Выбрать главу

На дарозе, паступова мацнеючы, узнік шум. Лагуновіч, абарваўшы плынь успамінаў, азірнуўся. Імчаліся да фронта некалькі грузавікоў. Неўзабаве яны параўняліся, пранесліся паўз танкістаў. Аляксей пачуў у адной роўнае мернае чыканне, як у гадзінніка, прывычным слыхам адзначыў мімаволі: «Добры матор, відаць, новы». На першым у кузаве ляжалі скрынкі, мяшкі, сядзелі салдаты, у іншых груз быў складзены ўпоравень з кузавам i накрыты брызентам.

Старшы лейтэнант сачыў вачыма за машынамі, пакуль яны не зніклі за ўзгоркам.

«Iм да Мінска восем гадзін ходу»,— праплыла недарэчы думка.

У гэты вечар, калі б не вайна, ён мог бы ўбачыць агні Мінска. Яны раптам вынырнулі б з цемры, як толькі машына ўзышла б на ўзгорак. Зачараваны морам мігатлівых агнёў, шафёр павялічыў бы хуткасць, i Аляксей неўзабаве быў бы дома...

Ён добра ведае тыя апошнія кіламетры, дзе магістраль праходзіць паўз сасновую густа-зялёную сцяну парку імя Чэлюскінцаў. Там, на тых апошніх кіламетрах, часта былі матагонкі. Пры горадзе асфальт раптам канчаецца, далей пачынаецца брук. Гэта ўжо ўскраіна. Злева — дзве-тры маленькія хацінкі, батанічны сад Акадэміі, справа — няскончаныя вялізныя чырвоныя будыніны, далей — Дом друку...

Не, не даедуць тыя грузавікі туды ні за восем гадзін, ні за восем дзён!

Праз дзесятак, другі кіламетраў за ўзгоркам шафер зверне з шасэ, спыніцца дзе-небудзь каля склада боепрыпасаў ці на агнявой пазіцыі...

Мінская магістраль! Перарэзаў цябе фронт, перакапаў снарадамі, засеяў мінамі, аблытаў калючым дротам...

Не выпадкова так балюча вораг раніць цябе, так чапляецца за цябе, ён ведае, што ты — шлях вялікай дружбы, непарыўнай сувязі народа Беларусі з Масквою, з Савецкай Расіяй. Па табе пойдуць на беларускую зямлю тысячы салдат, каб вярнуць зноў наш народ у мільённую дружную сям'ю.

Была ты мірнай дарогай, якая звязвала дзве сталіцы. Стала ты дарогай нашай перамогі, арыенцірам, які паказвае нам баявы напрамак: на-Мінск, на захад!

Аляксей падумаў: яму заўсёды здавалася чамусьці, што дарога мае свой адзін кірунак, як рэчка. Раней, у Мінску, ён уяўляў, што шасэ накіравана ў бок Масквы. Яно i называлася там заўсёды Маскоўскае шасэ. Цяпер дарога перамяніла свой кірунак, яна ідзе ў Мінск. I не толькі ў яго такое адчуванне. Усе ж лічаць, што ісці туды, значыць, ісці наперад. Відаць, дарогі бягуць заўсёды туды, куды імкнецца чалавек. Калі скончыцца вайна, дарогі павернуцца ва ўсе бакі — на ўсход, на поўдзень, на поўнач... Цяпер жа ва ўсіх толькі адзін напрамак!

— Мы тут катаемся, а там фрыц, чорт яго ведае, што вытварае,—даходзіць да яго голас Сонцава.

— Д-да... Хутчэй бы марш!

— I так адсталі. На поўдні нашы ўжо ў Румыніі, а мы тут усё топчамся.

Старшы лейтэнант, рэзка павярнуўшыся на галасы, холадна зірнуў на Сонцава.

— Не топчамся i катаемся, а рыхтуемся. Зразумела, Сонцаў? Рыхтуемся! Камандаванне наша не сядзіць без справы, таксама, як i мы. Вы гэта добра ведаеце. Трэба думаць пра тое, што гаворыце!— I спакойна звярнуўся да ўсіх: — Нічога, таварышы, нічога. Вытрымка, трэба чакаць. Прыдзе пара — скажуць. Як цісканём ix, паганых,— да самай Варшавы без перасадкі кулём каціцца будуць!..

— Душа гарыць, таварыш гваірдыі старшы лейтэнант!

— Душа павінна слухацца галавы. На тое i галава ў чалавека.

Лагуновіч хрыплым голасам крыкнуў: «Канчай перакур!» і, перабраўшыся па траве праз кювет, хутка пайшоў да машыны.

— Та ты ж сам, Олексій, як той Сонцаў! — сказаў Якавенка, ідучы поруч. — У цябе ж душа там, у Мінску. Ніну бачыш усё, не дачакаешся.

— Бачу Ніну. Часта бачу, — адгукнуўся хмура Аляксей.— I не адну яе,— усю Беларусь, здаецца, бачу. Глядзіць яна на мяне тысячамі вачэй i кліча: «Ідзіце, не чакайце!» Ведаю, браток, ой, як ведаю, што значыць кожная хвіліна там для людзей... I ў мяне б'ецца сэрца, не можа яно быць абыякавым, слухацца халодных разваг,— сказаў ён ціха i скончыў сурова:— Але мы, брат, салдаты.

Неўзабаве, калі сабраліся ўсе каля машын, ён гаварыў Якавенку, спакойны i ўраўнаважаны:

— Таварыш гвардыі лейтэнант, камандзір роты забіты. Камандаваць ротаю будзеце вы...

Якавенка звыкла, паважна казырнуў.

— Ёсць камандаваць ротаю...

Лагуновіч зірнуў на Колышава.

— Назначаю вас камандзірам узвода.

— Ёсць!— адказаў, устрапянуўшыся, Колышаў.

Аляксей гэтым заняткам аддаваў вялікую ўвагу. Ён ужо некалькі дзён вучыў танкістаў сумежным спецыяльнасцям, дамагаючыся таго, каб кожны мог замяніць, калі будзе трэба, свайго таварыша ці камандзіра. Трэба, каб рота жыла заўсёды, каб ніякія страты не выводзілі яе з бою.