Выбрать главу

— Не ваенны, вось i пабочны.

Парадак ёсць парадак. Хоць Аляксей адчуваў сябе няёмка перад гэтым добрым, відаць, гаварлівым чалавекам, прышлося адправіць да камандзіра батальёна. Камбат жа, не надта дапытваючыся ўсяго, загадаў весці ў штаб брыгады:

— Няхай там разбяруцца! Можа, наш, а можа... хто яго ведае!

Раздзел X

1...

Два дні было ціха. Але па ўсім адчувалася, што з дня на дзень павінна пачацца.

Уночы ўсё прыбывалі ды прыбывалі войскі. Без шуму — толькі зрэдку бразне дзе-небудзь зброя ці кацялок — праходзіла наперад пяхота. Уперамешку з пехацінцамі цягнуліся грузавікі, гарматы, мінамёты. Цемру тады поўніў асцярожны гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней.

Усё рухалася без агнёў. Не толькі фары, але i цыгаркі не блішчалі. Не чулася i моцных камандных выкрыкаў, нібы яны таксама маглі парушыць маскіроўку.

З кожнай гадзінай прыфрантавая зямля ўсё больш напаўнялася войскам. Яго было так многа, што Аляксей толькі дзівіўся, дзе гэта ўсё падзяецца. Але салдаты, гарматы, павозкі ішлі ды ішлі.

Цемра, як бяздонне, праглынала ўсё.

Уранку поле цішэла. Паспешна канчалі капаць акопы, прыкрывалі маскіроўкай. Калі ўздымалася сонца, поле здавалася ціхім i мірным.

Гарматы цяпер стаялі густа ўсюды ўсцяж пярэдняга краю, у некалькі эшалонаў. Накрытыя маскіроўкай, яіны зусім зліліся з зямлёй, некаторыя нават зблізку амаль немагчыма было адрозніць.

На другі дзень Бяссонаў рашыў пазнаёміцца з абстаноўкаю на ўчастку, які займае стралковая дывізія Шчарбацюка. Палкоўнік узяў з сабою некалькі афіцэраў.

Генерал быў на КП. Танкістаў правёў туды маленькі сержант.

Камандзір дывізіі, залажыўшы назад пухлыя рукі, расставіўшы ногі, сагнуўшыся, каб не перашкаджаў жывот, стаяў каля стэрэатрубы. Ён павярнуўся насустрач танкістам, павольны, спакойны, з маладжаватым ружаватым тварам, прывітаўся.

— Што, Бяссонаў, дарогу сабе хочаш выгледзець?

— З вашай дапамогай, генерал.

— Магу паказаць. Толькі паабяцай спачатку дапамагчы расчышчаць.

— Добраму суседу, генерал, я заўсёды гатоў дапамагчы...

— Дапаможаш?! Ведаю я цябе — будзеш чакаць, пакуль расцярэбяць шлях i скажуць: калі ласка...

— Калі гэта мы чакалі, генерал? — Бяссонаў гатовы быў вось-вось кінуцца ў контратаку.

— Ну-ну, не будзем спрачацца,— прымірэнча сказаў Шчарбацюк.— Прашу адчуваць сябе чаканымі гасцямі ў прыветлівага гаспадара... Прашу пазнаёміцца з маім гняздом,— ён абвёў рукамі перад сабой.

— Вы тут абжыліся за гэты месяц,— прамовіў Бяссонаў.

— Э, гэта што! Мы што, мы, можна сказаць, яшчэ новыя. Вось тут каля нас пушкары, тыя абжыліся. Кожны прышч на балоце ведаюць, не тое, што бліндажыкі.

Ён выняў з кішэні кісет, скруціў цыгарку. Бяссонаў працягнуў каробку «Казбека», але генерал пакруціў галавой.

— Мы, пяхота, любім, каб у горле драла...— Лагодны, душэўны генерал меў звычку, размаўляючы з роўнымі сабе, ужываць моцныя выразы, выстаўляць грубыя прывычкі салдата.

Бяссонаў не любіў Шчарбацюка за мяккацеласць, за марудлівасць, i ў душы зайздросціў яму, якому невядома чаму так шанцуе ў жыцці — Герой i генерал,— i якога ўсе ўважаюць за вельмі адукаванага чалавека. Бяссонаў вучыўся толькі на курсах ды i то без асаблівага поспеху. Ён лічыў сябе практыкам у працівагу Шчарбацюку i ганарыўся гэтым.

Усё ж генерал i Бяссонаў неўзабаве перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі легка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі, у якіх адна агульная, блізкая справа. Генерал загадаў пяхотнаму маёру падаць карту i, разлажыўшы яе, сам стаў знаёміць з абстаноўкаю, паказваючы Бяссонаву асобныя аб'екты i арыенціры ў трубу.

З каманднага пункта Бяссонаў уважліва разглядваў поле будучай бойкі.

Перад КП угіналася нешырокая лагчына, а за ёй пачынаўся нізкі, ледзь прыкметны ўзгорак, на якім некалі было сяло. На тым месцы валялася толькі бітае каменне ды дзе-ні-дзе тырчалі абсмаленыя, пасечаныя камлі дрэваў. Зямля ўся была перарыта варонкамі; на ёй не віднелася не толькі людзей, але наогул нічога жывога. Нават трава не расла.

Далей узгорак паступова паніжаўся, i пачыналася балота: там цягнуліся нямецкія траншэі, схаваныя балотнай расліннасцю i хмызняком, што рос усюды рэдкімі купкамі. Прасцяг увесь здаваўся амаль пустым, хоць там усё было перакапана i густа заселена немцамі. Шырокімі палосамі цягнуліся нябачныя мінныя палі, за якімі насцярожана таіліся незлічоныя кулямёты i гарматы.

Дзе-ні-дзе на балоце ўскідваліся ўгару чорныя стаўбуры торфу, потым даходзіў запознены глухі гук выбуху. Вяла пераклікаліся кулямёты. Бяссонаў ведаў, што хаваецца за гэтым спакоем i млявасцю.