Выбрать главу

Трэба абавязкова сабраць бібліятэчку беларускіх ксёнжак, дапаможнікаў, настольных гульняў. На Новы год пажадана павіншаваць кожнага вучня і вучаніцу паасобку. Карацей, трэ варушыцца. Дзякуй Богу, надышла часіна Дзеі. Гэта падарунак Гісторыі, і яго неабходна выкарыстоўваць.

* * *

Колькі людзей сабралося на мітынг, цяжка было падлічыць. Улада дазволіла апазыцыйнае мерапрыемства каля помніка першай палатцы ў Наваполацку, а там не было вялікага адкрытага пляцу, таму людзі атачалі помнік, які ператварыўся ў трыбуну, з усіх бакоў. Людзей было – процьма. А яны ўсё ішлі і ішлі да палаткі з боку Маладзёжнай вуліцы.

Мітынг апазыцыянэры прысьвяцілі кепскай экалёгіі ў горадзе – самай надзённай праблеме Нафтаграда. Не было ніякага сакрэту, што пратэстная акцыя была падрыхтаваная Сержуком Сокалавым-Воюшам і ягонымі паплечнікамі, якія затым утвораць моцную суполку Беларускага Народнага Фронта ў Наваполацку.

Сяржук цэлую ноч перад мітынгам пісаў адмысловую песьню, якую зьбіраўся выканаць пад гітару перад шматтысячным натоўпам. Хацеў напісаць нешта накшталт экалягічнага гімна Нафтаграда. Раніцай мы сустрэліся. Воюш прасьпяваў мне тое, што атрымалася.

– Ну як? – гарэзьліва спытаў ён, гледзячы на мяне чырвонымі ад недасыпу вачыма.

– Добра! Толькі ты словаў ня ведаеш, па паперцы сьпяваеш. – Хутчэй гэта быў жарт, чымсьці крытыка.

– І на мітынгу прасьпяваю па паперцы. Дзялоў тых. Ты ж таксама будзеш чытаць верш па паперцы? – Воюш быў у гуморы. Ён як апантаны рыбак прадчуваў добрую рыбалку. Мітынг дазволілі. І людзі на яго абавязкова прыйдуць. У гэтым Воюш быў перакананы.

У кватэру Сержука з раніцы пачалі сьцякацца мясцовыя апазыцыйныя сілы. Бэнээфаўцы, рокеры, актывісты-эколягі, крынічане і розныя іншыя неабыякавыя людзі. Усе разам, гэтым стракатым збоем, мы й рушылі да першай палаткі. Там ужо актывісты мантавалі гукавы ўзмацняльнік, дружыньнікі зь бел-чырвона-белымі павязкамі атачылі і сам помнік, і прылеглы сквэр. Ва ўсіх быў нейкі ўзьнёслы настой. Нібыта сабраліся на сьвята.

– Будзеш трымаць мне тэкст пад носам, сапраўды словаў не памятаю, – сказаў мне ўжо на трыбуне Сяржук.

Людзі сустракалі кожнага выступоўца вельмі цёпла. Воюш прамовіў і прасьпяваў як мацёры мітынгоўшчык. Калі вядоўца мітынгу аб’явіў мяне, натоўп прывітаў гэта такім гудам, нібыта я як мінімум Зянон Пазьняк. Аказалася, што за маёй сьпінай дружыньнік узьняў на руках маленькую дзяўчынку, якая згубілася. Але гэты гуд людзкога мора мяне нібыта наэлектрызаваў. І я, заведзены на поўную шпулю, пачаў чытаць вершы:

Зноў людзкія адбіткі заганныя,

Як музыкі, ў нябёсах лятаюць —

Працінаюць пякельную ноч.

Нараджаюць мэлёдыі танныя:

Дзьмуць у комінаў доўгія пальцы,

Дзьмуць да чырвані пацерак-воч.

Іх музычны імпэт без падману —

Не жартуюць браты-блюзьняры.

Уздымаюцца клубы туману,

Тлум цярушыцца на ліхтары.

Што паперныя столі і дахі!

Тлум укрые таксама і нас.

Тлумны час, як заўсёды, ня ў час.

І мацнеюць мэлёдыі жаху,

І цярушацца пёрамі птахаў —

Вар’яцее атрутны джаз.

* * *

На адным з паседжаньняў «Крыніц» вырашылі, што пара выходзіць на шырокую аўдыторыю і заснаваць курсы беларусазнаўства. У якасьці пляцоўкі абралі наваполацкую гарадзкую цэнтральную бібліятэку, з кіраўніцтвам якой мелі даўнія шчыльная кантакты. Адкрыцьцё курсаў заплянавалі на пачатак кастрычніка. Ганаровым госьцем запрасілі Янку Брыля.

Брыль прыехаў у Наваполацак ажно на некалькі дзён. На аўтавакзале мы сустракалі шаноўнага госьця пісьменьніцкай дэлегацыяй, праўда, без аркестра і ганаровай варты, – Сокалаў-Воюш, Ірына Жарнасек, Навум Гальпяровіч і я. Адвялі ў мясцовы гатэль «Беларусь» і пасялілі яго там. Увечары ўся крынічанская тусоўка сабралася на «кансьпіратыўнай» кватэры ў Воюша. У вялікім пакоі гаспадары накрылі сталы і наладзілі знакаміты пачастунак. Янка Брыль быў душой кампаніі. Сьпяваў песьні, згадваў розныя забаўныя гісторыі, чытаў вершы. Пагулянка доўжылася да позьняга вечара. Правесьці Брыля ў гатэль даручылі мне. Па дарозе ён распытваў мяне: адкуль я, зь якіх мясьцінаў мае крэўныя. Затым неяк, ці то са спачуваньнем, ці то зь ветлівасьці, асьцярожна сказаў, што і раней сустракаў Аркушаў у Беларусі. Гэтая ягоная далікатнасьць мяне моцна расьсьмяшыла і я прызнаўся, што Аркуш – мая «нацдэмаўская» мянушка. Ён спыніўся і ўжо сваім звыклым голасам спытаў: «А як тваё сапраўднае прозьвішча?» «Козік, але мне падалося, што гэта не зусім падыходзіць для літаратурнага імя, таму я ўзяў псэўданім», – патлумачыў я старэйшаму калегу. І тут Брыль пачаў мяне пераконваць, што Козік вельмі мілагучнае і сэнсоўнае беларускае прозьвішча. Зноў спыніўся і чарговы раз спытаў: «А ты ведаеш, што значыць па-польску Козік?». «Ня ведаю», – прызнаўся я. «Сьцізорык», – выдыхнуў Брыль, нібыта паведамляючы мне вельмі сур’ёзную рэч. На гэтым абмеркаваньне маіх крэўных і прозьвішча спынілася і Брыль пачаў распытваць пра полацкае літаратурнае жыцьцё.