Выбрать главу

«Добрай табе раніцы, мілая Адэліна», — напісаныя фіялетавым чарнілам літаркі валіліся адна на адну, спяшаючыся скончыць слова і пачаць наступнае. — «Уяўляю сабе, як у маёнтак прывезлі пошту з фургонам агародніны, чую, як рыпяць вароты і бразгае званок на запрэжцы, і мне сумна, што я не з вамі. Мяне не крыўдзяць, пускаюць блукаць, дзе захачу, але зачараваныя сцежкі, куды б я ні бегла, прыводзяць зноў да ганка.

У сядзібе ўтульна. Адначасова квітнеюць пралескі і спеюць грушы, на шпацырах ручныя лісы і казулі дазваляюць сябе пагладзіць, перасмешнікі і сойкі садзяцца на далонь. I хоць сумна жыць выкрадзенай, удалечыні ад сям'і, я ніколькі не схуднела, і шчокі мае ружовыя, як і раней. Памятаеш, як падабаліся яны Іосіфу? Дзе ён цяпер? Ці носіць яшчэ вясёлкавае адзенне? Пэўна, забыўся пра сваю нявесту, няшчасную Ізу. Сустрэнеш яго — перадай, што сэрца маё з ім навекі. А, зрэшты, не, нічога не перадавай, ён знайшоў бы мяне, калі б захацеў.

Каб пацешыць мяне, Лунеш запрасіў пагасцяваць пляменніка. Хлопчык хутка прыбудзе. Ці папярэдзіць яго пра вераломны план дзядзькі? Учора мне адкрылі страшную таямніцу. Гэта датычыцца майго палонутуті дапаможа мне вырвацца на волю.Уяві сабе, Лунеш...»

Ліст абарваўся, і я тупа вытарашчыўся на нерухомую зялёную ваду. Інфармацыі было і мала, і з лішкам. Выходзіць, Іза не жонка, а палонніца? Дзядзька хлусіць і задумвае штосьці жудаснае супраць мяне? Адказы не знаходзіліся, і я вырашыў пакуль што пакласці ліст на месца. Цікава, як Іза перадае свае пасланні? Не кідае ж у паштовую скрыню.

Дом па-ранейшаму пуставаў. У бібліятэцы на стале з'явіўся сподачак з эклерамі і кубачак гарбаты. Я пачаставаўся. Потым вярнуў на месца ліст і адправіўся на шпацыр. Адчуваючы мой няўтольны голад, сядзіба ўсюды старанна раскладвала ласункі: на ганку чакалі міска з мёдам і лусты пшанічнага хлеба, пад дрэвам — рэшата, поўнае саспелай маліны, на сцяжынцы — паўмісак з гарачымі піражкамі. Потым я палез у кусты па арэхі і ўбачыў Ізу. Яна выходзіла з куратніка і трымала ў руках кошык з яйкамі. Да яе спадніцы прыстала пярэстая пярынка.

Я паспяшаўся да Ізы.

— Не перашкоджу?

— Не, — яна ўручыла мне кошык.

— Магу я задаць табе пытанне? Цябе насамрэч укралі?

Яна доўга, неўразумела глядзела на мяне, потым кіўнула.

— Чым табе дапамагчы? Толькі намякні, — прапанаваў я, падбадзёрыўшыся.

— Пастаў кошык, — загадала яна. Я паставіў. Тады яна абвіла маю шыю рукамі і пацалавала мяне ў вусны. Вядома, я не падаў выгляду, што гэта мой першы ў жыцці пацалунак. Але галава закруцілася, як пасля каруселі. Ад Ізы салодка пахла ваніллю, веяла цяплом, i я ўпершыню пашкадаваў, што вучыўся ў закрытай школе, дзе ад студэнтаў патрабавалі абсалютнага адрачэння ад людской марнасці.

— Ты не падобны да свайго дзядзькі, — прашаптала Іза пяшчотна. ЦІ мне здалося, што пяшчотна. Я глядзеў вялікімі вачамі і, мусіць, нагадваў ідыёта. Яна ўсміхнулася, узяла кошык і пайшла, я заспяшаўся следам.

— Я ўсё ведаю, — выпаліў я. — Хочаш, пазбаўлю цябе ад яго? Хочаш уцячы адсюль? Я дапамагу!

Яна зірнула на мяне, пырснула смехам, заціснуўшы рот далонькай, і схавалася ў доме, прычым

адшукаць яе мне зноў не ўдалося. Я бязмэтна блукаў па пакоях, і цяпер мне сустракаліся выключна негатыўныя, змрочныя дэталі, накшталт бізуна, нядбайна кінутага на крэсле, ці засохлай крыві на кінжале, які ўпрыгожваў сцяну. Пад адной з падушачак на канапе раптам знайшлася вяроўка. У дзіўным пустым памяшканні, зачыненым на ключ, які тырчыць у дзвярах, узвышаўся незразумелы слуп, і я ўявіў, як знемагае небарака Іза, звязаная і бездапаможная, як здзекуецца з яе кат Лунеш, хвошча яе бізуном і коле кінжалам. Потым фантазіі набылі і зусім непрыстойны кірунак. Іза яго жонка, але ці павянчаў іх святар? Цёмны, як навальнічная хмара, поўны панурых думак, спусціўся я ў сталовую. Мне ўжо не падабалася гасцяваць тут, і толькі жаданне выратаваць Ізу не дазваляла паведаміць дзядзьку пра неадкладны ад'езд.

Выглянуўшы ў акно, я ўбачыў постаць у доўгім чорным плашчы. Постаць ішла прэч ад дома — манах ці пілігрым, а то і злы вядзьмар, з якімі водзіцца мой дзядзька. Я ўздыхнуў. Лунеш з дзяцінства быў для мяне кумірам. Мне заўсёды хацелася вырасці вучоным і ўмелым, навучыцца фехтаваць, танцаваць i падабацца людзям, увогуле, стаць такім жа вялікім чараўніком, як дзядзька. Адвучыўшыся сем гадоў у падрыхтоўчай школе, я атрымаў месяц вакацый для адпачынку i роздуму: ці варта марнаваць яшчэ 15 гадоў жыцця — хай і доўгага, не як у звычайных людзей, — на вывучэнне таемных навук. Жыць у гарах, далёка ад вясёлых сяброў і прыгожых дзяўчат, сілкавацца беднай вегетарыянскай ежай і суцішваць цела дзеля ўзвышэння духу. Я ехаў да дзядзькі Лунеша па параду i благаславенне, а цяпер не ведаў, што рабіць.