Ды вось гаспадар, чалавек ужо сівы, стаміўся.
— Задавайце мне, дзеці, пытанні. Ну,— паўтарыў ён пасля невялікай паўзы,— хто з вас хацеў бы пра штосьці спытацца?
Здаровы, трохі перакормлены, але вясёлы, хоць часамі i недарэчы, Сёмка ўздымае руку.
— Скажыце, дзядзя, а што гэта там за генерал? Вунь, у кутку! Вусаты, у шапцы!..
— Гэта, хлопчык, не генерал...— ледзь не ўздыхае скульптар.— Гэта, дзеці, Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!..
Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст не робяць ніякага ўражання.
Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагоддзя.
Цудоўная музыка — «Танец маленькіх лебедзяў»!.. Асабліва тады, калі прамінула вялікая небяспека, бяда, калі хочацца ціха заплакаць ад шчасця.
Відаць, таму ў мяне такое адчуванне, што я яе, здаецца, упершыню пачуў i назаўсёды палюбіў улетку сорак пятага года на праглядзе мастацкай самадзейнасці беларускіх дзіцячых дамоў.
Танцавалі маленькія дзяўчаткі-сіроты, дужай народнай рукою ўратаваныя ад фашысцкага знішчэння.
Успомніў свайго цыбатага загарэлага хлопчыка i шэрае вякалакацяня, з якім ён там, у вёсцы, дружыць.
Яно занудлівае, лезе пад рукі, на стол, на падаконнік — колькі яго ні скідай, i ўсё кавэнчыць, скрабе па душы.
Ён абураецца, калі коціка крыўдзяць — скідаюць, кешкаюць, гоняць,— бярэ яго на рукі, гладзіць, нясе з хаты i здзіўлена глядзіць на ўсіх, асабліва, здаецца, на бацьку...
Не праваронь ты, бацька, чагосьці ў яго выхаванні, не разбурай таго, што сам узводзіш — чытаннем, гутаркай, прыкладам.
Дзяўчынка так i пільнуе, кал i той тата зноў будзе закурваць. Яна тады тушыць запалку. Пацешна i тое, як яна хукае, не могучы сагнаць з канца танюсенькай палачкі пушынку полымя i, яшчэ больш — яе ўпэўненасць, зусім сур'ёзная, у тым, што яна — памагае.
Уранні, як толькі ён, малады паэт,— калі з прыемнасцю, калі бязлітасна памыўшыся да пояса халоднай вадой,— заходзіў у свой рабочы пакойчык (яшчэ ўсё смешна называць гэты закутак кабінетам), адразу яго сустракала дачка. Партрэт на акне за пісьмовым сталом.
Падперла кулачкамі твар i зажурылася. Такія сур'ёзныя вочы. A губкі ўмеюць так пацешна надзімацца. Не злосна, ад клопату.
I подпіс пад фота: «Памагаю тату думаць».
У кіслым настроі ён нават фыркаў: «Сентыментальнасць, бабскія штучкі...»
Часцей, аднак, вітаўся з «сааўтаркай», i працавалася весялей.
З пісьма:
«...Майго малога без усякае віны дзіка пабілі днямі два васьмікласнікі. Нейкімі «спартыўнымі прыёмамі», а як упаў — нагамі. I дома ён перамагаў свой плач значна старэйшай крыўдай: «Як яны маглі мяне біць — ляжачага?!»
Пачуў я гэта ад жонкі, як ездзіў дахаты, але асабліва балюча стала ўчора, тут, у нашай лясной адзіноце. I ноччу думаў, i ўранні з гэтым прачнуўся. Боль бацькі i боль чалавека: якая моладзь расце!..
Супакойваў сябе тым, што горш будзе, калі i мой стане пасля такім малойчыкам са спартыўнымі прыёмамі.
Але i гэта, браце, не супакойвае...»
Ён пакрыўдзіў яе, сваю дзяўчынку, i горка думаў, што цяпер трэба будзе знайсці нейкі ход, каб памірыцца.
А яна паплакала трохі i ўвечар, вяртаючыся ca школы, купіла там, у школьным кіёску, два аркушы зялёнай паперы. На ягоны i свой пісьмовыя сталы. Чыстай, зялёнай, як маладзенькая рунь.
Што гэта, ад чаго — ад думак яе, васьмігадовага чалавека? Ці «проста любоў»?..
Бедны чалавек абслугоўвае багатых. А разам з ім прыйшоў сынок — малы, маўклівы сведка, назіральнік ад імя Вялікай Справядлівасці...
Тэма — даўно няновая. Я проста неяк па-новаму, для самога сябе, адчуў гэта, нават убачыў вочы хлопчыка.
Дарослую, самастойную і, здаецца, непрыступную модніцу знарок ударылі па назе.
Трымалася яна, трымалася, а потым такі адкульгала да сцяны, прысела на выступе — зусім адна — i ціха заплакала. Як у маленстве.
Але, я гэта... уявіў.
Худы i вясёлы сабачы падлетак, спушчаны з ланцуга, брэхам ды тузаннем паднімае карову, што спачывала сабе на двары, вярнуўшыся з пашы, турбуе свінню, што абурана рохкае на яго, блазнюка,— скача цюцька, не можа нацешыцца.
Госці з горада, хлопчык i бацька, глядзяць на сабаку, стоячы каля плота. Хлопчык любуецца, звонка смяецца. Бацька панура маўчыць: ці натура такая, ці клопат які ў чалавека.