Балелі ногі, балела галава: усе настаўнікі — а з імі Васілец і Ларыса — былі тут і ўночы. На хвілінку схадзілі дадому памыцца, крышку перакусіць і вось зноў вярнуліся — праводзіць калегу ў далёкую дарогу. На вечны спачын.
Васілец зірнуў лявей і правей труны: там стаялі Іван Сямёнавіч, Вяртун і Вольга Піліпаўна. У мужчын слёзы на вачах, Вольга Піліпаўна плача наўзрыд, кусае вусны. Амаль увесь час хустачкі ля вачэй Ліліі Іосіфаўны, Маі Сцяпанаўны і Ірыны Васільеўны. Моршчыліся, раз за разам выціралі слёзы такія, здавалася, спакойныя, як Уладзімір Пятровіч і Таццяна Сяргееўна... Уткнуўшыся ў яго плячо, плакала Ларыса. Наўзрыд.
І Васілец чуў: сціскаецца нешта ў горле, душыць і наступае такі адчай, такі боль, што няможна больш вытрываць. Хочацца закрычаць, а то нават і завыць і пайсці. Пайсці куды глядзяць вочы. Далей, далей ад такога гора. Але ногі як прыраслі. Ды і ведаеш: нікуды не пойдзеш. Слёзы з вачэй. Як ручайкі. Туманяць, засланяюць вочы. І нясцерпны боль: ну, чаму так? Мілы і родны Алесь Трахімавіч!
«Выходзіць, усё на свеце не вечнае,— зноў і зноў думаў пра гэта, што сёння найбольш уразіла, было неадчэпным.— Маладосць, каханне, радасць, праца, шчасце, словам, жыццё... Значыць, і я не вечны, а смяротны. Прыйдзе некалі час — і я вось так буду ляжаць, і мяне не будзе... Страшна! Вельмі страшна нават пра гэта падумаць! Але ж гэта вечна. І жыццё не прападзе: нехта прыйдзе на тваё месца малады, здаровы. Выходзіць, цяпер нам, маладым, трэба рабіць за Алеся Трахімавіча. І не горш. Горш няможна: тады ўсё ў Міланьскай школе пойдзе назад... А як працаваць лепш за такога майстра, якім быў Алесь Трахімавіч? Значыць, трэба шмат думаць, шукаць, дзярзаць. Працаваць лепш, чым працаваў дасюль. Разумней, больш, з большаю ахвотаю і любоўю. Аддаваць усяго сябе школе... Калі хочаш пайсці па сцяжыне Алеся Трахімавіча і не занядбаць яго справу, калі хочаш і сам пакінуць добры след у жыцці... Вось так. Здаецца, я вельмі пасталеў за гэтую бяссонную ноч, паразумнеў, многае адчуў і зразумеў у такім простым, але і вельмі нялёгкім жыцці, упершыню адчуў: няпроста яго пражыць. Напраўду, мудра кажуць: жыццё пражыць — не поле перайсці. Але вось Алесь Трахімавіч здолеў разумна пражыць сваё жыццё, хоць сам не раз казаў: можна было і іначай, яшчэ больш удумней, жыць... Дык вось якое яно ўсё няпростае гэтае простае!..»
...Сабраліся хаваць Алеся Трахімавіча пасля полудня.
Калі Іван Сямёнавіч, Міхась Рыгоравіч, яшчэ два вяскоўцы паднялі трупу на плечукі і паціху пайшлі з хаты, цёця Галя — ужо ў кажушку, у ботах, пастарэлая і пасівелая за апошнія суткі, з чырвонымі вачыма — зноў адчайна і жалобна загаласіла, учапілася за труну.
— Каму ты, Алеська, кніжачкі гэтыя пакідаеш, як яны будуць без цябе? — плакала яна.— Як жа хатка гэтая будзе без цябе, як жа я буду жыць?
Яе супакойвалі, прасілі так не адчайвацца, «бо ўсё роўна Алеся Трахімавіча не падымеш ужо», яна і сама гэта добра разумела, але галасіла і галасіла. Калі праз натоўп, які расступіўся, вынеслі трупу, цёця Галя плакала, прыгаворвала, а пасля спатыкнулася і ўпала ля парога. Павел, які ішоў крышку ззаду, першы праціснуўся, падхапіў яе пад рукі, адчуўшы, якая яна цяжкая, прыхіліў на лаўку, убачыў, што цёця Галя белая-белая на твары, з заплюшчанымі вачыма.
Людзі -закрычалі — і ў хату ўбег гаспадароў сын, хуценька дастаў з кішэні загадзя пакладзеную туды бутэлечку нашатыру, адкаркаваў яе, паднёс маці да носа. Тая раскрыла рот, пасля чмыхнула і расплюшчыла вочы.
— Трымайся, мамка,— плаксіва папрасіў высокі, плячысты сын, узяў яе пад руку і павёў у сенцы, і яна, чапляючы нагою за нагу, ішла, амаль павісаючы на сынавай руцэ.
— Алеська мой,— зноў, апрытомнеўшы, загаласіла цёця Галя,— і хатка наша неперакрытай застаецца, і пчолкі нашы сіротамі сталі... Што ж ты нарабіў, Алеська?
Яна пазірала на цэглу, што ляжала пад страхою, на вуллі, якія стаялі ў садзе, і гэта, можа, для яе было памяццю па мужу.
Труна ўжо стаяла на машыне са спушчанымі бартамі, на ёй стаяў і невысокі столачак. Сын памог маці ўзлезці на машыну, пасадзіў на столак, ля яе прымасціў сваіх і ленінградскіх — сестрыных — хлопчыкаў, якія стоена і нават з нейкім неразуменнем пазіралі на труну, знаёмага маўклівага дзеда ў ім, на людзей, якія запоўнілі ўвесь двор.