Выбрать главу

— Так, адны, — весела кіўнуў я. — Чым зоймемся?

— Зоймемся? — перапытала Іза холадна. — Стрымай свой запал, маляня. Ты, вядома, пляменнік Лунеша, але я не абавязана забаўляць цябе.

Махнуўшы канцамі рудога шаля, яна сышла, яшчэ і пляснула дзвярамі. Пакрыўдзіў я дзяўчыну ці сам маю права пакрыўдзіцца на яе грубыя словы? Вырашаючы гэту задачку, я замарудзіўся. I калі пусціўся ўслед за Ізай, то не здолеў яе адшукаць. Стаілася яна за гардзінай ці схавалася ў гардэроб? Ці забралася на гарышча і, перабіраючы старажытныя кніжкі, пасмейвалася з мяне? Найболей верагодна, Іза скарысталася чорным ходам ці падземным калідорам. Жыллё чараўніка — гэта вам не кватэра палепшанай планіроўкі. Від з балкона змяняецца кожныя паўгадзіны, у кладоўцы сярод шчотак і вёдраў хаваюцца куфры са скарбамі, а дзверы летняй кухні вядуць у патаемны лабірынт. Спыніўшы безнадзейную для мяне гульню ў хованкі, я пусціўся на экскурсію па асабняку.

Звярталі на сябе ўвагу нядбайны паўпарадак, цёплая ўтульнасць. Не злічу, колькі прамінуў пакояў, але абсалютна ўсе яны здаваліся заселенымі, быццам гаспадар выскачыў на хвілінку і восьвось вернецца.

Адсутнічалі пыл і пах волкасці, якія звычайна заводзяцца ў прасторных старадаўніх дамах. Там часцяком пануе застылы, казённы парадак. Ён заклікае размаўляць напаўголаса, нібы ў музеі, і нічога не чапаць, і не марыць нават пра тое, каб сесці ў крэсла ці пакруціць у руках цацку з каміннай паліцы.

А тут, у дзядзькі Лунеша, жыццё цякло інакш. Калі на канапе ляжалі падушкі, то не цвёрдыя, быццам на камені вышытыя, думкі, а зручныя пуховыя падушачкі, на якія прыемна апусціць га­лаву. Свечкі ў кандэлябрах, што адгарэлі на траціну, а то і напалову, намякалі на дзівосны вечар, поўны рамантыкі, шэпту, шампанскага і пацалункаў. Кнігі ў шафе не мясціліся шчыльна самкнутымі шэрагамі, а нядбайна прыхіналіся адна да адной, і выцягнуць любую можна было без асаблівых намаганняў. Іх не падбіралі па колеры вокладак, не кідалі нудзіцца неразрэзанымі. Трапляліся мятыя старонкі, скрозь пачырканыя алоўкам ці нават залітыя гарбатай. Закладкамі служылі фанцік ад цукеркі, засушаная язмінавая галінка, выразаны з газеты артыкул. Усё паказвала на тое, што тут кнігі часта бяруцьу рукі і чытаюць.

Вазы на кансолях, камінных палічках і ў сценных нішах красаваліся не дарэмна, а выконвалі сваё прамое прызначэнне — трымалі кветкі. Напэўна, Іза паднімаецца на світанку, надзявае пальчаткі і шыракаполы саламяны капялюш — абавязковы атрыбут дамы, якая ідзе ў сад, — бярэ нажніцы і плоскі кошык і па расе, прамачыўшы, як звычайна, пантофлі, ідзе збіраць букеты. А по­тым, не спяшаючыся, вынаходзіць пацешныя кампазіцыі. Белы эмаліраваны гарлач з пунсовымі макамі. Бронзавая чара з россыпам буйных балотных незабудак. Шкляная тонкая ваза з самотнай галінкай верасу. Гліняны гарлачык з жоўтымі дзікімі касачамі. Празрысты слоік з рамонкамі i валошкамі. Ландышы ў пузатым бакальчыку.

Толькі знакамітых руж дзядзькі Лунеша ў інтэр'еры не назіралася, як, зрэшты, і іншых садовых раслін. Не, верагодна, Іза прыносіла ахапкі кветак са шпацыру і ставіла іх куды папала. А можа, букеты і не яе рук справа. Ёй жа больш даспадобы агуркі, а не ружы. Я ўявіў, як дзяўчына ходзіць з лазовай пляцёнкай, набітай гароднінай, і раскладвае ўсюды кабачкі, капусту і моркву. Упэўнены, дзядзька б не пярэчыў. Падумаеш — гарбуз на падаконні ці звязак часнаку замест карціны. Калі ласка, колькі заўгодна! Бо дом ладзіцца не напаказ, а для зручнасці і задавальнення гаспадароў.

Фігуркі на шахматнай дошцы стаялі ў баявым парадку, быццам толькі-толькі перапынілася партыя. У кошыку з рознакаляровымі пучкамі нітак ляжала няскончаная вышыўка. Ноты на адкрытым раялі стракацелі стужкамі, закладзенымі на любімых п'есках. У цукерніцы ўперамешку з шакаладкамі валяліся пустыя абгорткі і нават пара надкусаных цукерак.

У разгорнутым альбоме я знайшоў шмат алоўкавых партрэтаў Ізы. Вось яна задуменна круціць кудзерку, што выбілася з прычоскі. А вось павярнулася ў профіль і ледзь стрымлівае смех. На наступным эскізе — летуценна глядзіць удалячынь, вочы шырока раскрытыя, цень ад доўгіх веек падае на шчокі. Я ўбачыў зусім іншую Ізу. Мастак ухапіў тут не дзявочае няспелае хараство, а павольную, злёгку сумную прыгажосць маладой жанчыны, якая добра ведае пра сваю прывабнасць. Ды гэта ж маляваў сам дзядзька Лунеш, сцяміў я. I з якой пяшчотай маляваў! Кожны партрэт — маўклівае прызнанне ў каханні. Я ўздыхнуў і рушыў па суцяшэнне ў бібліятэку.

Пагартаўшы колькі кніг у пошуках малюнкаў ці камічных гісторый, я раптам наткнуўся на няскончаны ліст, схаваны паміж старонкамі. Адчуваючы сябе шпіком і злодзеем адначасова, драпежна прыціскаючы да грудзей каштоўную паперку з мудрагелістым круглым почыркам, я выбраўся з дома і пакрочыў па сцяжынцы. Міма замшэлага змяінага каменя і міма закінутай альтанкі прайшоў да азярца, якое мне яшчэ не паказвалі: малюпасенькае, зацягнутае кілімам раскі, з навіслымі старымі вербамі і мноствам бліскучакрылых стракоз. Знайшлася і ўрослая ў зямлю аблупленая лаўка. Я прымасціўся і стаў чытаць.