Выбрать главу

— Контратакуе Сібірака!.. От, скажэнны! — ён звярнуўся да начарта: — Дадай Сібіраку дывізіён. Толькі адзін! Іншых рыхтуй да атакі...

Шчарбацюк зняў фуражку, выцер лысіну, медны карак.

— Ну, дзянёк!.. Угрызаешся, як у пароду, у гадзіну — крок.

Генерал стаў пазіраць на поле бітвы. Была хвіліна, як здавалася камдыву, незвычайнага ў гэты гарачы дзень зацішша ў яго дывізіі. Праўда, назваць гэта «зацішшам» мог толькі хіба такі цярплівы, прывыклы да бою воін, як Шчарбацюк. Як і раней, наваколле грымела ад выбухаў і стрэлаў гармат, у прамежкі між якіх урывалася чачотка кулямётаў. Над варожымі пазіцыямі ўзляталі кусты дыму і полымя. Але генерал усё ж меў рацыю: гэта было адноснае зацішша. Зацішша ў буры. Больш за палову гарматных ствалоў, якія стаялі сярод хмызняку на ўчастку, які займала дывізія, маўчалі. І баявыя палкі, акрамя Сібірака, таксама «маўчалі». Але чарга іх набліжалася.

Поблізу ад камдыва, у суседнім акопчыку, быў наводзячы ад авіячасці, прыданай дывізіі, рослы, флегматычны з выгляду лейтэнант. Ён сядзеў каля рацыі, трымаючы ўвесь час сувязь з палком, і, здавалася, нешта ціха насвістваў.

— Праз дваццаць адну хвіліну пачнем атаку,— сказаў камдыў, падышоўшы да яго.— Перадай сваім, каб былі напагатове.

— Добра. Зараз перадам.

— Сігнал для абазначэння пярэдняга краю — дзве белыя ракеты адначасова... Не пераблытай квадратаў... Начальнік разведкі ўдакладніць табе абстаноўку.

Шчарбацюк паклікаў падпалкоўніка.

Непадалёк ад гарбка ішлі павозкі са снарадамі. Яшчэ некалькі цягнулася ззаду ад іх. Коні грузлі. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каня, які пяўся з усіх сіл. За павозкай ішлі, папіхаючы яе, два пехацінцы.

— Марудна, другі мае, наступаеце,— заўважыў генерал пехацінцам, калі яны, уз'ехаўшы ўжо на выспачку, прывіталі яго.

— Дык балота ж, таварыш генерал-маёр... Вось выйдзем на цвёрдую зямлю, тады — аж пыл закурыцца! — аптымістычна адказаў адзін з салдат.

— «Выйдзем на цвёрдую»... Колькі ж вы будзеце так выходзіць!

Генерал зірнуў на гадзіннік,— заставалася семнаццаць хвілін. На НП Шчарбацюк звязаўся з камандзірамі палкоў, правяраючы, ці падрыхтаваліся ўсе, зверыў свой гадзіннік з гадзіннікам начарта.

— Што ж, дарагі, палкі гатовы... Табе засталося шэсць хвілін.

Начальнік артылерыі ведаў, што калі генерал сказаў: шэсць, значыць — шэсць, ні секунды менш ці больш. Шчарбацюк быў, пры ўсёй сваёй марудлівасці, на дзіва дакладны.

Роўна праз шэсць хвілін забухалі гарматы. Некаторыя з іх стаялі так блізка ад НП, што тэлефаністы і лётчык вымушаны былі прыкрываць вушы далонямі, каб чуць з трубак адказы. Над пазіцыямі праціўніка суцэльнай сцяною заклубіўся дым. Гітлераўцы адказалі на нашу страляніну некалькімі залпамі, — паўдзесятка снарадаў лягло каля агнявой пазіцыі бліжэйшай батарэі.

Варожым артылерыстам прышлося сціхнуць...

Камдыў падышоў да лётчыка:

— Падымай, лейтэнант, у паветра сваіх летуноў.

Гарматы пачалі змаўкаць. Штурмавікі пранесліся так нізка і з такім рокатам, што задрыжала зямля. Праз кіламетры два з паловай яны развярнуліся і пайшлі ўсцяж пярэдняга краю, расстрэльваючы праціўніка з кулямётаў і гармат. Адсюль было відаць, як з самалётаў выкідваюцца вострыя язычкі полымя. Раз-по-раз чуліся выбухі бомб...

— Пайшла, царыца палёў і балот! — сказаў падпалкоўнік-разведчык, гледзячы наперад.

Там былі відаць пехацінцы, тысячы пехацінцаў з мяшочкамі за плячыма, са зброяй, яны паступова аддаляліся. На іх шляху нярэдка ўскідваліся дымы выбухаў, але людзі не спыняліся. Павольна і ўпэўнена яны ўсё ішлі ды ішлі...

Вось яны ўжо дабраліся да пагорка, і тут хваля пяхоты, як марская хваля, ударыўшыся аб бераг, спынілася. Шчарбацюк, які цяпер нязводна сачыў за імі, пачаў хвалявацца,— пад скурай напружана захадзілі жаўлакі. Ён выняў кісет, панура зацягнуўся едкім дымам самакруткі.

З гэтым астраўком прыдзецца павалтузіцца. Не так проста вытурыць адтуль ворага. Камдыў непакоіўся, як бы яго дывізія, заваждаўшыся з узгоркам, не адстала ад суседзяў. Гэта было б для яго найвялікшай ганьбаю. Акрамя таго, ён уяўляў, як бы адгукнуўся на вестку пра гэта камандарм: «Я так і ведаў... Ён толькі хваліцца майстар!»

Генерал выклікаў авіяцыю, і над астраўком хутка з'явіліся нашы пікіроўшчыкі. Змяняючы адзін аднаго, яны кідаліся з гары на нябачныя адсюль цэлі. Не перастаючы, па тых жа месцах біла артылерыя. Усё ўдалечы зацягнула дымам.

Камдыў загадаў выклікаць да тэлефона Скорабагатага, полк якога правым флангам наступаў на ўзгорак, але лейтэнант-сувязіст зморана адказаў, што сувязь з палком перарвана.