Выбрать главу

Палазамі праз спег

па-пад коньмі млечная пара

за намі фіялетавых строчак бег

а пры мне любая і гітара

прытуліся мацней драпежней

за язду саладзей каханне

не губляй вочы ў пустэльні снежнай

тут мне кожная зорка гляне

буду за свет дужэй

буду за свет багацей

па свет мільёны зорак глядзяць

тут на мяне глянь пільней

вечнасць за вясну меней

маладосць за жыццё болей

калі цотнай струны памкненне

на гітарным эліпсе ные болем

што ж так браце забойца плачаш плачаш

вырві чало з ачмурэння далоняў

ведаю зараз жыццё сабачае

што свет хвошча нас цкуе і гоніць

ноч і віхор прыляцелі добрыя

ўстань пойдзем блукаць пакрыёма

настаў каўнер і шапку нáбак

рушым на ўлоў незнаёмы

ГОРАД, ДЗЕ ГРАЮЦЬ ФАРТЭПІЯНА

Зенану М.

У салоне, у змрок адчыненым,

з крылом фартэпіяна,

выплывае акно аблачынкай

у спеўным горадзе Тагліяна...

Упёршыся ў поручань крэсла,

гляджу ў твае пальцы ўпарта

і чую — у грудзях закіпае

крык: torte, forte, forte!

О людзі, о добрыя людзі,

разнасцежце вокны шырока,

хай у кожнай маленькай вулцы

булькочуць песні ў рыштоках.

Хай хлынуць вясёлкі мелодыі

берагамі вулак, да рынку,

хай з вокан лятуць на галовы

музычныя пырскі тынку.

Хай пяцілісцёва далоньмі

гарадскія ўдараць каштаны

ў сукаватую клавіятуру,

у штыкеты, бы ў фартэпіяна.

Хай вырасце звон з тратуараў,

хай звоняць з бетону пліты

з-пад ног пахаджан вясёлых

фантанна і самавіта.

Няхай узрываюцца рамы,

хай валяцца сцены нанаў,

хай лесвіц лятуць staccato,

дзе граюць фартэпіяна.

Хай блытаюцца і пеняцца,

плывуць цераз верх нараканнем,

ірвуцца ў завулках мелодыі,

працятыя бэзам, змярканнем.

Хай адпачне мелодыяй

блакіт, над горадам распластаны,

ў горадзе спеўпым Тагліяна

па сёмым небе ў Тагліяна.

Б’юць, б’юць як у звоны

ў горадзе спеўным Тагліяна

тысячы і мільёны

касмічных фартэпіяна...

Тут перад скверыкам рынка

па ратушных белых прыступках

самотны сяджу — і чую:

свет маё сэрца прастукаў,

а вочы ўслуханы ў помнік:

у рапсодыю масянжовую бургамістра —

пераношу ў згаслае неба,

дзе першая зорка бліскае.

Чакаю накцюрн Фрыдэрыка,

гонт маладога поўніка —

Бургамістр! Сон наплывае —

ссунься з цокаля помніка.

Як на клавішы, на прыступкі

масянжовыя пакладзі далоні —

ноч, поўнік, Шапэн і ціша

сон звонкі ўціснуць у скроні!

Заснём у дзівосным Тагліяна,

ў каменныя ўтулімся пліты!

Ты ажыўлены зноў мелодыяй,

а я мелодыяй зноў забіты.

КАХАННЕ

Дарагая мая жыццо да цябе ішло справядліва

змаганне дзе промень заўсёды перамагае

білася сэрца тады драпежліва і гулліва

і плечы шырэй выпроствала кроў маладая

каханне жыццё багацей за незнаёмае вымярэнне

зерне што разрывае зямлю як дынамітам

каханне скачок калі парашут дрэмле

калі ў прорву ляцяць забыўшы на смерць старую

калі стралой праз блакіт і воблакі над нябытам

зямлю жыўцом навылёт прасвідруеш

каханне перапросіны з бэзам і язмінам

і першы салоўка якому салодка ў словах

першая вясна сапраўдная неразмінная

распятая як балдахін у срэбных

                                            далонях вярбовых