— A вынікі — адны?
— Вынікі!.. Я так ірваўся, думаў хутка — наперад. А тут...
Старшы лейтэнант ледзь не вылаяўся.
— Калі б хоць машыны хутчэй далі!
5...
Аляксей, хоць вельмі стамляўся за дзень, уночы часта пакутаваў ад бяссоння. З вечара хацелася спаць, але пазней, калі ён, распрануўшыся, ляжаў на нарах у зямлянцы, сон чамусьці паступова адыходзіў. То нібы ў зямлянцы душна, то пад бокам муляе нейкі рубец, то камар над вухам звініць... Як назойлівыя авадні, адна за адной пачыналі кружыць думкі. Ён спрабаваў адагнаць ix, расказваў сам сабе паўзабытыя вершы, хаваў галаву пад падушку, але нішто не дапамагала.
Аляксей спазнаў гэтую бяду ўпершыню. На фронце ён засынаў легка i хутка, ніколі не бачыў сноў, прачынаўся заўсёды цяжка i неахвотна, так што не адразу можна было дабудзіцца.
Ён — чалавек цярплівы, прызвычаены да розных франтавых нягод, мог спаць на марозе, седзячы ў танку, сагнуўшыся ў крук. Прытым не драмаў, як другія, a спаў. I пасля гэтага сну заўсёды адчуваў сябе лёгка, бадзёра, ніколі не чуў болю ў галаве, як іншыя.
Думаў не раз: пойдзем у тыл, з якой асалодаю адасплюся i раптам — такая неспадзяванасць!
...Старшы лейтэнант хутка адчуў, што сёння таксама не засне. Ён чуў, як поруч бесклапотна храпе Якавенка, які жыў у адной з ім зямлянцы. Той звычайна засынаў адразу, як паваліцца на ложак.
Аляксей пазайздросціў яму.
Старшы лейтэнант мімаволі ўспамінаў сход, прыгадваў слова за словам, што гаварыў пра яго палкоўнік Бяссонаў. I ў грудзях зноў варушылася крыўднае — курорта захацеў, ён пярэчыў камбрыгу, даводзіў, што гэта не так, i усё ж адчуваў, што вінаваты, што ў галоўным камбрыг гаварыў праўду.
«Размяк. Паддаўся настрою... Зноў», — дакараў ён сябе.
У Аляксея — ён сам ведаў — настрой часам глушыў развагу. Гэта была адна з асаблівасцей яго характару, ад якой ён не раз бедаваў i да якой адносіўся насцярожана. Ён лічыў, што ў яго недастаткова волі, калі ён не можа не паддавацца непатрэбным настроям. Аляксей стараўся стрымліваць настроі, але яны ўсё ж час-ад-часу вадзілі яго. Ад гэтага ён быў няроўны ў паводзінах: то вясёлы, працавіты, энергічны, то — праўда рэдка — нечакана стане маўклівым, як бы абыякавым.
Праляжаўшы гадзіну — дзве бяссонна, старшы лейтэнант апрануўся, нацягнуў на босыя ногі боты i вышаў на двор.
Ён заўважыў, што не толькі ён адзін, a i яшчэ той-сёй не спіць. Праходзячы паўз адну зямлянку, ён ледзь не наступіў на салдата, што ляжаў на зямлі.
— Хто гэта?
— Я, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, — адазваўся Сонцаў, — не магу ў зямлянцы, хоць што... душна.
Аляксей, прайшоўшыся, сеў на бярозавую калодку перад сваёй зямлянкай, закурыў.
Вартавыя так прывыклі яшчэ раней бачыць Аляксея, што не здзівіліся, — яны, здаралася, гаварылі адзін другому, калі яго не было: «Сягоння старшы лейтэнант не курыў».
У гэтую ноч старшы лейтэнант курыў многа...
6...
Перад вечарам палкоўнік Бяссонаў загадаў паклікаць да яго механікаў.
Яшчэ да таго, як Бяссонаў пачаў гаварыць, усе ўжо здагадваліся, для чаго ix збіраюць. Яны не памыліліся. Неўзабаве стары, але чысценькі грузавік з механікамі i тэхнікам, пагойдваючыся, выбіраўся на роўную шасэйку, што кіравала на станцыю.
У кузаве каля кабінкі сядзелі поруч Лагуновіч i Сонцаў.
На станцыі ішла ўжо выгрузка танкаў. Збоку дарогі, каля невысокіх маладых тапалёў, весела выглядвалі свежаю жоўта-зялёнаю фарбаю новенькія, толькі што, здаецца, выпушчаныя з заводскага двара «трыццацьчацвёркі». Каля ix стаяла некалькі танкістаў у сініх камбінезонах.
Станцыя была пабіта бомбамі. Ад вакзальных пабудоў засталіся толькі чырвоныя каменныя падмуркі ды памяты, з вырваным бокам іржавы бак воданапорнай вежы, што ляжаў на зямлі. Небагата ўцалела i хацін, якія чарнелі недалёка ад вакзала.
Каля пагрузачнай пляцоўкі расцягнуўся эшалон з платформамі i расчыненым пульманаўскім вагонам-цяплушкай. На платформах стаялі адна за адной, нібы ў паходнай калоне, круталобыя, прыземістыя машыны. Брызенты з ix былі зняты, танкісты раскручвалі драты, якімі машыны мацаваліся да платформы, заводзілі маторы.
Стаяў шум, скрыгат. Танк, які толькі што важка сышоў з платформы, дзе-нідзе пашчапаў i зрушыў намошчаныя шпалы. Праз апусцелую платформу пасоўвалася павольна наступная машына, пад яе тракамі трашчала дрэва.
На пляцоўцы камандаваў Бяссонаў, каля якога хадзілі i бегалі некалькі афіцэраў. Ён i сам не любіў стаяць без справы i не даваў другім. Трохі грузны i разам з тым вельмі рухавы палкоўнік кіраваў выгрузкаю, не пагарджаючы займацца, здавалася б, дробязямі. Ён працаваў шумліва, з захапленнем, — загадваў, адчытваў, знакамі паказваў механікам, дзе весці машыны. Пад яго вострым халаднаватым позіркам усе рабілі сваю справу старанна i хутка.