Выбрать главу

I тут, вядома ж, не гонар нейкі, а проста радасць. А таксама яшчэ вельмі значны, непераможна вечны падтэкст — абаяльнасць нявіннасці, чысціні.

* * *

Мноства чырвоных ягадак — на вялікай цыраце, разасланай у кухні на падлозе. Парэчкі сохнуць, перамытыя. Увечары яшчэ трохі не двухгадовую Волечку, якая хацела з імі забаўляцца, угаварылі, што ягадкі ўжо епяць. A ўранні яна, сама прачнуўшыся, прытэпала да ix, прысела на падлозе, маючы поўнае права меркаваць, што i яны ўжо таксама «прачнутыя».

* * *

Прыйшоў у госці дваюрадны браток, старэйшы на паўтара года.

Пад вечар, накачаўшыся на дзедавай тахце — весела, што тыя медзведзяняты,— яны пачалі танцаваць.

Хлопцу хацелася i дзеду i сястры паказаць, які ён маладзец; ён многа тупаў, хутка кружыўся, голасна крычаў, смяяўся.

А яна, танцорачка на трэцім годзе, кружылася памалу, нават спаважна, i прыгаворвала яшчэ, што трэба ціха, ціха, А потым, стомлена прыпыніўшыся, сказала радасна, ці то ўсім, ці то сабе:

— Во як танцуе ўнучка!..

* * *

Старэйшая, што ўжо амаль зусім выходзіць з усякага маленства, пайшла прайсціся з маленькай, якая яшчэ ўсё ў казачным шчасці пачатку.

Вяртаюцца з ляснога берага ракі. У маленькай на чырвонай вязанай шапачцы светла-шэрым маладзіком панасаджваны маладзенькія шышкі лопуху, прыліпалкі. Сустрэўшы дзеда, абедзве ўнучкі смяюцца, шчаслівыя кожная па-свойму.

Адна сваёй паблажлівай дванаццацігадовай даросласцю, а другая — сваім шчабятліва салодкім маленствам.

* * *

Бабуля рада, што маленькі ўнучак добра есць. З лыжачкі, у яе на каленях. Ахвотна, весела, папоўніцы.

Гэта ледзь не балюча пранізвае дзеда, які любуецца збоку. Ён думае, як гэта страшна, калі такім гэтага не даюць!.. Голад беднасці, сіроцтва. Голад вайны, акупацыі.

* * *

Мама — ужо крыху падношаная, з яшчэ ніштаватымі рэшткамі былой красы. Бабуля — ну, як бабуля, але выглядам — не дай бог горш i далей. I неспакойная, шчабятлівая ўнучка гадоў дзевяці. Узрост, у які я цяпер, з-за такое ж унучкі, можна сказаць, закаханы. На пероне ў Стоўбцах, кал i мы чакалі электрычкі, малая з'ела вішню, а костачку палажыла на рэйку. Праходзячы міма, я не вытрываў: «Ну вось, a цягнік i абернецца». Мы з ёю засмяяліся. Цяпер мама ўважліва вяжа, бабуля паспрабавала драмаць, падлажыўшы да сценкі каля акна мяккую торбачку пад шчаку. A ўнучка ўсё пашчабечвае паміж імі.

Такія простыя, звычайныя хвіліны будуць імі ўспамінацца потым, як шчасце. Асабліва — не дай бог,— калі стане горш...

* * *

Даўняя-даўняя гутарка сярод вясковых мужчын, да якое i я, юнак, а можа, яшчэ i падлетак, прыслухоўваўся. Вечная тэма — пра выхаванне дзяцей.

Помніцца толькі адно — за яго панурую незвычайнасць: «Дзіця павінна ўсіх баяцца». Сказаў гэта маўкліва важны прымак з далекаватай вёскі. Толькi ўсяго i сказаў.

* * *

У вакзальным падземным пераходзе малая дзяўчынка толькі на момант адстала ад мамы i страшна закрычала ў сустрэчных патоках дарослых ды незнаемых... Ды тут вярнулася мама, з другім, меншым, дзіцем «за ручку». Хапіла сваю большую за руку i павяла-пацягнула туды, куды спяшалася.

А я паспеў i нібыта спалохацца за малую, i супакоіцца, нават успомніўшы весела тое, што неяк бачыў па тэлевізары. Як гутарылі малпы, сабраўшыся чародкай, i адно малое хацела недазволена адлучыцца, а мама-малпа, не спыняючы гутаркі з суседкамі, між іншым, хапіла свайго няўрымсту за хвост i падцягнула да сябе.

* * *

На пляжы, каля «пераадзявалкі» чарга. Пажылы ўсмешлівы мужчына стаіць за ціхім, акуратным хлопчыкам. Пытаецца:

— А ты, малы, чаго туды?

— Я надзеў трусікі задам наперад.

Калі хлопчык дачакаўся i пайшоў у загарадку, мужчына ўсміхнуўся мне, незнаёмаму, i сказаў:

— Што ж, гэта лепш за тое, што я ўчора бачыў. Падлеткі ў парку пыл паднялі каля лаўкі, на якой сядзела нейкая старая. Яна зрабіла ім заўвагу, дык яны: «Ты што, баба, зусім звар'яцела? Хто на цябе пыліць? Каму ты патрэбна?»

* * *

Поўны месяц над грэбенем лесу. Жнівеньская халаднаватая самотнасць.

Маленькая шчабеча з мамай, пакуль шчасліва заснуць. Чуючы гэта з другога пакоя, журботна думаю, што вось жа яшчэ i яна з'явілася на свет,— нібы зусім адна супраць усяго нялюдска цяжкага, што будзе i на яе шляху...

* * *

Сумны ды горкі роздум, калі трэба спаць, а сон не ідзе... I тут з кута, дзе ўнуччын ложачак, у цемры радасны голас праз сон, як водгук чагосьці там вельмі вясёлага: «Яна такая вялікая!..» Не больш, аднак i тон, i змест такі, што i самому стала добра.