Выбрать главу

- О, актрыса з душком! - прамовiў ён. - Небяспечная штучка! Такая сапраўды можа арганiзаваць "пятую калону".

- А вы не закахалiся ў яе, Крысцiян?

- Ды не. Важна, што яна кахае Ларана. I не толькi кахае, ён яе стварыў, ён даў ёй жыццё. Яна яму абавязана ўсiм.

- Вы думаеце, што адчуванне такой залежнасцi робiць яе больш ласкавай? Я скептычна гляджу на жанчын i хутчэй паверу ў падсвядомую злапамятнасць. Але якая вам справа да гэтага. Роля ёй даспадобы, i ўсё iдзе як не трэба лепей.

Сапраўды, некалькi дзён усё iшло як мае быць. Потым iзноў Ларан спахмурнеў.

- Што ў яго яшчэ? - запытаў Крысцiян.

- На гэты раз нiчога не ведаю, - адказала Клер. - Але я магу даведацца.

Ларан не прымусiў сябе прасiць. Ён растлумачыў:

- О не, роля цудоўная, i Элен на сёмым небе... Але ж... вы разумееце, мы жывём разам i наймаем у тэатр адно таксi; ехаць паасобку - абсурд... Калi ж Элен будзе выступаць толькi ў другiм акце, што ж ёй тады рабiць у сваёй прыбiральнi цэлую гадзiну? Ёй альбо стане нудна, чаго яна цярпець не можа, альбо да яе з'явяцца вiзiцёры, i тады, я ведаю сваю натуру... гэта сапсуе мне iгру... а яшчэ больш, пашкодзiць сэрцу... Праўда, маё сэрца пана Менетрые не цiкавiць, а вось мая iгра...

- Карацей кажучы, - падагулiла Клер, - вы жадаеце, каб Мiрына дзейнiчала i ў першым акце.

- Ад вас нiчога не схаваеш, мадам.

Калi яна расказала Крысцiяну пра гэта новае патрабаванне, той пачаў крычаць: "Прымушаць пiсьменнiка! Навязваць яму!.." Клер нядрэнна разбiралася ў сiстэме мужавых думак. Перш за ўсё трэба было супакоiць яго сумленне.

- Чакайце, Крысцiян, усе драматургi працавалi ў залежнасцi ад абставiн. Шэкспiр, як вам вядома, улiчваў фiзiчныя асаблiвасцi сваiх акцёраў, Расiн пiсаў для Шанмеле. Гэта засведчыла ў сваiх "Пiсьмах" мадам дэ Сэвiнье.

- Яна ненавiдзела Расiна.

- Яна яго добра ведала.

Мiрына з'явiлася i ў першым акце. Мабыць, няма патрэбы гаварыць, што праблема таксi, вельмi важная для сумеснай дастаўкi каханкаў у тэатр, была не менш важная i для адначасовага iх вяртання дадому, так што ў канчатковым варыянце п'есы Мiрына трапiла i ў трэцi акт. Клер зноў была прымушана ўмяшацца:

- А чаму б, Крысцiян, гэтую Мiрыну, пасля паражэння афiнцаў, не павярнуць на шлях дабрачыннасцi. Зрабiце яе патрыёткай, адпраўце да партызан. Аддайце нарэшце ў палюбоўнiцы Дэмасфену.

- Ох, Клер, паслухаць вас, дык я напушчу туды сентыментальнасцi, як у галiвудскiх фiльмах. Даволi, хопiць, я не дадам нi радка.

- Чаму вы лiчыце гэта банальным i нерэальным? Хiба жанчына лёгкiх паводзiн не можа стаць патрыёткай? У жыццi такое бывае скрозь. Кастыльёне спакусiла Напалеона Трэцяга iдэяй аб'яднання Iталii... Трэба толькi разумна i нечакана падрыхтаваць перамену ў Мiрыне... Вы ж распiсваць мастак. Ну, а без палюбоўнiцы Дэмасфен можа абысцiся, я сказала гэта жартам.

- Чаму жартам?.. Успомнiце некаторых дзеячаў французскай рэвалюцыi...

Клер, праявiўшы вытрымку, прымусiла Крысцiяна нарэшце згадзiцца, i роля Мiрыны, павялiчаная i ўдасканаленая, стала адной з галоўных у п'есе.

Надышоў дзень прэм'еры. Гэта быў трыумф. Увесь Парыж глядзеў на гераiню вачамi Ларана. Публiка, падзяляючы ў душы палiтычныя трывогi Менетрые, прагнучы бачыць патрыятычны спектакль, падобны на "Персаў" Эсхiла, зрабiла аўтару авацыю. Спецыялiсты высока ацанiлi майстэрства, з якiм ён, не ўпадаючы ў пародыю, на антычным матэрыяле адлюстраваў сучаснасць. Сам Фабер, не надта прыхiльны да сваiх калег, прыветлiва сустрэў Клер за кулiсамi.

- Не iначай, як вы прыклалi сваю лапку да гэтай Мiрыны, смуглявая чараўнiца! - прабурчаў ён добразычлiва. - Нiчога не скажаш! Жанчына як жанчына, сапраўдная жанчына... I ваш праведны муж сам без дапамогi нiколi б яе не выдумаў. У жаночых справах ён не акадэмiк... Можа, няпраўда?

- Прыемна чуць, што вам спадабаўся вобраз Мiрыны, - усмiхнулася Клер, але я тут нi пры чым.

Назаўтра Рабер Кемп у сваёй рэцэнзii гаварыў толькi пра Мiрыну. "З гэтага часу, - пiсаў ён, - iмя Мiрыны стане такiм жа славутым, як iмя мальераўскай Агнесы альбо Селiмены".

Клер сядзела каля мужа i, з асалодай чытаючы хвалебны артыкул, шаптала:

- Падумаць толькi, каб не праблема таксi, не iснавала б i Мiрыны!

Астатняе належыць гiсторыi лiтаратуры. Трагедыя "Фiлiп" была перакладзена на многiя мовы i дала пачатак новым плыням у развiццi тэатральнага мастацтва. Засталася невядомай толькi адна дэталь. Нядаўна, пасля таго як Элен Месьер кiнула Леона Ларана i выйшла замуж за рэжысёра з Галiвуда, Ларан звярнуўся да Клер, якая, аўдавеўшы, стала наследнiцай твораў Менетрые, з просьбай выкраслiць ролю Мiрыны.

- Ва ўсякiм разе, - сказаў ён, - мы з вамi ведаем, што ў п'есу яна трапiла выпадкова i ў першым варыянце яе не было. Дык чаму ж не аднавiць аўтарскую задуму?.. Тады роля Дэмасфена набыла б аскетычную суровасць, а гэта на карысць вобразу i мне блiжэй. Ну, i эканомiя сродкаў. Не трэба шукаць гераiнi.

Але Клер адмовiла далiкатна i рашуча:

- Што вы, Ларан! Няўжо вам так цяжка знайсцi актрысу? Пры вашых здольнасцях вы створыце яшчэ адну Мiрыну. Даруйце, я не магу дазволiць папраляць п'есу майго мужа... Не будзем разлучаць тых, каго зблiзiў Крысцiян.

I Мiрына, дачка натхнення i неабходнасцi, па-ранейшаму ўпрыгожвае сцэну.

Пераклад: Юрка Гаўрук