Выбрать главу

Партызаны зносілі мяшкі ў адно месца. Калі сабралі ўсё, выявілася, што двух мяшкоў не хапае — мусіць, упалі ў размяшчэнне немцаў ці ў лес. Прадстаўнікі ад атрадаў, якія стаялі па-ранейшаму на баявых пазіцыях, неадступна хадзілі каля Ермакова. Сачылі за кожным рухам камандзіра i камісара, якія распорвалі мяшкі, стараліся дапамагчы, трэба ці не трэба. Калі Ермакоў пачаў размяркоўваць, прасілі, каб ім вызначылі больш, даводзілі сваё права на гэта.

Як толькі камбрыг падзяліў усё, партызаны, павесялелыя, сталі разыходзіцца, амаль не адчуваючы на сябе прыемнага цяжару скрынак з патронамі i гранатамі.

Неўзабаве атрады сталі непрыкметна i хутка збірацца да месца, адкуль брыгада павінна была пачаць прарыў.

Атрад Кутузава размяшчаўся ціха ў негустым лясочку перад самымі «варотамі», наперадзе іншых; два другія атрады стаялі за імі, справа i злева.

Партызаны садзіліся на сырую, вільготную ад расы зямлю, стараючыся не бразгаць зброяй, шэптам перагаварваліся.

— Эх, каліна-маліна, зацягнуцца б, — уздыхнуў Шашура, — хоць бы «бычка»!.. А, Вась?— сказаў ён да Крайко, які сядзеў поруч. — У сярэдзіне, як у пажарным насосе, смокча... Ну, проста, у пячонцы смаліць.

— От, знайшоў аб чым шкадаваць! — абыякава адгукнуўся Вася. — Людзі думаюць пра жыццё, а ты пра «бычка».

— У каго якая схільнасць, Вась... Ты, скажам, некурашчы i не разумееш, што такое — хацець курыць!..

Ён шумна ўздыхнуў:

— Эх, брат, хочацца зацягнуцца!..

Уздыхнуўшы яшчэ раз ад гэтай нягоды, сказаў:

— А жыццё? Чаго пра яго думаць, Вась?! Жыць будзем, калі не памрэм!.. Чаго ж тут думаць?..

Наводдаль ад ix, між жанчын, сядзела Ніна маўклівая, нерухомая, прыціскаючы да сябе Гальку, якая спала на яе каленях.

«Спіць i хоць бы што... Няхай спіць!» У Ніны была такая пяшчота да дзяўчынкі, нібы гэта была яе родная дачушка. Яна ў гэты вечар чамусьці асабліва багата думала пра дачушку. Дзе цяпер Людка? Таксама, можа, спіць...

Ніна адчула, як свежы халадок прабег ад шыі па спіне. Яна кінула позірк у неба. Угары ў галлі мігцела зорка. Па верхавінні дрэў трывожна хадзіў вецер. Hiбы яго таксама непакоіла чаканне бою. Унізе было цёмна i сыра, як у глыбокім склепе. Галя спрасонак паварушыла ад холаду плячыма, прыціскаючыся да Нініных грудзей.

— Cпi, cпi! — Ніна накрыла яе краем свайго жакета.

«Чаго гэта яны марудзяць?» — падумала яна пра Ермакова i Тураўца.

Ермакоў з Драздом, з сувязнымі i разведчыкамі былі наперадзе, назіралі за варожымі пазіцыямі.

Гітлераўцы былі зусім недалёка. Блізка раз-по-раз рэзка лязгалі кулямёты, нібы папярэджваючы пра тое, што там не спяць. Часам добра былі чуваць чужыя галасы, рэзкія, адрывістыя. Тады Ермакову хацелася кінуцца наперад i рукамі душыць тых, хто там страляў i гаварыў, каб яны маўчалі, век маўчалі.

Камбрыг ведаў, што ўсе, хто за спіной, узброеныя i няўзброеныя, як ніколі, спадзяюцца на яго. I ён рабіў усё, што належала, асабліва ўважліва.

Ён непакоіўся, каб атрады да часу яе выдалі сябе, добра ведаючы, што для поспеху трэба, каб удар быў нечаканы. Пакуль што ўсё ішло добра, але насцярожанасць у яго не праходзіла. Ён нецярпліва чакаў, калі падыдуць на месца апошнія ўзводы, прыспешваў камандзіраў атрадаў цераз сваіх сувязных.

— Давай! — сказаў, нарэшце, камбрыг Дразду, рота якога павінна была пачынаць.

Дрозд знік у цемры.

Наперад насцярожана падаліся маўклівыя людзі. Крокі ix мякка танулі ў вільготнай, роснай траве. Людзі адразу схаваліся ў хмызняку.

Раптам блізка ўспыхнула злая, імклівая чарга з нямецкага кулямёта. Адразу ж у адказ прагучаў выбух, i ўслед рассыпаўся шматгалосы пагрозны крык. Угары пырснулі i павіслі некалькі ракет.

Ураз паднялася страляніна. Зямля гула, стагнала, крычала. Цемру шматавалі кароткія барвовыя выбліскі.

— Наперад, таварышы! Наперад!

Ермакоў павёў у атаку асноўную групу.

Як толькі грымнуў выбух, Вася Крайко разам з усімі сваімі байцамі кінуўся наперад. Перад ім прайшоўся нібы вогненны шквал, што скасіў поруч некалькі чалавек, але Вася не спыніўся. Ён цяпер бег па чыстым полі, не заўважаючы, аднак, гэтага, — толькі на нейкі міг здзівіўся, што перад вачыма стала святлей.

Прабегшы некалькі крокаў, ён нечакана праваліўся ў нейкую яму, стукнуўся галавою аб нешта цвёрдае так, што зашумела ў скронях. Аўтамат выпаў з рук.

Васіль уміг ускочыў i раптам адчуў каля сябе чалавека. Хлопец адчуў яго яшчэ да таго, як убачыў. Ён хутка павярнуўся, мімаволі халадзеючы: «прапаў!»

Хоць ён i чакаў, што зараз у любую хвіліну спаткаецца з ворагам, гэтая сустрэча выдалася неспадзяванай.