Выбрать главу

* * *

Кватэра Сержука Сокалава-Воюша нагадвала офіс якой-небудзь апазыцыйнай партыі. Увесь час у яе нехта заходзіў, нехта выходзіў. Дзьверы кватэры не зачыняліся на замок, таму наведнікі не чакалі запрашэньняў і вітаньняў гаспадароў. Распраналіся і ішлі ў сьвятліцу. Нярэдка Сяржук быў заняты – пісаў нешта за сваім пісьмовым сталом. Але гэта не азначала, што наведнік мусіў пакінуць гаспадара ў спакоі і як найхутчэй сысьці. Госьці звычайна сядалі на канапу, побач зь якой вісеў вялікі алейны партрэт Івана Луцкевіча, і нешта паміж собку абмяркоўвалі. Часам яны перабіраліся ў кухню і там палілі ды пілі гарбату. Спрачаліся, штосьці апавядалі адзін аднаму, часам нехта чытаў свае творы.

Калі я першы раз трапіў у гэт ую дзіўную кватэру, усе прысутныя ў ёй займаліся калектыўнай творчасьцю. Любімым заняткам Сержука было складаньне слоўніка рыфмаў. Працуючы над ім, ён эксплюатаваў сваіх гасьцей. Балазе, амаль усе яны былі літаратары. Вось і на гэты раз гаспадар сядзеў за пісьмовым сталом, трымаў на каленях сваю фанэрную бібліятэчную скрыню з карткамі і гучна прамаўляў слова, на якое трэба было знайсьці рыфму.

Рыфмы сыпаліся як зерне зь мяхоў на млыне. Але на кожную прапанову Сяржук казаў: «ёсьць» альбо «маю». Знайсьці сьвежую, невядомую Сержуку рыфму было цяжка.

– Во, новыя сілы прыбылі на дапамогу. – Гаспадар, якога я ведаў раней, прадставіў мяне іншым гасьцям. – Гэта паэт Алесь Аркуш. Цяпер будзе жыць на Полаччыне. Прашу любіць і шанаваць.

Сяржук паказаў на фатэль, маўляў, сядай, выцягнуў са скрыні чарговую картку і прамовіў:

– Ураджай.

– Край, – выгукнуў нехта.

– Ёсьць.

– Пашукай.

– Маю.

– Бай.

– Казачнік-бай, – удакладніў Сяржук. – Ёсьць.

– Каравай.

– Ёсьць. А што нам скажа Алесь?

– Паранджа, – падумаўшы колькі сэкундаў прапанаваў я.

– Што значыць – сьвежыя сілы! Няма. Дзякуй. Запішам.

– Гэта не беларускае слова, – зазначыў хтосьці зь мясцовых пурыстаў, напэўна, гэта быў Вінцэсь Мудроў.

– А як будзе па-беларуску? – спытаў у пурыста Сяржук.

– Намітка, – мовіў пурыст.

– Э, гэта не зусім тое, што паранджа, – уступіў у дыскусію мясцовы гісторык. – Намітка не закрывала цалкам твар.

– А ў нас ніхто твар не хаваў, – пачынаў дыскусію пурыст.

– Дык што гэта за мова будзе, калі толькі пра сваё, – не здаваўся гісторык.

– Паранджа – нармалёвае слова, – вынес вердыкт Сяржук. – Таму заносім у нашыя аналы.

Ён узяў у руку самапіску і дэманстратыўна запісаў слова.

– Усё, перакур. Ідём частаваць госьця гарбатай. Усе падаліся на кухню.

– Чытаў твой артыкул пра рок-музыку ў «Чырвонай Змене», – сказаў мне па дарозе Сяржук. – Ёсьць тут у нас для цябе праца. Неўзабаве пазнаёмлю з хлопцамі. Добра граюць. Але яшчэ б лепш зайгралі, калі пачалі б сьпяваць па-беларуску.

* * *

Памяшканьне наваполацкай гарадзкой газэты «Хімік» знаходзілася ў адным будынку з наваполацкай друкарняй. Для журналістаў гэта было вельмі зручна, асабліва для адказнага сакратара, які два разы на тыдзень рабіў макет новага нумару і здаваў у набор матэрыялы. Трэба было толькі ўзьняцца на другі паверх і перадаць наборшчыкам свае паперы. І калі раптам узьнікала патрэба нешта зьмяніць у свежым нумары, – а такое ў газэтнай справе здараецца нярэдка, – то зрабіць гэта можна было апэратыўна і пад асабістым кантролем.

На першым паверсе друкарні знаходзіліся друкарскія варштаты, якія амаль бесьперапынна грукаталі, друкуючы сьвежыя нумары навакольных раёнак і шматтыражак.

Атрымлівалася два ў адным – і рэдакцыя газэты, і друкарня. Гэта месца мяне прыцягвала як магніт. Балазе, у газэце працаваў ужо вядомы малады празаік Уладзімер Арлоў.

Але самае цікавае, што адбывалася ў рэдакцыйным будынку, – гэта паседжаньні літаратурнага аб’яднаньня «Крыніцы», слава пра якое грымела на ўсю Беларусь. Аб’яднаньне працавала пры газэце і штомесяц рыхтавала літаратурную старонку. Традыцыйна літаб’яднаньнем займаўся нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі, які меў дачыненьне да прыгожага пісьменства. Перад маім прыездам на Полаччыну «Крыніцамі» кіраваў Арлоў. Бадай, гэта быў зорны час аб’яднаньня, калі на яго паседжаньні прыяжджалі госьці зь Менску, а літаратурныя пэрыёдыкі гасьцінна запрашалі крынічанаў на свае старонкі. І якія госьці прыяжджалі! Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Алесь Разанаў, Міхась Ткачоў, Анатоль Грыцкевіч…

Прычым, крынічане займаліся ня толькі літаратурнымі справамі. Яны заўжды былі ў гушчыні сацыяльных і палітычных падзеяў у сваім рэгіёне. Пісалі лісты да ўладаў у абарону помнікаў архітэктуры, вялі працу за пашырэньне беларускамоўнага навучаньня, удзельнічалі ў археалягічных раскопках і суботніках на архітэктурных помніках, здымках фільмаў, наладжвалі вандроўкі па родным краі.