Вось па двары пайшла кошка. Спаважна i ціха, задумаўшыся пра сваіх кацянят, што спяць на гарышчы.
Сабака скочыў да яе, каб ірвануць. Відаць, не злосна, не па спрадвечнай традыцыі, a зноў жа ад радасці.
Ды кошка абурана пырхнула, сіганула на плот, там наставіла хіб, начала хулігана адчытваць — сіпеннем ды хорканнем.
Пануры хлопчыкаў бацька нарэшце зарагатаў.
Разам з сынам. I ў ім прачнулася маленства.
Адпяваюць старога Навума. У хаце, дзе ўжо спявалі — па радыё — i Робсан, i Казлоўскі, i Ларэці, гудзе старэнькі поп, а дзве пеўчыя цягнуць, калісьці прыгожымі галасамі, пра «житейское море» i «тихое пристанище».
I ўсё гэта гучыць як не з гэтага свету.
А потым — ціхая паўза, i з сяней, таксама забітых людзьмі, чуецца голас малога, з бацькавых рук:
— А дзе мой дзед Аюм?
I па людзях-суседзях, што ведаюць малога Коліка, які вельмі сябраваў з нябожчыкам, пайшоў ціхенькі, толькі ў думках, смяшок.
А то, можа, мне проста здалося?
I дагэтуль люблю пазіраць у вагоннае акно на тое, як цягнік на паваротах выгінаецца вужакай.
Цяпер вось, раніцай другога дарожнага дня, малая светлая дзяўчынка ўбачыла гэтае дзіва ў акне i закрычала з калідора ў купэ:
— Мама, а нас вязе паравоз!
I мы, хто быў у калідоры, засмяяліся. Якое мiлае адкрыццё!
Цудоўны дзень — з глыбокім снегам, што лёг учора, з марозікам, сонцам, з прыволлем, якім я толькі што любаваўся з гары, з цішынёй, што так добра лажыцца на душу,— цудоўны!..
Зайшоў на котлішча былога прыдарожнага хутара. Стаяў у зарасніку дзядоўніку. Ён — ну, італьянскія пініі: разгалісты i высокі, у рост чалавека.
Думалася пра шчасце пазнавання свету, пра майго хлопчыка з яго бясконцымі, нястомнымі «чаму?».
Як ён глядзеў бы на шматфарбны цуд — шчыгла ці снегіра на гэтых шчодрых шышках!..
Добра, што i мне яшчэ хочацца так пазіраць — яго вачыма, з яго ўсмешкай. Не баючыся, што «брыдка» — калі б хто ўбачыў,— «не салідна» мне лезці сюды цераз глыбокі, завалены снегам меліярацыйны роў.
Дзе б я ні быў, якая б гэта ні была далёкая, цудоўная краіна,— усюды для маці, бабуляў, бацькоў — аднолькава простыя чалавечыя абавязкі i клопаты. I ўсё гэта робіць тую экзотыку так прыемна,— па-чалавечы звычайнай i простай, як маё роднае Загора.
Ранняя, шэрая раніца. Дворнічыха, пажылая, сумна заклапочаная жанчына, лапаціць снег з шырокага тратуара. Мернае, аднастайнае шкрэбанне, якога хопіць надоўга.
Насустрач старой, па начной яшчэ, непрыбранай, чысценькай белі ідуць на першую праходку ясельныя дзеці. Як заўсёды, за ручкі, пацешныя ў сваім мініяцюрным падабенстве да людзей дарослых.
Першы хлопчык, што не трымаецца за руку з сябруком, a ідзе як быццам спераду, спыніўся i сам у сябе спытаўся:
— Што гэта бабуля робіць? — I ўсцешана здагадаўся: — Дарогу для нас!
Дворнічыха перастала лапаціць, выпрасталася i ўжо ўсміхаецца, адно што не кажа: «Праўда, для вас».
Так усміхаюцца толькі дзецям.
Осла. Порт. Да нашага цеплахода прыйшоў пацешным парадам дзіцячы духавы аркестр. У горадзе пачаўся традыцыйны тыдзень музыкі. Канцэрт, які мы слухаем з ніжняй палубы.
Дзябёлы чорны дырыжор аж прысядае, каб быць бліжэй да сваіх малых i маленькіх трубачоў ды барабаншчыкаў, i падпявае ім, размахваючы доўгімі рукамі ў белых пальчатках. Настаўнік!
Добра зблізку глядзець на твары, нібы расшыфроўваючы яшчэ адзін народ.
I неяк па-новаму дзіўна, што вось i нельга прабіцца словамі з тых моў, якія ты ведаеш, у чыстую душу, якой любуешся праз дзіцячыя вочы, дзіцячую ўсмешку.
Космас, галактыка, міжпланетныя сувязі... А на Зямлі яшчэ столькі вялікай работы!..
Успаміны — як вочкі той сеткі, якую мы пляцём усё жыццё, адзінай сеткі, адзінай справы жыцця.
Уранні зноў мяне наведаў нечаканы ўспамін. Пра тое, як я калісьці вяртаўся зімою з вёскі, дзе многа пісаў у ціхай братавай хаце, i як мяне дома, яшчэ на дварэ, сустрэў мой малы. Не ішоў, а бег перада мною на пяты паверх, сам пазваніў, сам крычаў маме, што я прыехаў, спяшаўся распранацца i — адразу патрабаваў свайго, па чым засумаваў у месячнай разлуцы.
Мы з ім палеглі на дыване, паставілі там, на падлозе, лямпу з зялёным абажурам i чыталі. П'еро, Андэрсена, Талстога, Носава, народныя казкі... Не ўсё зараз, вядома, a штосьці з названага.
Не праходзіць такое бясследна. Ці не таму ён днямі, ужо тым часам юнак, прылёг увечары на тахце, дзе я сядзеў, галаву палажыў на мае калені, нібы так сабе, нібы між іншым, i доўга не вызваляў чупрыну з-пад мае рукі?..