Выбрать главу

Незнаёмец пасьміхнуўся куточкамі вуснаў і прымружыў вочы.

– Вы не адказалі на другое пытаньне: навошта хочаце мне гэта распавесьці?

– Сёньня пра гэта пісаць нельга. Так будзе лепш і для мяне, і для вас. Але прыйдзе час і вы напішаце… Прынамсі, я веру ў гэта.

Частка другая

Патэлефанаваў Алесь Кузьмін і паведаміў неверагодную навіну: «Мясцовы час» запрасілі на рок-фэст у Польшчу. Фэстываль ладзілі ў Беластоку, ён меў дзіўную назву «Басовішча» і яго арганізатарам выступіла Беларускае аб’яднаньне студэнтаў. Гэта было першае «Басовішча».

– Ну і як мы туды трапім? – адразу пасьля пачутага спытаў я Кузьміна. – Гэта ж трэба, напэўна, процьму дазволаў атрымаць.

– Усе бюракратычныя пытаньні бярэ на сябе Наваполацкі гаркам камсамола. Мы нібыта ад яго едзем у творчую камандзіроўку. Нам і камандзіровачныя пасьведчаньні выпішуць. Я аб усім ужо дамовіўся. Так што давай свой пашпарт, зараз ім занясу.

Кузьмін проста сьвяціўся ад шчасьця. На пачатку 90-х мы пасябравалі зь менскай камандай Лявона Вольскага «Мроя», якая таксама была запрошаная на фэстываль. Сярод запрошаных быў і Сяржук Сокалаў-Воюш. Таму атрымлівалася добрая кампанія.

«Мясцовы час» паціху набіраў папулярнасьць – некалькі разоў выйграў радыйныя хіт-парады «Беларускай маладзёжнай», постары полацкага гурта надрукавалі газэта «Чырвоная змена» і дзіцячы часопіс «Бярозка». Дзьве песьні гурта – «Вартаўнік» і «Будзе так» – трапілі на складанку хіт-параду «Беларускай маладзёжнай», якую фірма «Мэлёдыя» выдала на вініле. І вось запрашэньне на сапраўдны рок-фэст, які праходзіў, праўда, не ў Вялікай Брытаніі, а ў Польшчы, але ўсё роўна за мяжой.

Амаль усе запрошаныя на «Басовішча» зь беларускага боку – рокі поп-музыкі, барды, журналісты – выправіліся на фэстываль на адным турыстычным аўтобусе. Ужо за менскай кальцавой музыкі пачалі адзначаць падзею. Мяне прыемна ўразіла, што Алесь Кузьмін абсалютна не ўжываў алькаголю. Я таксама не ўжываў моцных напояў, і катэгарычнасьць у гэтым пытаньні Фулы стала для мяне сапраўдным уратаваньнем.

Але празь некалькі гадзін агульны ўзьнёслы настрой зьнік, як тая гарэлка зь беларускіх крамаў на пачатку крызысных 90-х. Найбліжэйшы шлях да Беластоку быў праз Гародню. Мы так і накіраваліся. Але гарадзенскія памежнікі катэгарычна заявілі, што не прапусьцяць наш музычны каўчэг. Маўляў, яны не абслугоўваюць аўтобусы, толькі грузавікі і прыватныя аўтамабілі. А таму трэба ехаць на Берасьце. Колькі мы ні ўпрошвалі памежнікаў, колькі ні паказвалі свае запрашэньні і камандзіровачныя пасьведчаньні, нічога не дапамагала. Увечары а 22-й гадзіне прынялі рашэньне ехаць на Берасьце.

Тое, што мы пабачылі ў Берасьці, нагадвала нейкую татальную эвакуацыю цэлай краіны: аў тобусы на памежным пераходзе стаялі даўжэзным шыхтом. У засмучэньні музыкі пачалі зьнішчаць апошнія свае алькагольныя запасы. Адчувалася, што тут мы захрасьлі надоўга, і добра яшчэ, калі прыедзем на фэстываль у заключны дзень.

І толькі некалькі самых зацятых музыкаў не здаліся і пайшлі на перамовы да памежнікаў. І здарыўся цуд: «зялёныя фуражкі» з аўтаматамі за плячыма зрабілі нам калідор у чарзе. У паўжывых сядзельцаў нашага аўтобуса, перадусім ад інтэнсіўнага ўжываньня алькаголю, ад такога цуду наварочваліся сьлёзы на вачох.

Затым мы яшчэ крыху паблукалі па дарогах Беласточчыны, – навігатараў тады яшчэ не было, – і неўзабаве патрапілі ў мястэчка зь немудрагелістай назвай Гарадок, побач зь якім, у невялікім ляску, і меўся адбыцца фэстываль.

Сярод таго ляску на палянцы знаходзілася невялікая просьценькая сцэна, поруч зь якой паўставала намётавае мястэчка. Тут ужо віравала жыцьцё. Час ад часу лясок уздрыгваў ад рэзкіх гукаў – гукаапэратары наладжвалі апаратуру. Нашаму гурту выдалі вялікі армейскі намёт і мы, дарэшты стомленыя паездкай, пайшлі ладкавацца на начлег.

На зьдзіўленьне, гарэлка яшчэ не была ўся выпітая па дарозе, і «мроеўцы» запрасілі «мясцовачасаўцаў» адзначыць удалы прыезд.

Кузьмін адразу адмовіўся, сказаўшы, што ідзе спаць. Увечары, згодна з праграмай фэстывалю, «Мясцовы час» павінен быў удзельнічаць у першым канцэрце. Фула паклікаў да сябе Макса і папярэдзіў:

– Глядзі за Сьвідрыцкім. Пад тваю адказнасьць. Сёньня мы выступаем.

Макс пачаў вазбухаць, маўляў, усе дарослыя людзі, кожны адказвае за сябе, маўляў, мы толькі на хвілінку, візыт ветлівасьці, усё будзе нармальна.

– Ну глядзіце, – Фула, здаецца, ніколі не губляў раўнавагі, заўсёды быў вытрыманы і не ўздымаў голасу: – Бо без бубнача нам няма чаго рабіць на сцэне.

полную версию книги