Услед за імі пратупацеў важкімі каванымі ботамі салдат. Ён на бягу крыкнуў нешта i стрэліў. Уцякачкі, пачуўшы стрэл, спыніліся...
Ніне вельмі хацелася павярнуць зараз жа назад, каб збочыць дзе-небудзь у завулак i кінуцца наўцёк. Але яна ведала, што гэта было б неразумна, i таму, як бы нічога не адбылося, пайшла проста да гітлераўца. Той азірнуўся на яе, хацеў было нешта сказаць, у яго нават смыкнуліся губы, але спакойны i бесклапотны выгляд жанчыны, якая кінула абыякавы ганарлівы позірк, спыніў яго.
Абмінуўшы небяспеку, Ніна пайшла хутчэй. Сэрца яе білася гулка i часта.
«Ледзь не папалася. Так недарэчна i бязглузда...»
Праз гадзіну, а можа i больш па ціхенькай, перарытай калдобінамі вуліцы яна падышла да адной з явачных кватэр.
Хуткім, пільным позіркам акінула дворык i драўляны, пахілены ад старасці дом, куды ёй трэба ісці. Пуста.
Яна заўважыла, што ў ix нейкі запушчаны, нібы нежылы выгляд — у вокнах ні адной фіранкі, a ў сярэднім — выбіта шыба. Няўжо жывуць з выбітай шыбаю?.. I каля расхрыстаных веснічак — рубчаты след аўтамашыны.
Усё гэта яна схапіла адным позіркам. Не прыпыняючы хады ні на хвіліну, прайшла паўз дом.
Ніна прыкмеціла маленькага чалавека ў вышыванай падпяразанай рубашцы, што паволі шпацыраваў наводдаль. Праходзячы паўз яго, яна з намаганнем стрымлівалася, каб не азірнуцца, адчуваючы, што ён сочыць за ёю.
Здаецца, Ніна недзе ўжо сустракала гэтага чалавечка. Дзе?..
Толькі, калі прайшла паўквартала, каля павароту, нібы рассеяна, азірнулася. Чалавек глядзеў услед. Чаго ён глядзіць? Можа, i ён прыпамінае? Значыцца, ён таксама недзе бачыў яе? Ці пазнаў ён?
Ніна ціха прайшла за рог. Тут яна прыпынілася, кінула позіркам у бакі i, нядоўга думаючы, раптам нырнула ў пралом спаленай будыніны. Між каменных руін яна хутка выбралася на другую вуліцу. Азірнулася: яго не было відаць.
Калі Ніна ішла да другой кватэры, яна знарок зрабіла вялікі круг, каб заблытаць свае сляды. Устрывожаная аблавай i падазроным чалавекам, яна цяпер была асабліва пільная.
Па меры таго, як яна падыходзіла да гэтай яўкі, трывога яе ўсё большала. Няўжо i тут тое?
Вось i другая кватэра. Вузенькі двор, акуратныя, зачыненыя веснічкі, каля вокан весела зелянеюць маладая ліпа i два кусты бэзу.
Ніна ўбачыла дзяўчыну, якая падмятала двор. Выгляд i занятак дзяўчыны былі такія, што адчувалася: тут спакойна.
— Мне гаварылі, што вы хочаце мяняць адзежу на крупы, — сказала Ніна, прывітаўшыся. Дзяўчына, бялявая, паўнатварая, уважліва паглядзела.
— A якія ў вас крупы?
— Пшано. Ёсць i грэчневых жменя.
— Ідзіце да Сяргея.
Дзяўчына правяла Ніну праз цёмныя сенцы з хісткай падлогай у нізенькі пакой. Там на лаўцы сядзеў малады, чыста паголены хлопец, які малатком нешта кляпаў з бляхі. Калі Ніна ўвайшла, ён перастаў кляпаць, выпрастаўся і, адкінуўшы з ілба пасму густых валасоў, спакойна зірнуў на яе. Ніна па прыкметах, пра якія казаў Туравец, пазнала, што гэта i ёсць Сяргей...
— Пшано прынесла. I грэчневых жменя... На абмен. Купіце?
— Пабачу, якую цану заломіце.
Па яго знаку дзяўчына вышла. Упэўніўшыся, што ён якраз той, да каго яе паслалі, Ніна расказала пра сваё даручэнне. Яна зняла левы бот i з-пад халявы выняла невялікую паперку-запіску ад Тураўца.
Сяргей прачытаў яе, акуратна згарнуў i палажыў у кішэню на грудзях.
— Што ў вас новенькага? Нешта даўно не было гасцей, я непакоіцца пачаў... Як там дзядзька Нічыпар, што ён робіць?
— Сяўбою займаўся доўга. Сеялі хлеб, бульбу. Фрыцаў i ўсіх іхніх ганялі. Цяпер сходы розныя праводзіць, лекцыі чытае...
— Лекцыі, праўда? Цікава б паслухаць, па міжнароднаму!.. Скажыце, што новага там — па той бок?
Ён сказаў гэтае «там — па той бок» з такой пяшчотай, як гавораць імя любага чалавека. Тут, за калючым дротам, куды весткі даходзяць скупа, людзі асабліва востра адчувалі вялікі сум па радзіме. Ніна гэта сама некалі перажыла i таму ахвотна начала расказваць яму.
Сяргей прагна лавіў кожнае слова. Твар яго ажывіўся, вочы блішчалі.
— А што ў вас? — запыталася яна ў сваю чаргу.
Ён адкінуў рукою пасму валасоў з ілба, адразу стаў заклапочаным.
— Цяжка стала тут, іншага не скажаш. Цяпер, як прыехала СД са Смаленска i Гомеля, на кожнага падпольшчыка, напэўна, паўдзесятка гэтых сабак-гестапаўцаў. Хапаюць нашых аднаго за другім... Іншы раз нашы пападаюць выпадкова — трапяць дзе-небудзь пад аблаву i разам з другімі — у лагер. Гестапаўцы забіраюць цяпер адразу сотнямі, думаюць, гады, што так лягчэй выкараніць нас...