем, я пакажу табе мілае цялятка...— пасля раптоўна перамяніла гутарку.

Таццяна Сяргееўна, калі пачула гэта, зноў усміхнулася, але падалася следам па адталым двары да блізкага цёмнага хлява. Ішла і баялася пабрудзіць боты.

Калі Ірына Васільеўна адчыніла хлеў, дык з яго дыхнула непрывыклым і непрыемным для Таццяны Сяргееўны цяплом ды пахам. Яна зморшчылася, прыпынілася ля вушака і ўбачыла цесныя загарадкі, у якіх стаяла высока, аж пад столь, карова, былі свінні, а ў маленькім куточку справа ўверсе якога было седала для курэй, стаяла маленькае бела-чорнае цяля, якое затанцавала, калі ўбачыла Ірыну Васільеўну з вядром.

Тая перанесла праз загарадзь вядро, перагнулася, усадзіла ў пойла руку — цяля боўтнула мызу ў вядро, аж забяліла лоб, выхапіла, а пасля зноў, ужо асцярожней, апусціла галаву, злавіла, мусіць, Ірыніны пальцы, укленчыла на пярэднія ногі і пачало смактаць, таўчучы ў вядро і махаючы хвосцікам.

— Хадзі, зірні, якое міленькае! — паклікала яе Ірына Васільеўна.

— Я, Ірачка, каровы баюся...— усміхнулася Таццяна Сяргееўна і ў хлеў не пайшла.— Гаспадарнічай, я цябе ля ганка пачакаю...

Адышлася да плота, дзе быў бялейшы снег, доўга чысціла боты — тапталася ў снезе.

«Не, я ніколі не выйду за вясковага замуж,— падумала сама сабе,— за інтэлігента, які не мае гаспадаркі, яшчэ можна выйсці, а вось за такога Пецю — не...»

— Вылізала во вядро так, што аж блішчыць! — з задавальненнем сказала Ірына Васільеўна, вярнуўшыся з хлява.

— Як сказалі б крытыкі, спрадвечная радасць сялянкі...— пажартавала Таццяна Сяргееўна.— Ты, мусіць, ля дому лепш любіш рабіць, як у школе?..

— Люблю, бо прывыкла...— прызналася Ірына Васільеўна.— І да школьнай работы ўжо прывыкаю...

Пасля яна гэтаксама патапталася па свежым снезе, запрасіла заходзіць у хату. У сенцах Ірына Васільеўна разулася і ў тоўстых, відаць, звязаных гаспадыняю з воўны шкарпэтках падалася ў хату.

Ля стала на кухні сядзеў гаспадар і, пачапіўшы на нос акуляры, чытаў газету, ля печы стаяла і парадкавала гаршкі гаспадыня.

— Астатняе я ўжо сама, Ірачка, зраблю, а ты пасядзі з госцяю,— адказаўшы Таццяне Сяргееўне на прывітанне, ветліва прамовіла гаспадыня нявестцы.

— Памагу, мама, хутчэй будзе,— адказала Ірына Васільеўна, выліла з вялікага гаршка ў свіное вядро ваду, размяшала таўкачом.

Таццяна Сяргееўна вельмі здзівілася, пачуўшы гэтае «мама». Не ведала, ці змагла б яна так хутка назваць сваю свякруху мамаю.

— Памагае крыху нявестка? — спытала яна, калі скінула паліто і павесіла яго на вешалку, села ля стала на крэсле.— Не ляніцца?

— Падленьваецца парою...— пажартавала гаспадыня.— Але накрычу, памахаю таўкачом — дык нябось баіцца, стараецца... І ўсё ўмее: і печ паліць, і ўхаджацца...

— Дык не каецеся, што сын настаўніцу ўзяў? — усміхнулася Таццяна Сяргееўна,— Не наракаеце на яго!

Гаспадар на міг падняў галаву, усміхнуўся. Усміхалася і гаспадыня.

— Што ўжо зробіш...— зноў з жартам адказала яна.— Якая ўжо дасталася, такая і будзе. Хай ужо сын сам на сябе наракае, а чаго мы будзем наракаць!