Выбрать главу

З раніцы наступнага дня ўслед за агітатарамі выправіліся партызанскія групы...

На пустой, спаленай вуліцы Паплавоў ціснуўся, гаманіў натоўп. У сярэдзіне яго, акружаныя з усіх бакоў, дымілі цыгаркамі некалькі партызан, стары, старшыня сельсавета i Шашура, які з важным выглядам трымаў у руцэ спіс, выклікаў прозвішчы. Ён размяркоўваў сваіх партызан па брыгадах...

Шашура прышоў к людзям ва ўсім баявым харастве. На плячы, ствалом уніз, вісеў, цьмяна адліваючы сіняватай сталлю, ППШ, пры боку хітаўся трафейны «парабелум». Малаваты, старэнькі Шашураў пінжачок быў аздоблен камандзірскім поясам з наплечнымі рамянямі, якія на спіне сыходзіліся накрыж; такія рамяні насілі кавалерысты. Над нагруднай кішэняю паблісквалі ўжо даволі нацёрты ордэн Чырвонага Сцяга i партызанскі медаль.

Скончыўшы размяркоўваць, Шашура заявіў:

— Вось усё пакуль. Больш вылучыць не маглі... Самі ведаеце, якое ў нас, каліна-маліна, становішча — прыходзіцца трымаць у руцэ аўтамат... Адным. словам, вы разумееце...

— Разумеем... i то яшчэ дзякуй, што гэтае далі, адказала Шабуніха.

— Ну, можна разысціся. Ды за працу, каліна-маліна...

Шашура стаў па-аднаму выпраўляць партызан. Ён цяпер быў падобны на брыгадзіра, які дае людзям нарады, дзе працаваць. Такое параўнанне дзень назад пакрыўдзіла б Шашуру, баявога падрыўніка, але цяпер, адчуваючы важнасць сваёй пачэснай, хоць i цывільнай місіі, акружаны жанчынамі, якія з пашанай пазіралі на яго, ён нават ганарыўся, што яму даверылі гэта.

Павозкі з плугамі, што паблісквалі белымі нарогамі, пачалі раз'язджацца. За імі сталі разыходзіцца i жанчыны, адны падаліся за павозкамі, a другія да сваіх селішчаў. Між ix пайшла i маўклівая Шабуніха.

Шашура, як i належыць начальству, выпраўляўся апошнім, калі ўсе партызаны ўжо раз'ехаліся. Тоячы гарэзныя іскрачкі ў вачах, ён сказаў невысокай, яшчэ маладой, але з плецівам маршчынак каля вачэй, жанчыне, якая чакала яго: — Камандуй, цётка Аксіння, куды кіраваць...

Апрача яе імя, ён пакуль ведаў толькі, што яе прозвішча Палянічка.

Узяўшы лейцы, Шашура легка падсцёбнуў каня, і павозка кранулася. Хутка яна ўехала на пустое выпаленае селішча. Яно было падобна амаль на ўсе іншыя селішчы ў гэтай вёсцы, але ўражлівы падрыўнік не стрымаўся:

— Эх, каліна-маліна, як вымелі тут захрыбетнікі.

Чалавек практычнага характару, ён адразу ж адзначыў, што Аксінні ўсё ж пашанцавала больш, як некаторым суседзям: у яе ўцалеў невялічкі хлеў, які стаяў наводдаль.

У садку, побач з хлявом, пад абгарэлай маладой яблыняй заплакала раптам дзіця, i Аксіння подбегам кінулася да яблынькі. Ухапіўшы дзіця на рукі i пакалыхваючы, Аксіння стала супакойваць яго.

— А-а-а! Ну, чаго ты раскрычаўся! Ну, сціхні, сціхні, дурненькі, — пяшчотна гаварыла яна малому. Усміхаючыся, яна паскардзілася Шашуру: — Такое неспакойнае, на хвіліну нельга адысці.

Каля яблыні стаяў кірпаносы хлопчык, пазіраючы на незнаёмага чалавека. Хлопчык, напэўна, глядзеў дзіця.

Перачакаўшы, пакуль маці сцішыць дзіця, Шашура папрасіў:

— Пакажы, Аксіння, куды ехаць. Каб час не марнаваць.

Аксіння, пакінуўшы дзіця з хлопчыкам, правяла падрыўніка на загон, што быў непадалёк за сялом.

Асобныя загоны былі ўжо ўзараны i вылучаліся сярод іншых цёмным колерам. На некаторых з мінулага года валяўся непрыбраны ператлелы бульбоўнік.

Шашура перапрог каня, разуўся, зняў пінжак, паклаў на яго аўтамат, пакінуўшы, аднак, пры сабе «парабелум». Паставіўшы плуг, ён тузануў лейцы. Конь нацягнуў пастронкі, нарог лёгка ўехаў у зямлю, i вільготная, з цьмяным тлустым адценнем шэрая скіба стала валіцца набок. Босыя ногі Шашуры ступілі ў мяккую халаднаватую баразну, па грудзях пацёк казытлівы лёгкі майскі ветрык.

Прайшоўшы ў канец палоскі, Шашура налёг на ручкі, перавёў плуг на другі край загону i пакіраваў назад. У канцы загону яго чакала Аксіння.

— Ідзі. Глядзі дзіця,—сказаў ён па-гаспадарску.— Ды загадай, каб насенне падрыхтавалі...

Яна ніколькі не здзівілася таму, што ён распараджаецца, i паслухмяна пайшла дахаты. А ён адразу забыўся пра ўсё. Да чаго ж прыемна ісці босымі нагамі ў мяккай баразне, трымаючыся за плуг! Колькі часу ён не браўся за плуг!

Сонца падымалася ўсё вышэй на ясна-блакітным, з рэдкімі высокімі воблакамі небе. Станавілася горача. Сарочка памакрэла, асабліва пад пахамі ды на спіне, i ліпла да цела. Калі-ні-калі яго халадзіў лагодны, ціхі ветрык, што варушыўся няроўнымі слабымі павевамі.

Там i тут у полі былі відаць людзі, якія спакойна i мірна працавалі. Спакой апаноўваў i душу Шашуры. Ён вёў i вёў разору за разорай.