Выбрать главу

Камандзір роты не абы-як, адчувалася, быў зацікаўлены гэтым. Колышаў шчыра прызнаўся:

— Успаміны...

— Маці твая ў Горкім адна?

— Адна... Бацька ў арміі, на Далёкім Усходзе... Таксама лейтэнант, у артылерыі.

— I ў мяне маці дома. Там, па той бок. Чакае, старая, мусіць, не дачакаецца,— уздыхнуў старшы лейтэнант. Памаўчаў, закурыў асцярожна, хаваючы агеньчык, зацягнуўся i запытаў па-сяброўску:

— Дзяўчына, пэўна, згадалася? Ты ж ні разу i не пахваліўся, якая яна ў цябе, скрытны, мусіць? Шкада, што цёмна, паглядзеў бы картку. Вельмі мне хочацца пабачыць. Як завуць?

— Рая. Мы з ёй разам вучыліся ў школе. Цяпер яна ў інстытуце, урачом будзе. Там жа, у нашым Горкім, i вучыцца...

— Добрая дзяўчына?

— Добрая! Яна такі душэўны, чысты, прыгожы чалавек!.. Кожны раз, калі прачытаеш яе пісьмо, радасна i светла становіцца. Мы з ёю, ведаеце, хоць i вучыліся разам, неяк мала былі знаёмы. Бывае ж так, што жывуць людзі, кожны дзень сустракаюцца, а не ведаюць добра адзін аднаго. Ну, як чужыя.

— Гэта бывае.

— Так i ў нас вышла. Я пачаў яе разумець, калі яна з'явілася на вакзал, развітацца. Дзіўна, праўда? Яна, ведаеце, што сказала: «Помні, кажа, дзе б ты ні быў, як бы цяжка ні было — я пра цябе буду думаць!» Гэтыя словы я нібы i цяпер чую. Тады першы раз мы пацалаваліся... проста, ведаеце, на людзях, пры маёй маці. Маці засмяялася яшчэ: «Эх вы, кажа, цалавацца не ўмееце!» Цяпер яна, Рая, часта прыходзіць да нас. Ну, адным словам, стала сваім чалавекам, нібы сястрою ці як... I для мяне яна... быццам іншая...

— Што, даўно не бачыліся?

— Даўно. Хутка год. Мы зараз праязджалі, ведаеце, цяпер з эшалонам праз Горкі... былі каля самага дома; наша вуліца тут жа, недалёка ад чыгункі. Хацелася вельмі пабачыцца з Раяй. Ды не давялося. Амаль не стаялі ў горадзе.

— Тужыш?— запытаўся Аляксей тым жа мяккім, спагадлівым голасам.

— Тужу,— прызнаўся Колышаў.

Ён сціх i задумаўся.

Відаць, разважыўшы, што таіцца не трэба, шчыра прамовіў:

— Раптам, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, заўтра мяне тут... недалёка ад гэтага лесу... разумееце?.. А я ж нічога не бачыў, здаецца. Вось толькі пачынаю па-сапраўднаму жыць. А мяне... Гэта кепска, што ў мяне такія думкі перад боем?

— У кожнага, відаць, бываюць такія думкі ці, можа, падобныя. Жыць хочацца.

— Значыць, гэта не... баязлівасць? Камбрыг мяне запытаў, ці не трус я, а я i не ведаю. Ну, адкуль мне ведаць, калі я яшчэ не быў там? Я толькі ад другіх чуў, як яны ішлі ў першы раз, яны расказваюць усе па-рознаму.

— Тут галоўнае, Колышаў, не паддацца! Калі трэба будзе, умець забыць, перамагчы ўсё, што замінае, i адчуваць толькі адно — абавязак перад Радзімай, перад таварышамі. Усяго сябе, усе свае думкі аддаваць аднаму, салдацкаму абавязку. I яшчэ — думай, што тое месца, на якім ты стаіш,— важнейшае, што ад яго залежыць лёс усёй брыгады, усёй, калі хочаш, вайны. Цані, адным словам, сваю, можа, сціплую працу, без гэтага ты не будзеш салдатам. Мы любім жыццё, i калі рызыкуем ім, то толькі ў імя вялікай мэты. Я так лічу.

— Я буду помніць пра гэта,— задумліва прамовіў Колышаў.

Лагуновіч адчуў, што лейтэнанту хочацца нешта сказаць, але ён вагаецца. Аляксей знарок маўчаў, чакаючы. Ён не памыліўся.

Колышаў раптам запытаў:

— А вы таксама, таварыш гвардыі старшы лейтэнант... не спалі тады?

— He спаў. — Аляксей паглядзеў у неба, у глыбокай чарнаце якога цьмяна бялеў млечны шлях, i сказаў: — Помню, у пачатку, у першыя ночы, не спаў... i ўспамінаў многа. У баі — салдат, як трэба. А як ноч настане, усе храпуць, а я адзін варочаюся, як закляты, з боку на бок, не засну, ды годзе! Малюнкі мне дзённыя чаўпуцца. Усё, што ўбачыў за дзень, зноў паўтараецца. I страшнавата робіцца, як успомню. Але ў баі не дрэйфіў, бо абавязак свой памятаў. Потым паспакайнеў, паступова абвыкся. Спаў тады седзячы i стоячы, хоць з гарматы бі, бывала, не дабудзішся.

Нібы спрачаючыся з сабою ці раздумваючы, прамовіў:

— Я, брат, таксама не ведаю — смелы я ці не? Адвaгi ў мяне мала, адчуваю...

— Што вы гэта, таварыш гвардыі старшы лейтэнант!

— А так, брат, — страшна мне часам бывае. Нават вельмі. Асабліва бамбёжак праклятых не люблю... Душу пераварочваюць мне яны. Толькі што я стрымліваю сябе, трымаюся, словам!.. Але гэта няхай будзе так, між нас, а?

— Не трывожцеся, не скажу.

— Я, брат, у маленстве амаль ніколі не лез у бойку. Так хіба часам, калі вельмі задзенуць. А наогул стараўся быць далей ад гэтага. Ціхі быў!..

Узлессе раптам пачало хутка напаўняцца магутным гулам, ад якога дрыжала зямля. Аляксей i Колышаў адразу змоўклі i глядзелі адно ў неба. Там ішлі на захад самалёты.