Выбрать главу

Паварушыўшы рукой пачэсаны на вока чорны чуб, Тыталь неспадзявана зноў ашчэрыўся. Зубы ў яго рэдкія, вострыя, як у пацука.

— Дык ідзі да Тураўца — адпускаю!.. Ей-бог, не затрымліваю! Пропуск нават напішу! «Паліцай Грэчка, маўляў, зразумеў, ці як гэта кажуць... усвядоміў сваю памылку і іншае такое. Прыміце яго, напішу, як блуднага». Ідзі — там асіна, перадавалі, даўно сумуе па табе. Гэ-гэ-гэ-гэ!

Чорт аднавокі! Чаму табе тады заадно не выбілі і другое вока? Нібы душу выварочвае, знарок стараецца дапячы як найбольш.

Надакучыў ён Грэчку, але што ты зробіш? Даводзіцца трываць усё: як ні кажы, хоць і малое, і паганае, а начальства.

Тыталь памаўчаў, пасміхваючыся, прамовіў: — Нікуды ты не пойдзеш, дурань!.. Лёс, відаць, наканаваў нам так — разам і жыць і вісець!..

2...

Не памыліўся. Разам папаліся.

Грэчка і яшчэ адзін паліцай ахоўвалі мост на рэчцы. Іх абступала шэрая і маўклівая летняя ноч. Толькі час-ад-часу недзе ў далёкай вёсцы сумна ні то брахалі, ні то вылі сабакі, ад гэтага брэху-выцця Грэчку станавілася моташна. «Няма на вас пагібелі. Каб было блізка, прыстрэліў бы вас, воўчае племя!» Паліцаі, ахоўваючы кожны свой бераг, некалькі разоў сыходзіліся на мосце, ціха перагаворваліся. Час цягнуўся вельмі марудна.

Грэчка адстаяў прыблізна палову свайго тэрміну, як пачуў непадалёк знаёмыя важкія крокі. Ён аклікнуў для прыліку чалавека, хоць і ведаў, што ідзе «Чубаты». Тыталь прышоў праверыць, як яны вартуюць мост.

— Ну, што — ціха?

— Як у царкве ў часе абедні...— ахвотна адказаў Грэчка, задаволены тым, што можна пагаварыць.

— Ты глядзі, галава, не пачні маліцца!.. — зарагатаў Чубаты.— Хоць яно, можна і маліцца... толькі — на пляшку з самагонкай! Зменішся з варты, і я тваю малітву прыму... Дасталі самагонка Пяршак — агонь!..

Ён пайшоў да другога вартавога, потым вярнуўся.

— Нудзішся, напэўна? Хутка прышлю змену...

— Давай, хутчэй!.. Надакучыла...

Неспадзявана аднекуль у шэрай цемры ўзняліся дзве постаці. Яны выраслі з зямлі так блізка, што Грэчка разгубіўся; ногі яго нібы прыкіпелі да зямлі — не зрушыць з месца...

— Стой!..— пачуў Грэчка ціхі, але строгі загад.— Кінь вінтоўку!

Тыталь адразу скочыў убок і ірвануў пісталет з кабуры. Ударыла імклівае кароткае полымя. Адзін раз, другі.

У адказ прагучала частая чарга аўтамата, і чубаты, вылаяўшыся, паваліўся на зямлю...

Стрэлы Тыталя вярнулі Грэчкавым нагам сілу. Ён, прыгнуўшы галаву да грудзей, кінуўся наўцёк. Чаргу з аўтамата, якая пранізала Тыталя, Грэчка чуў ужо за сабой і падумаў, што гэта б'юць па ім.

— Стой, стой!..— пагнаўся за Грэчкай вокліч.

Але ён, не азіраючыся, утуліўшы галаву ў плечы, бег колькі духу. Воклічы, што даносіліся да Грэчкі, яго быццам падганялі. Уцячы, уцячы — часта калацілася, аж знемагаючы, сэрца. Гэта партызаны, яго пагібель. Далей, далей ад іх! Яму гэтыя людзі здаваліся цяпер страшней за ўсё.

Грэчка адбег ужо з сотню крокаў, як неспадзявана наперадзе акрэслілася яшчэ адна постаць. Яна стаяла на шляху, які вёў да ратунку. Далей за ёй былі блізка відаць кусты. Цёмныя густыя кусты.

Грэчка прыпыніўся, пахапліва ўскінуў вінтоўку і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Ён хацеў перазарадзіць вінтоўку і стрэліць яшчэ раз, але ў тую хвіліну да яго падскочыў другі партызан, што апынуўся збоку ад Грэчкі, замахнуўся сваім аўтаматам і з усёй сілы ўдарыў паліцая прыкладам па галаве. Перад вачыма Грэчкі ўспыхнула зялёнае полымя, і ён адразу зваліўся.

— Ах ты, падлюка!.. Ну, праўда — падлюка!

Партызан — гэта быў Вася Крайко — асвятліў паліцая кішанёвым ліхтарыкам. Святло ліхтарыка выхапіла з цемры нерухомае скурчанае тулава і паблізу яго вінтоўку, якая валялася на зямлі. Вася схапіў вінтоўку і навёў ліхтарык на твар паліцая. Неспадзявана для сябе Крайко пазнаў, што гэта Грэчка: — У, гніда! — прамовіў хлопец з гідлівасцю. Ён пагардліва штурхнуў труп нагой.

3...

Ну, вядома, месяц зіхціць. Перад насыпам такая відната, хоць кніжкі чытай: кожная травінка асветлена. Рэйкі блішчаць здалёк — яны бягуць цераз лясок у адзін і другі бок і знікаюць.

Колькі закаханых глядзела на гэты месяц і ўздыхала: ах, як хораша! І Шашура таксама глядзіць на яго, глядзіць з-пад насунутай набакір кепкі, прыплюшчыўшы вочы і... таксама ўздыхае. Але не зачаравана, а сярдзіта. Чорт бы цябе пабраў, месяц, як ты не ў час выпаўз!