Выбрать главу

Ён цыркнуў праз зубы i, кіўнуўшы галавою на дарогу, заключыў з усмешкаю:

— Проста на Берлін вядзе.

— Яна толькі да Мінска даходзіць.

— Усё роўна. Адтуль ужо Берлін відаць — Брандэнбургскія вароты, Унтэр дэн Ліндэн i асабістая канцылярыя Гітлера,— усміхаючыся вачыма, нечакана ўдакладніў Быстроў.— Не верыце? Спытайце ў старшага лейтэнанта.

Лагуновіч адказаў у тон яму:

— Адтуль, ад Мінска, толькі адна вялікая станцыя да Берліна: Варшава.

— Адна станцыя — Варшава!.. Бач, хапілі. Быстры вы, таварыш гвардыі старшы лейтэнант! A колькі там паўстанкаў, якія трэба праехаць, якіх нельга ніяк абмінуць?

— Ну, паўстанкаў мы не лічым!

— Мінск...— задумліва i задушэўна, як імя таварыша, вымавіў Сонцаў. — Хацеў бы я паглядзець, які той Мінск цяпер. Як Заходнюю Беларусь вызвалялі, быў я там. Ладны гарадок. Не так, каб вельмі вялікі, як Горкі, скажам, ці Свярдлоўск, але прыгожы, шумлівы. Вясёлы, адным словам, гарадок.

— Вясёлы...— паўтарыў нейкім дзіўным голасам Аляксей, ні то іранічна, ні то сумна.— Разбурылі гітлераўцы яго... Колькі дасталася яму жалеза, уявіць не магу. У першыя дні, як пачалася вайна, сыпалі, сыпалі на яго бомбы. Я ў газеце чытаў — спалілі дашчэнту ўсю Савецкую i Ленінскую, самыя прыгожыя вуліцы. Быў у той газеце надрукаван яшчэ здымак, зняты з самалёта. Я не мог пазнаць, якія гэта кварталы. Голыя сцены ды руіны ўсё змянілі страшэнна. Між сцен усюды пустыя праваліны, ніводнага даху не відаць. Паспрабуй адгадай, што там было! Разбураныя вуліцы падобны адна на адну, усе руіны, як могілкі, маюць нешта адно агульнае... Я таго здымку не забуду ніколі!

Аляксей памаўчаў хвіліну i загаварыў раптам весела, з гонарам:

— A быў горад прыгожы! I вясёлы быў, гэта праўда, Сонцаў. Эх вы, хлопцы, пабылі б увечар на Ленінскай нашай ці на Тэатральным скверы! Увечар, калі зіхацяць агні, калі тысячы прыбраных мінчан выходзяць пагуляць! Да чаго ж добра, весела ў гэтай гаварлівай людской плыні. А-а, што вам казаць, усё роўна гэтага не ўявіце, калі не бачылі. Вы нават уявіць не можаце, якія красуні ў нас дзяўчаты! Дарэчы i да ведама некаторых халасцякоў: такіх прыгожых дзяўчат, як у Мінску, напэўна, нідзе няма. Я ж пабыў на свеце, пабачыў усюды... Калі будзеш жаніцца, Сонцаў, да нас прыязджай, да мінскіх дзяўчат!

— Толькі ў Мінск прыеду! — адказаў, смеючыся, Сонцаў.

— Не будзеш каяцца!..

— Не забудзьце, таварыш гвардыі старшы лейтэнант, што вам прыдзецца яму сватаць дзяўчыну,— адгукнуўся Быстроў,— бо ён, калі ўбачыць прыгожую дзяўчыну, адразу становіцца чамусьці нямым. Нібы язык замярзае... ад гарачага пачуцця!

— Ну-ну, ты паасцеражней!—пагразіў Сонцаў.

— Мінск наш з кожным годам усё харашэў. У мяне ж усё на вачах адбывалася, я там ведаю гісторыю кожнага дома. Я там вучыўся, працаваў, у партыю ўступаў, любіў там. Усё, што было ў маім жыцці лепшае, пазнаў я там, у Мінску.

— У вас там жонка i дзіця засталіся, кажуць?— перапыніў старшага лейтэнанта Рыбакоў.

— Засталіся...

Старшы лейтэнант змоўк. Ён насцярожыўся, стаў скрытным, вочы патухлі. Аляксей не любіў гаварыць пра сваё гора. У радасці душа яго раскрывалася для ўсіх, ён не хаваў тады нічога, рассыпаючы вясёласць. A ў горы хмурнеў, рабіўся скрытным, маўклівым.

Да вайны Аляксей, калі працаваў інжынерам, з Нінай i таварышамі не раз ездзіў па гэтай магістралі за горад на аўтамабілі. Яму падабалася імчацца на вялікай хуткасці па гладкай, як шкло, дарозе, слухаючы сіпенне шын. Ніна падстаўляла твар ветру, які біў насустрач густою моцнаю хваляю, прыплюшчвала вейкі ад задавальнення. На пухлай, як у дзяцей, ніжняй губцы яе трапятала бесклапотная ўсмешка. Вецер, налятаючы на яе, тузаў, раскідаў, калмачыў густыя, выгарэлыя на сонцы валасы.

Пакінуўшы горад далека ззаду, машына паволі сцішала ход, зварочвала з шасэ і, гайдаючыся з боку на бок, падкідваючы пасажыраў, ішла між дрэваў. У ix было сваё аблюбаванае месца. Ніна вельмі любіла гэтыя пагулянкі. Яна была ў такія хвіліны заўсёды вясёлаю, жыццярадаснаю. З ёй было хораша i Аляксею; ён забываў усе свае турботы, паддаючыся гэтай весялосці. «Як дзіця!»— думаў часамі ён i не ведаў, якою яна будзе, калі здарыцца якое выпрабаванне.

Яны хадзілі па лесе, поўным птушыных галасоў. Хаваліся ў гушчарніку, шукалі адзін аднаго, перагукаліся... Раптам, гарэзна бліснуўшы вачыма i крыкнуўшы: «Лаві!», Ніна кінулася між дрэваў. Але паспрабуй, спаймай яе, спрытную i лёгкую, калі яна то ляціць хутка, то неспадзявана схітруе. Вось-вось Аляксей насцігне яе, працягвае ўжо рукі, каб схапіць, а яна раптам спрытна шмыг пад рукамі, i — лаві вецер. Стаіць ужо недзе ззаду i рагоча i дражніцца. Яму перашкаджаюць дрэвы, ён натыкаецца то на адно, то на другое, а ёй хоць бы што!