Выбрать главу

— Вось ты які,— дзедаў голас гучаў роўна, але вусны рухаліся неадпаведна гукам.— Ты адзіны, каго я не мог уявіць сабе ў думках, адзіны, хто жыў па-за маім уяўленнем да гэтага часу. А яны ўсе, нават мёртвыя, тут, я чую іхнія галасы. Іхнія твары на маёй памяці змяніліся ад немаўленка да чэрапа ў грабоўцы. А я зараз іх бачу нязменнымі, якія яны есць. Добра, што цёмна і я не магу разгледзець твой твар. Я не хачу, каб ты далучыўся да іх. Хай яны далучаюцца да цябе. Сядай. Я ўжо не адчуваю свайго цела. Толькі вочы і язык слухаюцца мяне. Пасядзі побач. Мне засталося мала часу.

— Слуга паехаў па ксяндза? — я сеў на край ложка.

— Так, толькі ён не паспее. Ксяндзы і лекары заўжды позняцца, і толькі смерць прыходзіць раней, чым трэба. Не перабівай мяне, паспееш нагаварыцца, а я ўжо не. Ты мне павінен сказаць толькі — так ці не. А цяпер слухай. Усе, што я маю, хачу пакінуць табе, чуеш, усе, што маю, гэта не толькі грошы і маёнтак. Калі думаеш, закладзеныя вокны можна прабіць зноў — памыляешся. Няхай у іх будзе шкло, толькі ты ўсе адно будзеш памятаць іх каменнымі. Чуеш, ці згодны ты стаць маім нашчадкам? Ці згодны ты ўзяць усе, што я маю? Я таксама раней жыў, як і другія, як думаеш жыць і ты, але ж бачыш, што сталася са мной, з маім палацам, гэта як смерць — ніхто не думае паміраць, а паміраюць. Так і з тымі вокнамі: што можа быць закладзена цэглай, у рэшце рэшт будзе закладзена. Ды што вокны — драбяза, проста яны кідаюцца ў вочы, а ўсе астатняе? Яно ж таксама пяройдзе да цябе. Я нічога не хаваю, глядзі, нават сваю смерць. Падумай і адкажы. Ці згодны ты стаць нашчадкам, прыняць у спадчыну ўсе, што я маю? Падумай!

— Зараз,— я прымружыў вочы, не думалася, у вушах гучалі словы: «грошы, незалежнасць», дзявочыя постаці вымалёўваліся скрозь смугу.— Я падумаў: так, згодны.

— Добра,— дзед заплюшчыў вочы,— цяпер ты тут гаспадар. Паварушы вуголле ў каміне: накруці гадзіннік на каміннай паліцы.

Абкладзены паліраваным чорным мармурам камін патыхаў сухім цяплом. Вуголле ледзь прабівалася чырванню праз попел. Я падклаў дровы. Агонь хутка ўскараскаўся па іх і асвятліў пакой. Бліснуў вызалачаны скульптурны гадзіннік, адбіўся ў ідэальна гладкай паверхні каміннай паліцы. Цёплы ключ ляжаў побач. Суха захрабусцела пружына. Гадзіннік раптам уздрыгнуў, і загучала незнаёмая мінорная мелодыя.

— Якая гадзіна? — спытаў я.

— Ты гаспадар, на якую паставіш, такая і будзе,— прагучала ў пакоі.

— Поўнач,— адзначыў я і не стаў датыкацца стрэлак,— час ценяў.

Мелодыя не канчалася, паўтор ішоў за паўторам.

Я зноў сеў на ложак. Дзед маўчаў. Пасля зыркага агню каміна вочы зноў прызвычаіліся да змроку за шырмай.

— Дзеду,— няголасна аклікнуў я. Ён маўчаў. Я ўстаў, нахіліўся і пацалаваў у лоб нябожчыка — майго дзеда.

Мне раптам сталася задушліва. Я падбег да акна, расхінуў фіранкі. За імі слаліся роўныя рады цэглы ў плямах раствору. У коміне засвістаў вецер, зарыпелі дзверы, калыхнулася тканіна шырмы. Граў гадзіннік. Я адчуў, як скура ў мяне халадзее.

Камінныя шчыпцы выслізгвалі з рук. Нарэшце я здолеў сціснуць імі галаўню і выбег з пакоя на калідор. Сходы. Забітыя крыжом дзверы. Пераходы. Страх штурхаў мяне ў спіну. Я ніяк не мог знайсці выхаду. Жарынкі, падхопленыя скразняком, раз-пораз зрываліся з галаўні. Сцены то сціскалі мяне з бакоў, то адступалі ў цемру. Палац поўніўся гукам маіх крокаў. Раптам у твар плесканула свежым паветрам, і ў канцы анфілады бліснуў месяц. Я выбег на ганак, шпурнуў шчыпцы з галаўнёй на каменныя пліты і прашаптаў: «Выбачай, дзед, я не магу зараз застацца з табой, мне страшна, зразумей і выбачай, я прыеду да цябе заўтра з раніцы, я зраблю ўсе як трэба, ты ж ведаеш, выбачай, мне страшна». Ледзь чутна ў глыбіні палаца граў заведзены маёй рукой гадзіннік.

Я адвязаў каня, ускочыў у сядло і паімчаў. Конь сам скіраваў у ледзь бачны ў месячным святле прагал між кустоў шыпшыны. Здзічэлы парк змяніўся лесам. Чвякала пад капытамі глеба. Страх усе болей апаноўваў мяне. Згадваліся страшныя гісторыі пра начныя балотныя агеньчыкі, што заманьваюць у багну.

Каб супакоіцца, я пачаў уяўляць, што зраблю, як атрымаю грошы. Як уладкую палац, якія ў мяне будуць жанчыны і госці. Але ў святочныя думкі зноў урываліся пачвары і жахі, прыгажуні ператвараліся ў хімер, у гасцей адрасталі іклы, і яны ўжо гналіся за мной па маім шыкоўным палацы, а вецер гасіў свечкі, блыталіся, перасякаліся калідоры, а выйсця не было. Урэшце я адчыняў дзверы, але за імі была цагляная кладка.

Лес падступіўся бліжэй, звузіў дарогу да шырыні калідора. Я разумеў, што па часе, колькі скачу, даўно павінен быць дома, што збіўся з дарогі і пакінуў свой палац недзе ўбаку, але страх не даваў спыніць каня і агледзецца. Я імчаў у вільготнай цемрадзі і суцяшаў сябе, што кожная дарога прыводзіць куды-небудзь.