Выбрать главу

— Ты даўно тут жывеш? — няўзнак пацікавіўся я.

— Даволі, — нявызначана працягнула дзяўчына. — Паглядзі, радыска! Як павабна тырчыць з градкі, так і просіць пацягнуць за хвосцік!

Іза вырвала пучок радыскі, прыхапіла пару буйных памідораў і ўручыла мне ахапак духмянай зеляніны.

— На кухню! — выгукнула яна. — Паміраю ад голаду!

Нас чакаў накрыты стол. Велізарная патэльня амлету па-сялянску: з бульбачкай, сырам, каўбаскамі, салодкім перцам і зелянінай. Збанкі з гусіным паштэтам, салёным сырам, сметанковым маслам, варэннем і мёдам. Плеценая хлебніца, поўная гарачых булачак.

— Гэта, вядома, не сняданак, але трошкі пад'есці можна, — заявіла Іза, раскладваючы амлет. — Ты не саромейся, еш. Хлопчыкам трэба сілкавацца як след, ты ж яшчэ расцеш!

Словы пра хлопчыка я вырашыў недачуць, хоць, шчыра кажучы, стала крыўдна. Я ж спадзяваўся, што здаюся ёй вялікім ды моцным мужчынам, а не малечай, што «яшчэ расце».

Калі мы прыкончвалі апошнія булачкі, запіваючы іх гарбатай, кухонныя дзверы адкрыліся, і ў белым купальным халаце ўвайшоў дзядзька Лунеш.

— Петэр! — ён шырока раскінуў рукі, нібы збіраўся абняць нас абаіх. — Дзеці, чаму вы не пабудзілі мяне? Добра хоць я не прапусціў сняданак. Давайце пакуль пройдземся трохі. Ці ты стаміўся і хочаш прылегчы?

Вядома, пры Ізе я не прызнаўся, што сапраўды хацеў бы адпачыць, i мы пайшлі ў сад, атрымліваць эстэтычнае задавальненне ад знакамітых руж дзядзькі Лунеша. Іза дэманстратыўна пазяхала i хутка ўцякла.

— Збегла на гарод, — усміхнуўся дзядзька. — Ну, як табе гэта дзівоснае стварэнне?

— Ты не пісаў мне, што ажаніўся, — папракнуў я.

— Не спадабалася неспадзеўка? Ах, Петэр! Калі б ты ведаў загадзя, то ўявіў бы немаведама што! Непрыступную прыгажуню з пярсцёнкамі на дзесяці пальцах і з чароўным люстэркам у кішэні. Ці сварлівую цётку ў зашмальцаваным каптуры, з галавой пагружаную ў кухонныя клопаты. А без падрыхтоўкі тваё ўспрыманне было чыстым, i ты ўбачыў Ізу такой, якая яна насамрэч i ёсць. Яна дастойная захаплення, i я хацеў, каб ты першы раз зірнуў на яе як на прывабную юную незнаёмку, якая выклікае жаданне i каханне, а не як на маю жонку.

— Але навошта?

— Так больш займальна, ты не згодны?

— Я ледзь у яе не закахаўся! — абурыўся я.

Ледзь? — дзядзька здаваўся расчараваным. — Я разлічваў, што ты закахаешся з першага позірку.

— Чаму? — я нічога не разумеў.

— Яна здаецца табе брыдкай?

— Што ты, не! Яна цудоўная, проста... яна твая жонка.

— Добра, — дзядзька махнуў рукой. — Хадзем снедаць.

У сталовай я прыемна здзівіўся таму, як часта i смачна елі ў гэтым доме. У параўнанні з бедным школьным рацыёнам, якім я здавольваўся сем гадоў, тут квітнеў культ празмернасці ў ежы і піцці. Макароны з марынаванымі артышокамі i цёртым сырам, агурочная салатка, круглыя пасыпаныя пятрушкай тэфтэлі, запечаная курыца, кменавыя аладкі з вэнджанай стронгай, фрыкасэ з крэветак, бульбяныя катлеткі, а на салодкае аб'ёмістая міска трускалак са смятанай i цукрам.

Першыя некалькі хвілін я адчайна баяўся здацца Ізе абжорам, браў ежу маленькімі кавалачкамі і павольна, старанна жаваў. Але потым паглядзеў, як драпежна распраўляецца са сняданкам дзядзька, як смачна Іза ўгрызаецца ў курыную ножку, — і спакойна пачаў нагружаць на талерку горы, узгорачкі і астраўкі ежы. Падобным апетытам могуць пахваліцца толькі людзі, што не маюць праблем і нячыстага сумлення. Пахваліўся, такім чынам, i я, бо здолеў дабрацца да дэсерту, пакаштаваўшы ўсе стравы, i нават не расшпіліў пояс.

Выпіўшы два кубкі кавы з малаком, дзядзька Лунеш паскардзіўся:

— Мне трэба ад'ехаць. Паспрабую вярнуцца да абеду, але не чакайце, магчыма, затрымаюся. Калі з'явяцца наведвальнікі, Іза, прымі. А ты, Петэр, забаўляйся, у цябе ж вакацыі. Чытай кнігі, шпацыруй. Схадзі на рэчку выкупацца, вада цудоўная.

Ён галантна пацалаваў руку Ізы, кіўнуў мне і сышоў наверх. Праз пару хвілін я ўбачыў цераз акно, як ён, у светлым ільняным гарнітуры i белых туфлях, са скураной папкай пад пахай, хутка перасек лужок. Загыркаў паціху аўтамабіль. Значыць, дзесьці тут пракладзена дарога i хаваецца гараж.

— Ну, вось мы і адны, — Іза нервова перасмыкнула плячамі. А я цешыўся, што мы з ёй самнасам. Занадта нават цешыўся, бо нельга ўлюбляцца ў чужую жонку. Але яна выглядала такой падзіцячы свежай і мілай, сугучнай мне па ўзросце, здароўю i настрою, што я перастаў задумвацца i шчыра цешыўся кожнай хвілінай.