Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
«Чалавек — гэта цэлы свет», як сказаў...»,— гаворыць важны дакладчык, цытуючы агульнавядомае з прыкметным задавальненнем першаадкрывальніка.
А мне ўспамінаецца, што ў гэтага чалавека — цэлы свет рэферэнтаў. Адзін з ix вось i знайшоў яму гэты банальны афарызм. Каб i яшчэ ў адным непатрэбным наказе было славутае «вобразна кажучы».
Таварыш, якога ўжо трыццаць год кідаюць то на дзёгаць, то на оперу, усюды разбіраецца аднолькава. Але ж усюды кіруе. Цяпер, кіруючы выхаваннем будучых жывапісцаў ды графікаў, прыехаў праверыць, як паводзяць сябе студэнты-мастакі на летняй практыцы.
— Чаго сядзіце тут, а не рысуеце?
— Натуршчыкаў чакаем, Аляксей Міхайлавіч.
Суровы, важны позірк з-пад капелюша:
— Ну дык пакуль што рысуйце фон!..
Беларускія турысты ў парыжскім аўтобусе. Як звычайна бывае далека ад дому, у адпачынку: «Таварышы, давайце будзем пасля прыезду дружыць, сустракацца!..» Згода i захапленне. Старшы групы i тут адчувае сябе адказным.
— Арганізацыю гэтай справы бяру на сябе. Мне гэта проста: вазьму ў БРК прафсаюзаў вашы адрасы, даручу свайму сакратару абзваніць усіх, i збяромся.
Мал ад ы, вясёлы скептык:
— Міхаіл Сямёнавіч! I я на гэты час найму сакратара. Каб ён дагаварыўся з вашым.
Грандыёзная дама, што пабывала ў важнай замежнай камандзіроўцы, дакладвае з трыбуны пра сваё падарожжа. На выдатным узроўні спеласці:
— Пасля, таварышы, мы паехалі глядзець Елісейскія Палі. Факт застаецца фактам — яны даволі прыгожыя... А вось амерыканскія цукеркі i торты — зусім, таварышы, не смачныя, i гэта — факт...
Вельмі любіць праяўляць сваю сціпласць у першых радах высокага прэзідыума.
У далейшых радах, тым больш у заднім, рабіць гэта — цяжэй.
Хваліцца, што калісьці, у маленстве, краў яблыкі ў багатага суседа.
А што краў i ў другіх — не хваліцца: яны былі небагатыя.
I ўжо зусім маўчыць пра тое, што — на цёплай пасадзе — крадзе i цяпер.
Бывалая i важная курортніца хадзіла ў шторм па беразе. Адна.
— Мора так шуміць, так шуміць!.. Проста станет ды думает... Ах, ды хіба ж гэта хто-небудзь зразумее!..
Дзве «святыя сям'і» вельмі дружаць. У адной — сын жаніх, разумненькі, адкормлены, вясёлы здаравяк; у другой — дачка на выданні, мілавідная, з тоўстаю залацістай касой. Дачы побач. Купацца ходзяць павольненька. Там перакусваюць. А пад вечар — таксама ціха i радасна — ідуць з вялікімі гарадскімі сумкамі... у калгасны гарох.
У вагоне, убачыўшы першую горную рэчку, дзяўчынка ўскрыкнула:
— Ах, мама, Церак!
Дзябёлая мама ў раскошнай піжаме, паблажліва:
— Гэта не Церак. Церак я ведаю: у Цераку я мыла мае ножкі.
Упасвены пудоў на сем, а на курорт паехаў. Жонка звоніць пасля па аўтамату, хваліцца:
— Лёва не ўзяў ні кілаграма. Толькі вельмі пасвяжэў.
А Лёва, стоячы побач з тэлефоннай будкай, толькi пацее ды аддзімае.
Стары яўрэй, кравец у майстэрні, заваленай маладымі порткамі, якія хочуць стаць вузейшымі i — як мага хутчэй.
— Вы ведаеце, што такое мода? Вазьміце бочку i кладзіце туды порткі — год, два, тры... А потым, калі яна ўжо будзе поўная, перавярніце бочку i даставайце порткі — год, два, тры...
Не бачыліся з ваенных дзён. Хлопец быў ён тады нядрэнны, а цяпер — от сабе ды так сабе, з тых, што «сёння інакш не пражывеш». Расказвае пра свой сад, як ён яго даглядае. Па-сяброўску паведамляе вытворчы сакрэт:
— Сучка ёсць у мяне. Калі яна гандлюе, дык я налаўлю тых сабак, навешаю ix ды назакопваю пад яблынямі — во калі родзяць!..
«Вяселле Кларачкі было ў тую суботу».
«Ну, i колькі яны выручылі?..»
З падарункаў.
Гэты дыялог дзвюх мінскіх цырульніц успомніўся мне, калі нам паказвалі новыя, зайздросна спланаваныя раёны Ростака. Фройляйн гід, расказаўшы пра многае, прапанавала задаваць пытанні. «Пра горад, пра жыццё ўсёй рэспублікі».
Бывалая, рухавая жоначка велічна маўклівага кампазітара папрасіла з канца аўтобуса перадаць наперад наша першае пытанне: