Калі Шчарбацюк пайшоў, Чарняхоўскі агледзеўся. З першага позірку веска здавалася маўклівай i ціхай, але ён, акінуўшы вачыма хаты, хлявы, печышчы, што сумна чарнелі абапал, прывычна заўважыў адзнакі неўтаймаванага жыцця. На двары побач са штабам некалькі салдат штосьці выгружалі з грузавіка; з другога боку вуліцы, каля плота, стаялі дзве запрэжкі з гарматамі, якія ці толькі прыпыніліся ці збіраліся вось-вось рушыць у дарогу.
Шчарбацюк хутка вярнуўся. Калі ён падышоў, непаспешліва, грузна, Чарняхоўскі запытаўся, колькі будзе адсюль да батальёна i ці можна пад'ехаць...
— Так точна, пад'ехаць можна, таварыш камандуючы, кіламетры два з палавінай...
—Едзем. Камароў, сядай!
Камароў спрытна нырнуў у машыну. Хоць паручэнец нічым не паказваў гэтага, ён у душы намер камандуючага ехаць на пярэдні край асудзіў. Праўда, такі паварот справы не застаў знянацку Камарова, які хадзіў з Чарняхоўскім i тады, калі той быў мала каму вядомым палкоўнікам, i пазней, калі стаў генералам, але ён не мог згадзіцца, што Чарняхоўскі i цяпёр, будучы ўжо камандуючым, як бы не разумеючы змены ў становішчы, трымаецца ранейшай прывычкі.
«Вельмі яму трэба хадзіць пад самымі кулямі!»
Нешта падобнае адчуваў i Шчарбацюк, які не лічыў, што камандуючаму ехаць туды абавязкова трэба, але камдыў не столькі адобрыў ці асудзіў гэта, колькі адзначыў сам сабе; Шчарбацюк пакуль прыглядаўся да Чарняхоўскага, вывучаў.
«Ён, здаецца, у глыбокія пласты любіць забірацца», — падумаў Шчарбацюк пра камандуючага.
Праехаўшы поле i лясок, вышлі з машын i далей падаліся пешкі. Наперадзе ўзнік, мацнеючы, уедлівы знаёмы свіст, разложыста грымнуў вельмі блізкі выбух, усплёснуўшы над плецівам кустоў агонь. Камароў, які да гэтага ішоў следам за Шчарбацюком, абмінуў яго i камандуючага i далучыўся да пярэдніх аўтаматчыкаў i разведчыка.
Чарняхоўскі ішоў вельмі хутка, i прыземістаму Шчарбацюку i ўсім прыходзілася паскараць хаду, каб не затрымліваць яго.
Сцежка бегла праз рэдкі хмызняк, сярод якога дзе-ні-дзе пры водсвітах ракет цьмяна бялелі маладыя бярозкі. Хоць пад нагамі быў цвёрды грунт, пахла сырасцю, што плыла, напэўна, з недалёкага балота.
Аўтаматчык i Камароў раптам прыпыніліся, спаткаўшыся з групкай салдат, што ішлі насустрач.
— Закурыць ёсць, землячкі? — запытаўся адзін з салдат.
— А вы хто? — пачуўся голас Камарова.
— Хто? Свае, ясна... Пасведчанне паказаць? Вось яно — завернутае ў марлю: немец выпісаў сягоння.
— З палка Сібірака?
— Так точна!.. Дык як — дымнуць ёсць?
— Ёсць,— адказаў Чарняхоўскі, падыходзячы бліжэй да салдат. — Ну, як там?
— Дык так. Хрэнова, — раптам проста адрэзаў баец. — З астраўка садзіць з гармат, як брые. Мінамі ўсё начыніў.
— Крэпка засеў?
— Крэпка...
— Але ўсё-ткі паддаецца?
— Паддаецца. Выкалупалі ж сёння! Ды гэта што ж, так — тузаніна дробная.
— Ну, a калі пачнецца, скажам, вялікая?..
— Цікаўны ты: а што, a калі?.. Ну, што ж будзе — тое ж самае!.. Толькі, — голас прыціх задуменна, — многа, мабыць, крыві нашай пральецца...
Салдат узяў працягнутую папяросу, крыху здзівіўся.
— Папяроса? Ну, што ж, папяроса, дык папяроса, папяросы мы таксама ўмеем курыць. Да таго ж рука адна ў мяне не ў форме... А агонь у нас — свой.
Ён весела пстрыкнуў запальнічкай:
— Прыкурвай, землячок!
Рука працягнула запальнічку, але на момант так i засталася нерухомай, як анямела. На плячах незнаёмага, што нахіліўся прыкурваць, водбліск недалёкай ракеты асвятліў генеральскія пагоны з трыма зоркамі!
Салдат хутка схамянуўся,— дзьмухнуў на запальнічку i, казырнуўшы здаровай левай рукой, выпаліў:
— Выбачайце, таварыш... арміі генерал.
— За што ж прабачыць, за шчырасць?
Чарняхоўскі толькі параіў на развітанне лепш вывучыць у шпіталі знакі афіцэраў i генералаў, каб не блытаць.
Неўзабаве па неглыбокім ходзе зносін Чарняхоўскі i Шчарбацюк падышлі ўжо да каманднага пункта батальёна.
— Прыгніцеся, — сказаў вайсковы, што вышаў насустрач,— можна ўдарыцца галавой.
Перад Чарняхоўскім адсунулі палатку i ён апынуўся ў бліндажы, каторы асвятляла задымленая гільза ад снарада. Тут было ўжо з дзесятак афіцэраў, якія адразу, як толькі ён увайшоў, усталі, a крутаплечы, рослы капітан, з забінтованай галавой, нібы ў чалме, папрасіўшы дазволу ў генерал-палкоўніка звярнуцца да камандзіра дывізіі, далажыў, што афідэры па яго загаду сабраліся.
— Дакладвае камандзір батальёна капітан Паўлоўскі, — адрэкамендаваўся ён.