Гвалтоўным сталёвым друкам...
З высокіх паверхаў праз вокны на брук
У зябкай ранішняй сіні
Кветкі ляцелі з дзявочых рук
Да песні: «О мой размарыне...»
Драбінай раслі за гадамі гады,
Поўдзень выходзіў з дасвецця,
Дужэў, даспяваў лес малады,
Будзілася сэрца ў паэце.
Да трапяткіх вуснаў дзяўчат
Падносіў я полымя ружы,
Хмар навальнічных п’янлівы чад
Вецер гайдаў дужы.
Нарэшце я незабыўнай вясной
Зірнуў пранізліва ў вочы адной...
I зноўку белы малочны сон
Па-над калыскай дачушкі —
Вайна дратавала жытнёвы загон,
Бухалі ў далечы пушкі...
Забраўшы і песню і сэрца маё,
Восень ірдзела іржава,
Друз прыглушыў агню вастрыё —
Упартая змоўкла Варшава.
Граў потым вецер песню журбы
На трэснутых струнах руінаў,
Пакуль апошні выстрал пальбы
На вуснах вайны не застынуў...
Вяртаюся, любая, з дальніх мясцін,
З поля аціхлага бою,
Ты, помніш, пісала, ускліквае сын:
Польшча са мной —
Польшча з табою!
ЛІСТ
Ты ўяўляеш: Прастора,
а гэта плошча, вымераная метрамі,
ты гаворыш: Дзень,
а гэта адрэзак часу ў абручах турбот
і штодзённасці гарбяках,
астаецца Ноч — маленькая станцыя
з забыццём — стойкай буфетнай,
да якой прытуліцца можна,
аж пакуль не абудзіць нас гупат
і свіст цягніка,
значыць, свет існуе па-за гэтым палонам
(і імчыцца туды, адкуль рэха і тое
не можа вярнуцца,
як жыцце пасля трапнага стрэлу).
Затрымаўся цягнік паміж часам і мной,
а ні грукат не вырве мяне з анямення,
ні свіст,
толькі ліст ад Цябе,
з забыцця мяне верне Твой ліст,
па дарогах чужыны блукае ён, кружыць,
і ў далонях халодных самшэлай вялюгай
маўчыць...
У Прастору цягну свае рукі — дзве рэйкі
напружання,
можа, выхапяць, вызваляць рукі
світанак з начы?
I тады да Цябе я вярнуся ў люлянку,
пад калыскай схілілася ты і спяваеш...
Вайна? Стрэлы — паштоўка маўчання —
сляза.
БУМЕРАНГ I РЭХА
Бліжэй і бліжэй — да цябе і да зор —
Чужою краінай іду растаптанай —
Усемагутны, смешны гіпнатызёр...
Магу аддзяліць ад сутоння світанак.
Паслухаю моўчу, зірну ў далячынь —
Ні крылаў, ні зорак, хоць выкалі вока.
Ступнямі ўгрызаюся ў цемру начы,
Крычу: да кахання зусім недалёка.
А што там наўзбоч, карацей ці даўжэй...
Тычка, ці крыж, ці гісторыі веха...
Вось паварот: бумеранг і рэха
Бліжэй і бліжэй —
I хопіць кахання данесці — люблю!
Прасторы і часу ўзарваць ціхамірнасць.
I выйграю я, я ўсе карты паб’ю
Сэрцам сваім, быццам тузам казырным.
Упарты, шчаслівы і смешны, нягож.
Схіляйце галовы ніжэй!
З абдымкаў я вырваны сілай, а ўсё ж —
Бліжэй і бліжэй —
Шчасце якое? Святло, а не змрок.
Хто там заходзіцца смехам?
Вочы твае ў яго, вуснаў апёк,
А для цябе — бумеранг і рэха.
КАЛЫХАНКА[1]
Мацеку
Калыхаліся моры далёкія,
калыхаліся пушчы вялікія,
нахіляліся вольхі надрэчныя,
нахіляліся сны паніклыя.
Калыхаліся хмары на небе,
калыхаліся слёзы пад вейкамі