Яго развагі перабіла радасная думка: сёння павінна вярнуцца Ніна, — можа, нават яна ўжо дома...
Злева прагучалі два разложыстыя гарматныя стрэлы, узляцела малінавая ракета.
Услед закіпела страляніна бліжэй, дзе быў Крайко. Туравец адразу ўстрапянуўся: пачалося!
Па гуках бою ён чытаў пра тое, што робіцца на паўстанку. Бой быў зацяты: важка бухалі гарматы, амаль няспынна трашчалі аўтаматы i кулямёты. Пакуль нельга было сказаць, што немцы паддаюцца...
Між тым каля дзота пачуліся выбухі гранат. Значыцца, узвод Крайко падышоў блізка. Сячэ кароткімі частымі чэргамі кулямёт. Чаму раптам прыціхла ўсё? Не, не прыціхла. Здаецца, толькі кулямёт змоўк.
Цераз бязладную страляніну прарваліся напорныя ўрачыстыя воклічы. На дапамогу Васю пайшла ўся рота.
Яшчэ злева, дзе быў Ермакоў, кіпеў бой, а Туравец рашуча ўзняўся:
— Час пачынаць.
Дрозд услед паўтарыў:
— Час.
Павярнуўшыся тварам да лесу, Дрозд спакойна, але моцна крыкнуў:
— Наперад, хлопцы! На жалезку!
— На жале-е-е-зку-у!— як бы шматгалосае водгулле пакацілася па ўзлессю.
Відаць, там толькі i чакалі гэтага жаданага слова, бо яго адразу прагна падхапілі. Маўклівае, вільготнае ўзлессе адразу ажыло, заварушылася, зашумела нястрымна, як ад навальнічнага ветру.
Першымі рушылі партызаны ca штурмавой групы. З пагрозным крыкам, аббягаючы пні, сыходзячыся, яны прабеглі, пратупалі паўз Тураўца, запоўніўшы пустую датуль высеку цёмнымі рухомымі постацямі.
Пры насыпу партызаны пачалі разыходзіцца ў абодва бакі, ачышчаючы чыгунку. Ix націск быў такі моцны i дружны, што нямецкая ахова зрабіла толькі некалькі бязладных стрэлаў, як была змецена.
Дачакаўшыся, нарэшце, сваёй пары, на насып узняліся падрыўнікі Шашуры. Некалькі чалавек падкладвалі шашкі, другія запальвалі шнуры, — неспакойныя агеньчыкі множыліся, мігцелі, варушыліся, разыходзячыся ўсё шырэй у абодва бакі.
Над адным агеньчыкам імпэтна кінулася белае зыркае полымя, здрыганулася зямля, i адразу рэзка, з металічным скрыгатам, ноч ірвануў моцны выбух.
Яшчэ не сціх пошчак, які пайшоў па наваколлі, як на насыпе грымнула ў другі раз, асвятліўшы на міг дарогу i высеку зыркім прагным полымем.
Выбухі ўскідваліся адзін за адным, бегучы ўправа i ўлева.
У Тураўца ў сэрцы ўсё заспявала, яму таксама хацелася кінуцца падкладваць шашкі. Ён успомніў, як у мінулы год з сялянамі выварочваў рэйкі ломам. Вось i цяпер у яго было сілы якраз для такой працы!
Туравец не перакінуўся ні з кім i словам, бо грукат глушыў усё. Ды i не да гаворкі было!
Раптам ззаду, у лесе, сталі ірвацца снарады. Білі, відаць, гітлераўцы з далёкай вёскі. Стралялі яны наўздагад, i снарады звычайна рабілі пералёт, але некалькі са скрыгатам лягло непадалёк на высеку.
Хлопцы не зважалі на гэта i хутка, дзелавіта рабілі сваё.
...Нарэшце, па адным, па два, групкамі сталі адыходзіцца ад насыпу. Скончылі.
На хвіліну ўстанавілася цішыня.
Цяпер усе гаварылі голасна, уразнабой. Нехта зарагатаў.
— Ну, як, каліна-маліна, музыка? — крыкнуў Шашура, які з'явіўся знянацку, як з-пад зямлі.
Дрозд стрымана адказаў:
— Канцэрт што трэба.
— Сімфонія!
— Праўда, таварыш камісар! Сімфонія! Тут i другога слова не падбярэш. Такое каб моцнае, як «дамкрат», скажам, i... каб незразумелае. Ірванулі!.. А помніце, як летась мы «канцэрт» давалі пад Пагарэлым? Я тады пад мост падлажыў бомбу-двухсотку. Эх, каліна-маліна, як фуганула, дык бэлькі ляцелі, як трэскі. Я ляжаў у ямцы наводдаль, дык мяне ад выбуховай хвалі спачатку як падыме, а пасля як бразне аб зямлю! Ледзь дух не выпусціў... Тады таксама «канцэрт» важны быу — на ўсіх дарогах ігралі.
— Хадзем, маліна-хлапчына, паглядзім, як ты цяпер паіграў,— перапыніў яго Туравец.
— Чыста, таварыш камісар, зрабіў.
Калі яны падняліся па невысокаму, але крутому затравеламу адхону на насып, у баку паўстанка ўскінулася барвовае клубістае полымя, i крыху пазней разлёгся выбух.
— Мусіць, нашы фрыцаўскае кубло ўзарвалі.
Туравец з Шашурам пайшлі па насыпу. Шпалы былі пашчапаны, жалезныя рэйкі парваны, пасечаны.
— Эх, пабіла рэйкі! — не ўтрываў падрыўнік.
— Пабіла... Можна сказаць, — загаварыў камісар, — «заваёўнікі» тут не разгоняцца. Зрабілі чыста. Hi дарогі, ні пуці...
— Цяпер ім тут праехаць не хутка ўдасца...— адгукнуўся Шашура.
Туравец павярнуўся быў ужо назад да лесу, як яго ўвагу прыкаваў глухаваты, прыцішаны далечынёю выбух. За ім хутка прагучаў другі, трэці.
Потым загрымела ў іншым баку, бліжэй. Нібы рэха перакатамі пакацілася па палях, па лясах, па далінах ва ўсе бакі.