Выбрать главу

Слава пра мяне пойдзе з краіны ў краіну, і як-небудзь раніцай за кубачкам кавы дзядзь­ка Лунеш задуменна скажа пастарэлай, патаўсцелай і ўжо не такой прыгожай Ізе: «А ведаеш, я памыляўся ў Петэры. Гэты хлапчук чартоўскі здольны! Ён перасягнуў нават мяне!» Іза расплачацца горкімі слязьмі, раскайваючыся, што неабдумана абрала пасрэднага дзядзьку, не разгледзеўшы геніяльныя задаткі ў пляменніку. Прымецца дасылаць мне любоўныя лісты, якія пахнуць нязменнымі ванільнымі духамі, а я, не чытаючы, пушчу іх на падпалку каміна. Бо я вялікі, я ўсёмагутны, і ўсе дзяўчаты свету — мае...

Суцяшаючы сябе гэткімі фантазіямі, на досвітку я прыцягнуўся, нарэшце, на станцыю. Да цягніка заставалася больш за гадзіну. Перон быў пусты, паміж шпаламі падрыгвалі ад ветрыку дробныя рамонкі, а на лавачцы каля білетнай касы сядзеў Іосіф і змрочна еў сланечнік. Выкалупліваючы пульхнымі пальцамі семкі і злосна сплёўваючы пад ногі шалупінне, ён выглядаў жудасна кіслым і неадпаведным майму прыўзнятаму настрою. Як выявілася, пасля сытнага абеду ў станцыйным буфеце няўдачліваму пасажыру не хапіла грошай на праезд у першым класе, а падарожнічаць другім — ніжэй за ягоную годнасць. Расшчодрыўшыся, я купіў яму квіток.

— Ды ты проста чараўнік! — выгукнуў Іосіф.

Я кіўнуў і загадкава ўсміхнуўся.

Жыццё пачынала ўваходзіць у каляіну.