Заставалася крокаў дзесяць. Усё засланіў цароў твар з густымі бакенбардамі. Грынявіцкі яшчэ раз з палёгкаю пераканаўся, што не адчувае да гэтага чалавека нічога, акрамя абыякавасці. Цар быў бы для яго пустым месцам, каб за гэтым позіркам трохі пукатых вачэй не было крыві, не было сотняў павешаных і забітых у турмах, не было здратаванай, укрыжаванай Радзімы.
Ён стаяў ужо амаль поруч з царом.
Грынявіцкі адчуў, як нешта здарылася з часам. Час нібыта спыніўся, а можа, паплыў у адваротны бок, ператварыўшы гаману натоўпу ў гулкую цішыню, і ў ёй загучаў паланез.
Грынявіцкі са спакойнай рашучасцю зрабіў апошні крок і ўскінуў рукі з бомбай над галавой...
«Схвачен ли преступник? Схвачен ли преступник?» Над ім схіліўся твар з бакенбардамі. Але бакенбарды ўвачавідкі знікалі, вусы і валасы імператара сівелі, а пукатыя вочы ператвараліся ў шкельцы пенснэ, і ён чуў бацькаў голас:
«Памятай, ты - гонар гімназіі. Твае здольнасці забяспечаць табе выдатную кар'еру і праславяць наш род». Бацькава аблічча пачынала зыбацца, як адбітак у вадзяным люстэрку, якое крануў вецер, і раставала ў прасторы, саступаючы месца даме, што карміла на Манежнай галубоў. Пільней прыгледзеўшыся да яе, ён змеціў, што гэта не жанчына, а самы малады з іхняе чацвёркі, і вусаты фурман са сподам - у сапраўднасці не фурман, а жандарскі палкоўнік, і на сподзе ў яго ляжыць не пірог, а дынамітны снарад. Бледныя пульхныя вусны маладзёна крывіліся і шапталі: «Я хачу жыць... Жыць хачу...», палкоўнік усміхаўся, а ён, Ігнат, у роспачы крычаў маладзёну: «Не смей! Не смей!»
Новыя і новыя малюнкі нараджаліся ў ягонай свядомасці і знікалі: адны паступова, нібыта іх развейваў вецер, другія гаслі, як гасне ад подзьмуху агеньчык свечкі, і ў бязладдзі гэтых малюнкаў, скрозь гармідар гукаў і слоў чыстым струмком праточваўся аднекуль, то мацнеючы, то амаль прападаючы, журлівы голас бацькавай скрыпкі...
У гэты самы час у прапахлай карболкаю палаце прыдворнага шпіталя немалады прафесар чытаў медыцынскі акт:
- Дастаўлены ў непрытомным стане... На лбе шмат кроватачывых ранак. Правае вока неадчувальнае да святла...
- Прабачце, пане прафесар, я не медык, - спыніў чытанне следчы ў цывільным, які неадлучна сядзеў пры ложку. - Мяне цікавіць іншае. Скажыце, яго можна хоць на хвіліну вярнуць да прытомнасці?
- Гэта можа цяпер толькі Бог.
- Я чую ў вашых словах спагаду, пане прафесар, - бескалёрным голасам прамовіў следчы, вывучаючы мыскі сваіх чаравікаў.
- Толькі як медыка да пацыента, - крыху паспешліва сказаў прафесар і пасля кароткага маўчання дадаў: - Для мяне ён найперш безнадзейны хворы.
- Для ўсіх нас ён найперш царазабойца, чалавек, які падняў руку на свяшчэнную асобу гасудара. - Следчы гаварыў з тым самым, што і раней, застылым выразам на чыста голеным твары, але ў голасе прарэзаліся металёвыя інтанацыі.
Сівы прафесар, адвёўшы вочы, глядзеў на схаванага пад бінтамі незварушнага чалавека.
Грынявіцкі быў у падкопе пад Малой Садовай. У задушлівым сутарэнні, ледзь асветленым мігатліваю лямпаю, было цесна і сыра, як у магільным склепе. На нейкі міг яму прымроілася, што гэта сапраўды склеп, і ён спалохаўся, але адразу згледзеў у прыцемку сяброў, усю іхнюю змену, і супакоіўся. Прамоклая, перапэцканая зямлёю сарочка ліпнула да цела, пот выядаў вочы, мучыла страшэнная смага, але ён капаў і капаў, не дазваляючы сабе перапынку. Гэта быў ужо не падкоп пад вуліцу: шляху назад не было, іх заваліла, прыціснула зямлёй, і яны адчайна прабіваліся з завалу наверх, да святла, да паветра і вады. Ён ведаў, што засталося зусім мала, можа, некалькі ўзмахаў рыдлёўкі, і прыйдзе вызваленне. З астатніх сіл Ігнат сек непадатную зямлю над галавой, і вось зверху пасыпалася каменне, глыжы і жвір, і ён убачыў атвор.
Але замест сонечнага святла ў атворы быў нечы чыста выгалены твар.
- Імя... Скажыце мне ваша імя... - ласкава, амаль пяшчотна прасіў голас, які належаў гэтаму твару.
Ён памятаў сваё імя і, узрадаваны, што помніць, хацеў выгукнуць: «Грынявіцкі», ды за ласкавасцю голасу хавалася нешта іншае, і ён паспеў утаймаваць крык, што быў гатовы ўжо сарвацца з вуснаў.
- Імя... Мне трэба толькі імя... Імя! - паўтараў голас, і ўніклівая ласкавасць пераходзіла ў стылую зласлівасць.
Грынявіцкі нарэшце зразумеў, дзе ён і хто з ім гаворыць. Але разам з вяртаннем свядомасці ў яго зраненае цела, у кожную клетку безліччу гострых кіпцюроў упіўся звер нечалавечага болю.