Выбрать главу

Думкі, згадкі адны, паасобку не ходзяць. Над гэтым здымкампаўздымкам я летась быў неяк задумаўся, успомніўшы Жукоўскага з той гарышчанскай карзіны — дванаццацітомны Збор твораў у чатырох кнігах, акуратна, моцна пераплеценых. Жыва ўявілася, як i калі гэтае багацце магло быць куплена: ці яшчэ тады, калі яны, хлопцы, вучыліся ў Міры, у гарадскім вучылішчы, ці тады, калі былі ў Адэсе гімназістамі?.. Трэба сказаць, што хоць Ігнат малодшы на паўтара года, вучыліся яны ўвесь час вобруку, i ў загорскай царкоўнапрыходскай, i ў гарадскім, i ў класічнай гімназіі, i ў сельскагаспадарчым інстытуце. Чамусьці найцяплей мне думаецца, што здымак зроблены тады, калі яны законны лі гарадское i прыехалі паступаць у гімназію.

Бацьку — сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, a імені Ігнат, Игнатий па Святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, i злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай i добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.

Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, i паспыталі ix на хаду, i ўпотай папляваліся.

На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на ix, наогул чыя гэта форма — ужо i спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.

Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Уладзімір Жылка, у сталасці — таленавіты паэт i таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё i творчасць мне прыемна i сумна думалася i зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора i Макашоў, i зналіся, i сябраваць маглі...

A галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму — такіх сыноў.

Па гімназічным «Свидетельстве» за шосты клас, прысланым сёлета мне з архіва адэскага сельгасінстытута, можна меркаваць, што Валодзя літаратуру любіў. Паміж двух «хорошо» i дзевяці «удовлетворительно» горда ўзвышаецца адно «отлично» — па рускай мове i «Словесности» (там гэта з вялікай літары). Аднак большым кніжнікам мне бачыцца Ігнат. Таму што i вершы яго, юнацкія i пазнейшыя, я чытаў, i ў перапісцы нашай з ім у 1944-1960 гадах бывала гаворка пра літаратуру. У яго — Дастаеўскі, о! «А вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете». I непасрэдна гута рыл i мы з ім пра любімыя кнігі ў летнія дні сорак шостага года, калі ён са сваім Шурам, студэнтам, нядаўнім афіцэрам-франтавіком, гасцявалі ў мяне ў Мінску i ў вясковых родзічаў. Са здымка мне ўявілася, што хлопец, які абнімае бацькаву руку, што іменна ён просіць у нашага папы (па-гарадскому ўсё) грошай на той Поўны збор Жукоўскага, які значна пазней i мне даў нямала высокае асалоды. Просіць, добра ведаючы, што адмовы не будзе, як ніколі не было. А бацька дае, як даваў i будзе даваць, з тою шчаслівай гордасцю, якую мог ведаць сын патомнага «дваровага» мужыка, што так шчасліва выбіўся ў людзі: праваднік першакласных вагонаў!..

I яшчэ адно, ужо зусім сваё, тады мне адчулася — жаль, што на маю долю дружбы з бацькам прыйшлося так мала...

Ранейшых здымкаў Валодзі i ігната не захавалася, а быць яны, трэба думаць, был i. Як было ў ix i маленства, якое праходзіла там, дзе i мае, наша з Мішам (другая дружная пара), i іхнія ўспаміны пра маленства мне ў асноўньш не вельмі цяжка ўявіць. Toe, што ўспаміналася аднаму з ix на таежным лесапавале, на будаўніцтве Беламорканала, а другому за перадсмяротнымі кратамі, у горадзе з паэтычнаю назвай Белая Царква. Дашкольнае i школьнае маленства ў родным Загоры, у старадаўнім Міры, з яго замкам i паркам, з шумнымі кірмашамі, дзе так цікава было патаўчыся, з царквой, у якую ix, «гарадскіх», вадзілі, з касцёлам, у які з'язджалася навакольнае панства, з сінагогай i ешыботам, каля якіх снавала многа пейсатых «падрабінкаў», сваіх i замежных, з мячэццю для агароднікаў i кажушнікаў татараў.

Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў i я...

З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай,— каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. I такое яшчэ — як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, i мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. I Каралевец, а не Кёнігсберг, i віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда i дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж i гаварылася — i тады, i ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.