— Гэта якраз той выпадак, калі датыкацца рукамі не варта, выбачай, я проста не жадаю, каб сёння было дзве імянінніцы. Я і так дастаткова шчаслівая, каб памнажаць шчасце ўдвая, закрый люстра, усе адно ў ім не ўбачыш нічога, акрамя таго, што можна пабачыць у зале. Не будзем марнаваць час. Яшчэ трэба агледзець шмат з таго, чаго ты ніколі не бачыў. Пайшлі ў другую залу. Нашто глядзець у люстэрка? Усей цікавасці — пабачыць уласны твар. Толькі на гэта люстэркі і існуюць. Усе астатняе можна сузіраць у арыгінале. Апусці заслону. Няўжо мой твар для цябе менш цікавы за твой уласны, так магу і пакрыўдзіцца.
Усе ў гэтай зале выдавала мне здаўна знаёмым. Так, нібыта нехта насцягваў сюды па частках рэчы, архітэктурныя дэталі, некалі бачаныя мной. Рэльефы карнізаў, парцалянавыя каларыферы, жырандолі былі рыхтык як у мяне дома. Я пазнаваў твары гасцей — гэты некалі прыязджаў да бацькі, але ж з таго часу мінулі гады, а твар застаўся нязменным, той нагадваў паляўнічага з карціны ў маім пакоі, не толькі твар, але і вопратка на ім была акурат з той жа карціны. Але ж, можа, і яго перастрэлі на дарозе, як вяртаўся з палявання? Бо наўрад ці ён так апрануўся, каб ехаць у госці.
Мы мінулі маўклівых гасцей. Над дзвярыма вісела ўжо згаданая мной карціна, тая ж самая з паляўнічым, нават фарба лушчылася на ёй у тых жа месцах.
— Хадзем, не затрымлівайся,— Марта ўзяла мяне за руку і прачыніла дзверы.
У другой, напаўцёмнай зале быў усяго зэдлік, а на ім Свяча ў танным гліняным падсвечніку, шкляны глечык з малаком і недапітая шклянка. Ні карцін, ні вокнаў. Белыя, матавыя паверхні сцен і столі. Адно невялікія дзверы ў супрацьлеглай нам сцяне.
Я маўчаў. Марта падышла да зэдліка, прысела на кукішкі:
— Гэта мая любімая зала, а сёння яна і твая. Хочаш, пап'ём малака?
Не паспеў я адказаць, як Марта паднесла шклянку.
У мяне ў дзяцінстве была такая ж самая шклянка, я чамусьці вельмі любіў яе, нават клаў да сябе ў ложак нанач. Але аднойчы яна пабілася, і ніхто не змог знайсці мне такую ж.
— Пі, Фабіян, адсюль піла толькі я, бачыш адбітак вуснаў? Папі і ты.
Малако было ні цёплым, ні халодным, затое густым і саланаватым.
— Дзякуй,— я паставіў шклянку на зэдлік і прамакнуў насоўкай вусны.
— Гэта любімая зала, а есць яшчэ і любімы пакой, хочаш, пакажу? Астатняе нецікава. Нашыя палацы падобны адзін да аднаго, яны могуць быць больш ці менш шыкоўнымі, затое такога пакоя няма ні ў цябе і ні ў кога. Аб ім можна толькі марыць. Пайшлі.
За маленькімі дзвярыма строма ўздымаліся сходы. Наверсе мігцелі паліраваныя панелі.
— Цяжка жыць сіратой? — раптам спытала Марта.— Хаця які ж ты сірата, у цябе есць дзед.
— Больш няма, ён памер гэтай ноччу, я вяртаюся ад яго.
— Выбачай, Фабіян, я не ведала. Мне думалася, што ён будзе жыць вечна. А як жа тады сённяшні дзень? Я адчувала — робіцца нешта не тое, гэта як правал. А потым усе сталася зноў, як раней. Ён пакінуў табе ў спадчыну ўсе, што меў? І ты згадзіўся? Я ўсе разумею, Фабіян, можаш ні аб чым не прасіць, мы не вернемся да гасцей. Я пашлю да іх перадаць. Яны сыдуць. Усе будзе, як ты жадаеш. Ты ж не забыўся? Сёння ты тут гаспадар.
За дзвярыма я ступіў на нешта мяккае і, як падалося, жывое, ускрыкнуў. Уся падлога была адным вялікім, суцэльным ложкам.
— Гэта мая спальня, а сёння і твая,— Марта абхапіла маю шыю рукамі.— Фабіян, выбачай, я не здагадвалася, Фабіян,— і пачала цалаваць мой твар.
Мяне ахапіла гарачыня, я дакрануўся сваімі да яе вуснаў, але не ведаў, што рабіць далей. Марта яшчэ мацней прыціснулася да мяне. Аднымі пальцамі, асцярожна, так, нібыта яна магла не адчуць, я шукаў засцежку сукні, але не знаходзіў — сукня была суцэльнай. Тады я навобмацак ссунуў сукню спачатку з аднаго, потым з другога пляча.
Марта расчапіла абдымкі, зрабіла крок назад, накрыж абхапіла свае плечы і пасунула сукню ўніз. Затрашчалі ніткі. Сукня аб'ехала на коўдру пад нагамі.
Я спадзяваўся першы раз у жыцці ўбачыць аголеную жанчыну, але застыў, гарачыня перакулілася холадам, я не мог варухнуцца ад жаху, што памнажаўся з кожным імгненнем.
Рукі, шыя, плечы ў Марты засталіся тымі ж, што і раней, жывымі, сапраўднымі, але ўсе, што да гэтага павінна была хаваць вопратка, не існавала наогул. Пад сукняй было пуста. Я згледзеў нават свой цень, ён ляжаў на коўдры, якраз там, дзе была Марта.
Яна перахапіла мой позірк і глянула ўніз. Жахлівы крык скалануў паветра і згас у мяккай падлозе. Я кінуўся прэч. Адным скачком пераляцеў сходы, у напаўцёмнай зале зачапіў зэдлік. За спіной ценькнула разбітае шкло, і я апынуўся пад намаляванымі на столі аблокамі. Са спальні дасягаў плач.