Колькі ж трэба там калектыўна тварыць, каб узяло ды здалося, адразу ўсім тром, што пастукала, папрасілася — сучка?..
Сам ад сябе ў бутэльку не ўцячэш.
Які няўдзячны сон! Ён даў мне службовую машыну, прыехаць сюды, у вёску, а я ўзяў ды сасніў, што ён пашыў сабе — нарэшце! — нейкую вельмі ж адказную літаратурную уніформу, спачатку доўга стаяў у ёй задам да мяне, а потым павярнуўся i бліснуў у вочы ўсімі сваімі галунамі ды эмблемамі.
Давай лепш без лішняга гонару — абодва будзем у пяхоце, побач. Бо наліха мне тая кавалерыя, дзе я — найчасцей — за каня!
«Блаженни кротции...» Ix вельмі зручна крыўдзіць.
Насі сабе доўгія патлы, вусы, бараду, толькі не думай, што гэта так важна, сучасна, рэвалюцыйна... Купі сабе джынсы за дзвесце дзесяць рублёў, толькi, дарэчы, за ўласныя, запрацаваныя грошы...
Зяць-прымак, нейкі трохі настаўнік ці выхавацель у вячэрняй школе, здаравяк, растаўсцелы на цесцевых халтурных ганарарах. Чырвоная гладкая маска не тоўпіцца ў багатай барадзе — хоць ты вазьмі ды падумай, што толькі на дзярме яна, такая пышная, i вырастав. Смачна абедаючы, расказвае госцю:
— Кагда мы, яшчэ студзентамі быўшы, прачыталі сціх NN, што i ён — за бароды, за доўгія валасы, то очань абрадваліся, дажа хацелі ісці ў саюз пісацяляў, паблагадарыць.
Усё — у барадзе...
Дакладчык цытуе ўрывачак юбіляравай прозы. Самай звычайнай, нават на думку самога юбіляра. Ды вось найважнейшы ў гэтым прэзідыуме павярнуўся да тых, што сядзяць ззаду, кіўнуў галавой i шапнуў: «Добра». I пайшло па службовай лесвіцы: ківанне галоваміi паўтаранне шэптам таго «добра» — аж да апошняга раду, хто чуў, а хто i не чуў той цытаты.
Дробны зазнайка i паслядоўны, напорысты руцінёр. Садзіцца ў адзін з самых першых радоў i цярпліва перажывае «вялікую несправядлівасць»: i адзнаку з'езда, пяро, далі яму не «залатое», а «сярэбранае», i фатаграфуюць яго не столькі, як іншых...
Ды вось пад вечар зала амаль апусцела ад доўгіх прамоў, фатографы аціхлі. Толькі адзін, найболып назолісты i найлепш знаёмы з нашай мінскай абстаноўкай, яшчэ ўсё бушуе. «За неимением гербовой» пачаў апрацоўваць Яго,— з усіх бакоў заходзячы, пільна наводзячы сваю трубу. I вось на твары аб'екта з'явіўся выраз: «Нарэшце!..»
Трэба думаць, што птушка спявае толькі таму, што захацелася спяваць.
Маладзенькая пасудніца Айстэ, літоўка з яшчэ дзіцячымі коскамі, дзіцячымі вачыма i губамі, з гуллівай усмешкай i сарамлівым выстаўляннем кончыка языка — любіміца ўсяго санаторыя Айстэ — уключыла ў пустым вестыбюлі прайгравальнік i пад гукі моднага танца модна i міла танцуе. I вучыцца, i цешыцца — усё сама сабе.
Я прыпыніўся, ідучы з марозу, i паглядзеў здалёк, i стала хораша на душы, дарма, залішне сур'ёзнай ды пацяжэлай.
У парку.
П'яны хацеў паказаць малым вельмі смешнае. Схапіў сабачку за хвост, размахаў вакол сябе, каб шпурнуць у раку, але выйшла наадварот — цюцька на бераг паляцеў, а дурань — у плашчы, без шапкі, пад гальштукам — у неглыбокую i гразкую ваду.
Бурная радасць дзяцей.
Пра гэтага чалавека гавораць, што ён «суб'ектыўна сумленны». «Каб гэта ж ад ад наго яго залежала... Каб у яго не сям'я... Каб яму не трэба было друкавацца, абараняць дысертацыю, ехаць у замежнае падарожжа...» Можа, ён i сказаў бы тады якое смялейшае, разумнейшае слова. А так сумленне ў яго — «аб'ектыўнае», «на грамадскіх пачатках» — звыш усіх тых названых i не названых «каб».
«Туды выбраны толькі лепшыя з лепшых...» Чуючы такое, адразу i міжвольна думает пра самога сябе, нявыбранага, i пра іншых, што таксама не «лепшыя», а — выходзіць па простай логіцы — горшыя.
Калі гэта — жарт у мяне, дык зусім ужо прыкра чуць тое «лепшыя з лепшых» ад чалавека, што сам трапіў туды i сам жа пра гэта гаворыць, нават — тым больш абдумана — піша...
«У рабоце семінара прыняла ўдзел...» Так будзе заўтра надрукавана ў газеце. I я магу засведчыць, што гэта праўда. Я сам бачыў i чуў, як яна пазваніла алоўкам па графіне, калі адзін з удзельнікаў семінара больш-менш цікава выступаў i ў зале пачулася ажыўленне.
Госця, блізкага чалавека, папрасілі заспяваць. I ён спявае. Нягучна, але прыемна i шчыра.