Выбрать главу

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ь (Мяккі знак)

Лекцыя 47

… пар.53. Перад мяккімі зычнымі з, с, ц, дз

зьмякчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіце, дзьве і г.д.

Б.Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ. Выд. пятае. Вільня, 1929.

…У радзе выпадкаў… ужыванне літары ь

можна разглядаць як свядомае імкненне

абазначыць асімілятыўную мяккасць зычных:

зьведенье, злость, масть, радость, сьвет,

сьвиренъ, сьмерть…

А.І.Жураўскі. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т.І, Мн., 1967. С.203 (Раздзел «Перакладчыцкая дзейнасць В.Цяпінскага»).

I

Быў далёкі і страшны час, Як зляталі з плячэй галовы, Як знішчалі, мо ў соты раз, Нашу памяць і нашу мову.
Што я ведаю з тых часоў? Калі быць немагчыма шчырым — Інфармацыю з галасоў, Ледзь нашморганую з эфіру,
Пару кніжак хрушчоўскіх год, Зачытаных да латак кволых, Ды маўчання калючы дрот, Што пануе у нашых школах…
Ну не верыць жа галасам, Як і культаўскім звонкім одам. Лёс гукнуў: «Разбярыся сам, Хто быў вораг твайму народу…»
Колькі розных прайшло сустрэч: Інфарматары, дыверсанты… І над кожным зіхцеўся меч, Кожны — контра, ці проста — анты…
Хто ж былі ўладары падзей? — Сведкі, доказы, бланкі, справы Ды нібыта сябры людзей Ад даносчыка да Цанавы.
Нейчы лёс дзеля іх — нішто, Свой — усё, бо на тым паўсталі, Пад нагамі — з людзей плато, Над галовамі — бацька Сталін.
Нікне вечар, іду дамоў, Думкі чэрап ірвуць на часткі, Быццам вынік усіх размоў Мне навокал здаюцца пасткі.
І ў паветры, нібы ядваб, Распрамляючы зноў калені, Вырываюцца з іхніх лап Без віны вінаватых цені.

II

Самых цвёрдых бралі спярша: Гэта цвёрдыя чыняць шкоду, Гэта ў іх не баліць душа Пра патрэбы свайго народу.
Гэта цвёрдыя (хто ж яшчэ?) Нас вядуць па шляхох няслушных. Кат, нібыта мяснік, ссячэ Іх галовы пад спеў задушны.
Спеў халодных турэмных брам, Спеў завей у далёкім Сібіру, Дзе ярэмна нават вятрам, Дзе прыгонна таёжнай шыры.
Горкай праўдай сталее люд, А салодкай — марнее, гіне, Што народжана без пакут, Тое цяжка цягнуць на спіне.
Бралі ж лёгка і без разваг, Пазбаўлялі падсудных лавы, Бо кароткае слова «враг!» Бараніцца знішчала права.
Іх не стала, на іх табу, Догма ж, выраслая ў пачвару, Абвастраючы барацьбу, Зноў шукала сабе ахвяру.
І тады, быццам цень, няўзнак, Безгалосы слуга граматык, Раптам выступіў Мяккі Знак На арэну смяротных схватак.
Самы мяккі пайшоў у бой, Браў, як цвёрды, сцены крутыя, Каб цвярдзейшых прыкрыць сабой, Каб паспелі ачуцца тыя.
А з фатэляў наўкол віжы Падымалі свае азадкі, І зіхцелі, нібы нажы, Здрадай востраные асадкі.
Быў свінец непатрэбных слоў, Кананада бязладных гукаў Вылятала, як гром, з галоў І лічылася звышнавукай.
Білі ціхага, як заўжды, Ды навошта (не дайма веры!): Што па-варварску праз гады Забірае ён шмат паперы.
Ну, вядома ж, паперы брак, Калі чорных спіскаў замрога І яны даўжэй, чым барак, Ці у люты Сібір дарога.
Выспяваў спакваля закон, Як мярцвяк ажываў пад снегам: Мяккі Знак асудзіць на скон, Як буржуйскага здрадцу-шпега.
Колькі «супраць» было і «за»? Ды з абодвух бакоў нямала, А ў віжоў на канцы ляза Кожны спрэчнік засеў трывала.
На ашчаджаным аркушы, У атраманце зберажоным Затрымцела святло душы І зайшлося кайданным звонам.
Скон цянёты плёў, як павук, Рассыпалі завеі спевы, Тэарэтыкі звышнавук Для паперняў валілі дрэвы.
І хацелі пляваць яны, Што ў далёкай бацькоўскай хаце Ад сапраўднае іх віны Нехта родную мову страціў: