Выбрать главу

Госці ўжо не сядзелі, яны стаялі шчыльнымі шэрагамі перад выйсцем. Я з жахам глядзеў на іх і тут заўважыў, што вочы ў іх набрынялі чырванню, а пазногці падаўжэлі і загнуліся пазурамі-кіпцямі. Усе адначасна зрабілі крок мне насустрач. Палац уздрыгнуў, і зазвінелі келіхі на стале. Я адступіў убок і прыціснуўся да ядвабнай заслоны.

У залу ўбегла Марта, яна прытрымлівала скрыжаванымі рукамі сукню на плячах.

— Фабіян, спыніся, не рабі глупства, нашто табе яны, я ж казала, толькі пажадай, і іх тут не будзе!

Госці няўмольна набліжаліся.

Я сціснуў у кулак матэрыю заслоны і павіс на ей. Над галавой хруснула, і заслона звалілася. Я прыціснуўся да сцяны і адчуў спіной шкло люстра.

Марта адразу ж змянілася з твару, так, нібыта яшчэ большы жах, чым яна і яе госці, з'явіўся за маёй спіной. Я азірнуўся: у суцэльным люстры быў мой адбітак на фоне лесу — ні Марты, ні пачварных гасцей, ні нават самой залы, я пачуў шум лістоты, і майго твару крануўся раптоўны холад вольнага паветра. Тады я ўсе зразумеў і крыкнуў:

— Няма! Вас няма!

Я адчуў, як захісталіся вакол мяне нябачныя ў люстры сцены.

— Няма! Я прыдумаў вас! Вы мой жах! Я больш не баюся, і вас ужо няма!

Я азірнуўся. Раставалі ў паветры госці, Марта, рабіліся празрыстымі і знікалі сцены, драбілася і асыпалася за спіной люстра.

Нарэшце застаўся толькі скрышаны падмурак.

— Я не баюся, мне не страшна, нельга баяцца таго, чаго няма. Бо калі я баюся — яно есць, а я не баюся, нічога не баюся,— як заклён, паўтараў я.

І сапраўды, спакой агарнуў мяне. З вышыні пагорка было добра і далека відаць. Я сеў на каня. За лесам, ледзь не на самым даляглядзе свяціліся вокны майго палаца.

6. Фабіян Жуковіч вяртаецца да размовы ў карчме

Вось і ўсё, хлопча. Гэтая замова і сёння са мной. Дапамагае ад рознай д'ябальшчыны лепш за малітоўнік. А верыць у тое, што нечага няма,— звычайнае глупства. Гэта не вера, а бязвер'е. Сёння няма — заўтра есць. Няма тут — можа, чакае цябе за рогам? А вось верыць у нешта — зусім іншае. Вера мае моц. А страх — гэта вера. І чым большы страх, тым мацнейшая вера. Толькі ўсяму есць мяжа. Спачатку страх — як лёгкае казытанне, далей — болей. Страх спараджае страх. Ён палоніць свядомасць, завалодвае целам. І калі нічога, акрамя страху, не застаецца — ён робіцца адзінай рэальнасцю. Ператварае рэчы ў пачвар. Пакоі поўняцца прывідамі, адчыняюцца дамавіны, і ўстаюць мерцвякі.

А мы больш за ўсе баімся за свае жыццё. Вось і цягнуцца пачвары да нашых горлаў, сціскаюць пальцы. Смерць або страта прытомнасці таго, хто баяўся, вось і знікае страх, знікае тая моц, што спарадзіла пачвар. І яны рассыпаюцца ў пыл, з якога паўсталі, да таго часу, покуль нехта другі сваім страхам не выкліча іх з нябыту.

Часам кажуць — чалавек прадчуваў сваю смерць. Лухта, наперад ведае адзін Бог. А чалавек сваім страхам забівае сябе.

Пра якія толькі жахі ні расказваюць, але ўсе яны пазнавальныя, яны складаюцца з усяго, што нас атачае, бо нельга ўявіць сабе, чаго ніколі не бачыў. Як атрымалася ў мяне з Мартай. А калі я ведаю, што ўсе мае жахі — гэта я сам, мае ўяўленне, няхай іх нават і можна памацаць рукамі, то чаго мне баяцца. Я іх стварыў, я іх і знішчу адным намаганнем волі.

Калі б тое ж самае я мог зрабіць з варожымі войскамі, з забойцамі і злодзеямі! Але іх мусіш баяцца, мусіш набываць замкі, вазіць з сабой пісталеты, ваяваць. Так што, хлопча, не бойся ніякай д'ябальшчыны, яна падуладная тваёй волі. У свеце і так хапае жахаў, каб яшчэ самому памнажаць іх. Кладзіся спаць і не давай страху апанаваць тваёй душой.

Дабранач. І да пабачэння, бо заўтра на світанку мушу ехаць. Спадзяюся сустрэцца калі-небудзь, каб даведацца, ці прыдалася мая навука.

7. Фабіян Жаковіч працягвае расказваць сваю гіторыю пра тое, чым скончыў папярэдні расказчык

Мы развіталіся і разышліся па пакоях. Заснуць я ўсе адно не мог, ляжаў і думаў, шукаў хібы ў разважаннях свайго субяседніка, шукаў і не знаходзіў. Наадварот, кожная страшная гісторыя, што мне згадвалася, знаходзіла свае тлумачэнне. Кожная сустрэча з д'ябальшчынай абрывалася, калі знікаў страх. Людзей або знаходзілі нежывымі, або яны трацілі прытомнасць, або паспявалі даверы да жытла, да людзей, і жахі заставаліся за дзвярыма.

Жахі заўсёды з'яўляліся чалавеку сам-насам, калі ён не мог суладаць са сваім страхам. Нарэшце я канчаткова паверыў у расказанае і спакойна заснуў.

Прачнуўся я рана. Але майго суседа ўжо не было. Неўзабаве прыйшоў лекар. Я для пэўнасці даў яму яшчэ адну манету і выправіў на дарогу, каб лепш цікаваў, чым надакучаў сва ёй прысутнасцю.

Пачуліся крыкі фурмана, грукат колаў. Фурман яшчэ раз крыкнуў, і грукат сціх. За акном прабег карчмар. Мне не было відаць, што рабілася на дарозе. Я прыціснуўся да сцяны і пачаў маліць Бога, каб мой план здзейсніўся.