Выбрать главу

Скора галасы пачуліся за дзвярыма. Нешта ўсхвалявана казала Марыніна маці, ёй адказваў лекар, але слоў разабраць было нельга. Забразгацеў ключ, і галасы пачуліся ўжо з-за сцяны. Час цягнуўся невыносна марудна.

Нарэшце зноў крыкнуў фурман, загрукацелі колы. Дзверы майго пакоя ціха прачыніліся, і задаволены карчмар пачціва паманіў мяне рукой...

Пакаёўка ўскрыкнула, ледзь толькі пабачыла мяне. Марына расплюшчыла вочы, села на ложку і загадала ёй:

— Ідзі на двор і сачы за дарогай. Калі што — папярэдзіш.

Мы сядзелі з Марынай абняўшыся на ложку. Яна ўсе плакала і пыталася:

— Фабіян, дык што ж з намі будзе, што нам рабіць? Ну, што ты маўчыш, Фабіян?

— Я прывёў двух коней. Грошы ў мяне покуль што есць. Давай уцячом, абвянчаемся, а калі вернемся, то ўсе будзе добра, мой бацька дасць згоду.

Марына нічога не адказала. Тут у дзверы ціха пашкрэбліся.

— Хто? — спытала Марына.

— Паненка, па дарозе сюды ідзе нейкі пан, у крыві, абадраны,— зашыпела з-за дзвярэй пакаёўка.— Карчмар кажа, што ён начаваў сёння тут, а раніцай паехаў...

— Чакай,— я саскочыў на падлогу,— зараз вярнуся.

На ганак цяжка ўздымаўся мой учарашні сусед — Фабіян. Скронь у яго была разбіта, кроў запяклася на шчацэ, валасах, іржавымі плямамі на кашулі. Ён прыціскаў да скроні насоўку і сычэў:

— Быдла, сабакі, адкуль толькі ўзяліся, быдла...

— Хто? — спытаў я.

— Хто? Звычайнае быдла. Дапамажы дагнаць, у цябе двое коней і зброя есць. Коней, карэту, грошы. Як дзіцёнка, абрабавалі, быдла.

— Гэй! — крыкнуў я карчмару. — Выводзь коней, едзем!

Фабіян адціснуў адной рукой насоўку і сеў на прыступку. Я пабег да Марыны.

— Што здарылася? Хто там? — яна сядзела на ложку, падціснуўшы ногі.

— Пачакай мяне, яго абрабавалі, трэба дапамагчы, збірайце рэчы, вярнуся, і адразу ж паедзем. Я дапамагу яму цяпер, а ён дапаможа нам потым. Чуеш, Марына? — Я прыўзняў ей галаву.— Чуеш?

— Мне страшна, Фабіян. Мне страшна заставацца самой, мне страшна ўцякаць. Мне страшна адпускаць цябе, раптам гэта на ўсе жыццё.

— Не бойся, нічога не бойся, твая маці раней чым заўтра не паспее вярнуцца, у нас цэлы дзень,— я пацалаваў яе. — Чакай, са мной нічога не здарыцца,— і выбег з пакоя.

Мы селі на коней і паімчалі. На хаду я перадаў пісталет Фабіяну. Мы скакалі поруч. Каб вецер не збіваў дыхання, ён паварочваў галаву і казаў мне:

— Я як сурочыў учора з тымі рабаўнікамі. Засцерагаў цябе, а натрапіў сам. Не так шкода тых грошай, як коней. І крыўдна яшчэ. Што такое чатыры злодзеі супраць аднаго шляхціца — цьфу, адно слова — быдла. А тут як знарок. Хоць бы забіў каго з іх, і то лягчэй было б. Вылецелі з лесу на конях ды не паспелі перахапіць, пагналіся. Фурман спачатку гнаў, а як пачалі нас абыходзіць, то саскочыў і ў лес, за ім гнацца не сталі. Коні спужаліся і панеслі. Я два пісталеты ўзвёў, чакаю, калі які сунецца. Адзін з боку абышоў, спрабаваў на хаду дзверцы надчыніць. Я засаўку адкінуў ды нагой у лыч. Але ж, падла, уседзеў, не зваліўся. Я з аднаго пісталета — асечка, з другога — зноў асечка. А гэтае быдла тым часам нейкі паскудны кіёк, на канцы загнуты, выцягнула. І не паспеў я за шаблю схапіцца — мяне тым кійком за шыю. Вокам не паспеў міргнуць, як з карэты на дарогу грымнуўся, і кола на цалю ад галавы пранеслася. Ускочыў, кінуўся наўздагон. Ды як дагоніш, яны са свістам панесліся, нават азірацца не сталі. Нічога, калі нагонім іх, дваіх на месцы пакладу, а дваіх... Вось, глядзі, тут гэта было, бачыш, кусты паламаныя, коні ўбок кінуліся, ледзь карэту не кульнулі.

Фабіян сціснуў бакі каня і вырваўся наперад. Па прыбітым дажджом пыле дарогі блыталіся, змяіліся сляды карэты, іх шчыльна абступалі сляды капытоў.

За паваротам ад нечаканага відовішча мы спынілі коней. На ўзлеску, збоч дарогі стаяла карэта. Чацвёра запрэжаных цугам коней скублі траву, матлялі галовамі, бо ім перашкаджала вупраж.

Моўчкі мы крануліся з месца, моўчкі пад'ехалі да карэты. Наўкола нікога, ды і па высокай траве было відаць, што туды ўехала адна толькі карэта. Фабіян саскочыў на зямлю, зазірнуў за дзверцы.

— Шаленцы нейкія, нічога не ўзялі. — Выцягнуў з карэты невялікі куфэрак, адамкнуў яго ключом. Поўна грошай, а зверху яшчэ ляжалі нейкія паперы.

— Чакай,— сказаў Фабіян, адкінуў падножку і сеў на прыступку перад куфэркам з грашыма,— нешта тут не тое. Яны не ўзялі нават грошай. Гэта не рабаўнікі, але хто іх падаслаў і навошта? Вар'яцтва.