Выбрать главу

Усю вайну быў ваенкомам у глухім узбекскім кішлаку. Жонка, настаўніца, хваліцца суседкам, як ім тады цягалі бараноў, ды рыс, ды фрукты ўсякія — за бронь ці хоць за адтэрміноўку...

Цяпер, на другім годзе пасля перамогі, гэты прававерны працуе інструктарам.

Вярнуўся з пасяўной, выйшаў на кухню — у майцы з зашпіленай кішэнькай — уздыхнуў, пазяхнуў i прызнаўся заслужана:

— Ну, адсеяўся!..

Таксама, як i адваяваўся.

* * *

Калі мы хадзілі ў школу, некалькі хлапчукоў i дзяўчынак з Загора, каля Турца пасвіў каровы наняты пастушок, як нам здавалася, вельмі пацешны: мардаты, з бабскім голасам. I часта мы, то хто-небудзь адзін, то ўсе разам, пакеплівалі з яго. I вось аднойчы старэйшы брат таго хлапчука, ужо не пастушок, а парабчук у тым самым Турцы, залёг у прыдарожнай канаве i, як толькі мы зноў пачалі пацяшацца з малога, выскачыў са свае засады i пагнаў нас, «гімназістаў», пугаю перад сабой!..

Успамінаецца гэта даволі часта, i смяюся я — смехам тых парабчукоў.

* * *

У Маскве, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, з павільёна ў павільён хадзіў пенсіянер i ўсюды пакідаў у кнізе водгукаў запісы вершам. Накшталт гэтага:

Электротрактор — не кобыла, Сильней кобылы в сотни раз. Наш курс направлен к изобилью, Исполним партии приказ!..

Далей былі подпіс, прафесія, дакладны адрас, дата.

Ён не дзівак, як той апостал Пятро,— не будзе чакаць трэцяга пеўня, прадасць цябе трохі раней.

* * *

Дама-ўрач, прыкметна закаханая сама ў сябе, вальсуе ў доме адпачынку, легка i важна носячы вакол кавалера свой здаровы, выдатна вядомы ёй арганізм.

Хлопец танцуе не толькі культурна, але i скульптурна — без усякага выразу твару, з аднастайна i нудна правільнымі рухамі. Так будуць весяліцца робаты?

* * *

Загадчык базы, пакуль папаўся на недастачы, закладваўся з жонкай, хто з ix з'есць больш шакаладных цукерак.

Гаворка пра гэта ідзе на судзе.

* * *

У Пятра i Паўла, двух абібокаў, даўно ўжо цякуць хаты. У дажджлівыя ночы, сплючы, Пятро накрываецца непрамакальным плашчом. А Павел, як менш культурны, лезе ў печ.

* * *

Шырокая дачніца ў шахеразадным халаце велічна праплыла па вёсачцы з трыма лісічкамі ў манерна ўзнятай руцэ. Сама знайшла!..

За ёю — муж. З кошыкам. Сухашчавы, у паласатай піжаме. Як вязень канцлагера.

* * *

Пра прымака, які ўзяў у хаце ўладу:

— Учора купалі яго. Жонка шаруе плечы, цешча грэе каля грубы споднікі, а цётка стаіць каля дзвярэй, каб дзеці холаду не напусцілі...

* * *

Кавалер з другое вёскі, каб паказаць сябе, насыпаў у кішэню портак дробязі. Скача польку са звонам. А падшыванцы бегаюць, хіхікаюць, крычаць:

— Дзядзька, дай цвік!

* * *

Даўнейшае.

Карчма над Нёманам, на ўскраіне малога заходне-беларускага мястэчка. Карчмар, стары Абрам Эля, прыехаў ca станцыі, прывёз сякі-такі тавар. Нашылася суседскай дзетвары. Просяць, каб расказаў, як ён бачыў цягнік. Расказвае, з добрай усмешкай у барадзе:

— Машынке хап а пружынке, пружынке хап а машынке, машынке хап а паравоз, паравоз хап а калёс, калёс хап а вагон, вагон хап а пасажыр, пасажыр хап а чамадан, чамадан хап а вешч... Кандуктар — грэйсэ пуза, а клайнэ дудочке — фю-ю-ю! I ўшо!..

* * *

Сімпатычны маёр, падвыпіўшы ў гасцях, абураецца, як дрэнна ідзе ў нас змаганне з хуліганствам. Абурэнне — на філасофскай аснове.

— Паколькі дзяржава трымаецца на сіле, дык i трэба гэтую сілу прымяняць. Разумна. А то паставяць міліцыянера з адным лёгкім ды з пустой кабурой — хто яго будзе баяцца? А трэба мужчына — во! — складвае два кулакі ў адзін.— Такі як дасць шпане якой, дык той з першабытнаабшчыннага ладу, мінаючы ўсе стадыі развіцця, шугане адразу ў камунізм!..

* * *

Калі знялі рэдактара газеты, сакратар — таварыш рухавы ды з паслухмянай усмешкай — тры дні хадзіў на працу ў новым гарнітуры, повен затоенай, хвалюючай надзеі...

Пасля надзеў старэйшы гарнітур і... радасна сустрэў новае начальства.

* * *

Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:

— Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» — узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»

* * *

Гаваркая прыемная гаспадынька, палячы раненька ў печы, расказвае праезджаму начлежніку: