Камісара амаль абурыла, што Калібярда не далажыў, як звычайна рабілі ў гэтым выпадку партызаны, але ён змаўчаў. Насцярожаны, Туравец адразу заўважыў, што Калібярда i з аблічча змяніўся: паходка стала павольная i вялая, позірк вадзяністых вачэй нейкі бясколерны, няўлоўны. Ён, відаць, не сачыў за сабою, бо адзенне было страшэнна неахайнае, брудны каўнер некалі белай рубашкі расхрыстаны.
Туравец спакойна, стрымана загадаў:
— Зашпілі каўнер!
— Зараз...
Ён нехаця вузлаватымі пальцамі зашпіліў гузікі.
Крывая ўсмешка на твары быццам гаварыла: «Калі вам так хочацца, я зраблю, але мне ўсё роўна».
— Зашпіліў...
— Ну, вось i добра.
— Добра?— усміхнуўся крыва Калібярда.— Што ж, я рады... што вы задаволены.
Туравец зрабіў выгляд, што не заўважыў іроніі, задумаўся нявесела.
— Давай шчыра пагаворым,— прамовіў ён. — Не тоячыся. Як таварышы. Ёсць? — Калібярда маўчаў. — Вось скажы, чаму ты так апусціўся? Не чысцішся, няголены...
Калібярда нерашуча, відаць, вагаючыся ці варта гаварыць без патайкі, адказаў:
— А чаго галіцца? Да якога свята? Іншыя любяць рыхтаваць белую сарочку на смерць, а я не хачу... Мне ўсё роўна, як... — Ён спыніўся, змоўк.
— Як паміраць?.. Што ж ты не дагаварваеш?
— Няхай... паміраць...
— Ты што ж, думаеш, што нам выйсці адсюль не ўдасца? Толькі праўду кажы.
Ён гаварыў знарок мякка,— Туравец часта ў такіх выпадках, каб лепш выведаць, хітраваў; больш прамы Ермакоў недарма лічыў яго хітруном.
Калібярда цяпер i не думаў таіцца. Чаго тут, калі на тое пайшло, баяцца гаварыць, калі жывеш між зямлёй i небам. Тым больш, што камісар быў быццам лагодны i сам, здавалася, засмучоны.
— Нашто тут закрываць вочы, — пасмялеў Калібярда. — Не вам казаць, справа наша — дрэнь!.. Папаліся ў нерат — ні ўзад, ні наперад...
— Ну, а што ж рабіць? Ты скажы, што ты раіш рабіць? Не сядзець жа так ды чакаць, калі фрыц прыдзе i пачне сваёй лапаю душыць?..
— Ваша справа, што рабіць. Вы камандуеце, вам i галаву ламаць.
— Не, ты скажы, што ты раіш рабіць?
— Што я думаю?.. Мне здаецца, разумней за ўсё адпусціць людзей. Няхай кожны, як можа, выбіраецца...
— Ты, значыць, раіш распусціць брыгаду? — прагаварыў Туравец, ледзь стрымліваючы гнеў, хоць знешне i здаваўся зусім спакойны. — Можа, гэта i разумней, але шкада брыгаду. Як жа гэта? Была яна i раптам не будзе?.. Акрамя таго, з намі ж жанчыны i дзеці!
— Я не хачу сказаць — распусціць брыгаду. Пасля яна зноў збярэцца...
— А жанчыны, дзеці?
— А што дзеці? Хоць хто выйдзе жывы.
— Дзеці, вядома, не выйдуць...
— Ix немцы не павінны пагубіць...
— Не пагубяць?..
Туравец, памаўчаўшы, раптам панура прамовіў:
— Ты, канешне, не выберашся.
Калібярда хутка i насцярожана кінуў позірк на камісара. У бясколерных вачах бліснула штосьці — недаўменнасць ці спалох.
— Чаму?
— Ты ўжо амаль памёр. Жывы нябожчык...
— Вы жартуеце, але не дарэчы. Я не бачу, з чаго тут смяяцца. Становішча такое...
Туравец устаў, спакойна перапыніў:
— Так, так. Становішча невясёлае. I хныкаць таму нельга. Тут ніхто не пашкадуе, не вытра слёзы. Людзям самім горка. А фашысты не разумеюць жаласных слоў.
Ён сціх, уважліва паглядзеў на партызана, нібы яшчэ не верачы, што ўсё тое чуў ад яго.
— Хто ў цябе намеснік? Баравік?
Калібярда кіўнуў галавою.
— Здасі яму ўзвод.
Калібярда насцярожана зірнуў на Тураўца.
— Я ж па шчырасці,— разгублена прамовіў ён.— Таварыш камісар...
— Я сказаў усё!
Туравец не стаў слухаць. Не дадаўшы больш ні слова, ён холадна, з пагардай прайшоў міма.
Калібярда хвіліну стаяў збянтэжаны, а потым заспяшаўся ўслед за Тураўцом, які знік за дрэвамі. Гэта быў інстынктыўны рух. Ступіўшы некалькі крокаў, Калібярда спыніўся нерашуча.
Яго зноў апанавала абыякавасць. Іскрачка, што ўспыхнула раптам, згасла. Ён ужо не шкадаваў, не трывожыўся. Можа, i лепш, што здымуць, бо з яго здымуць вялікую адказнасць, якая ўсе дні гняла яго.
Успамінаючы нядаўнюю размову, Туравец адчуваў то пагарду, то злосць, лаяўся ў думках: «Раскіс! Размяк! Смаркач!..»
Ён думаў пра тое, што трэба зараз жа людзям паказаць, якая ім пагражае хвароба, каб пачаць выганяць яе. Зрабіць гэта будзе не так легка, бо абставіны спрыяюць хваробе. Трэба, каб усе камандзіры, палітрукі як след зразумелі, як небяспечна ў цяперашні час, у ix становішчы, бязвер'е.
Так, так, — ніякага вагання, ніякага сумнення, што пераможам мы. Гэта цяпер галоўнае!
Перадаць гэту веру ўсім! Запаліць усіх!
Туравец звязаўся з Ермаковым i пераказаў сваю размову з Калібярдою. Камбрыг параіў Тураўцу: