На той час у адным княстве панаваў малады князь, яму і горад належаў, а ў другім — стары князь, якому жыхары таемны ліст напісалі, ён ужо і войскі падрыхтаваў, але ўсе не было зачэпкі, каб вечны мір парушыць. Але што добрае, можа, і не, а зачэпка заўсёды знойдзецца, разумелі гэта князі, таму і пераехалі кожны ў свой замак бліжэй да мяжы з суседам, а каб не было сумна чакаць, то і кожны свой двор за сабой са сталіцы звёз.
2
Малады князь сумаваў у сваім замку. Ужо з самай раніцы лоўчыя былі ў лесе, але нічога вартага свайго князя загнаць не здолелі. Нарэшце пасля абеду яму данеслі, што пашанцавала загнаць вялізнага дзіка. Малады князь адмяніў адпачынак, ускочыў на каня, і, калі праязджаў браму, нечакана для сябе падумаў: «Калі я не ўпалюю сёння гэтага дзіка, то прайграю вайну». Услед за князем скакалі яго афіцэры.
Старога князя турбавала другое. На гэты вечар быў прызначаны да дня нараджэння яго адзінай дачкі баль. Падзея як падзея, калі б гэта не быў першы баль у жыцці маладой князёўны. Баль быў прызначаны яшчэ ў сталіцы, там бы яму на добры розум і адбыцца. Але ж князь лічыў, што нічога страшнага не здарылася, бо амаль уся сталіца пераехала да яго ў замак, хіба што толькі госці з іншых княстваў не змаглі сюды прыехаць.
Стары князь загадаў, каб князёўна прыйшла да яго ў новай сукні, спецыяльна пашытай да балю, і ў чаканні дачкі разглядаў праз акно кабінета ў падзорную трубу пагоркі на даляглядзе. Па іх пралягала мяжа.
Князёўну апранала пакаёўка — дзяўчына аднаго з ей узросту. Калі быў зашпілены апошні гаплік, пакаёўка адышла ўбок і ціха, сама да сябе, прамовіла: «Якая прыгажосць! Як бы я хацела быць князёўнай». Але князёўна пачула яе словы і сказала: «Усе ж кажуць, што ты вельмі падобная да мяне, таму не выдумляй, ты проста хочаш мець такую сукню. Добра, калі мне ў ёй ужо не будзе патрэбы, яна стане тваёй, толькі не дзякуй, бо яшчэ магу перадумаць». Князёўна расправіла сукню і пайшла да бацькі. Яна толькі сёння даведалася, што ніводны госць з другога княства не прыедзе. Яна ўспамінала апошні фэст у сталіцы, на які глядзела з балкона бальнай залы. Успамінала гасцей. Ніхто з іх не здагадваўся паглядзець угору на маленькі балкон пад самым карнізам. І толькі малады князь, які ні з кім не танцаваў, заўважыў яе і схіліўся ў паклоне, нібыта запрашаў да танца, яна тады пакланілася, адмоўна хітнула галавой і пайшла ў свае пакоі.
Стары князь, нават калі пачуў крокі дачкі, не адразу адняў трубу ад вока.
— Я прыйшла,— сказала князёўна.
— Зараз,— прамовіў стары князь,— я чакаў цябе трохі пазней. Няўжо ты думаеш, я не чую? Я выбіраю месца для бітвы.
— Ты яшчэ не абвясціў вайны, абвешчаны пакуль толькі баль. Ты абяцаў, што ўсіх гасцей запросіш сам.
— І слова стрымаў, нават госці ўжо ўсе на месцы. Так заўсёды трэба рабіць: баль я рыхтаваў да таго, як абвясціў, тое ж самае і з вайной, зараз самы час ей займацца,— стары князь нарэшце апусціў трубу і павярнуўся да дачкі.
— Не ведаю наконт вайны, тут я недасведчаная, але ж баль не падрыхтаваны як мае быць.
— Табе што, не падабаецца новая сукня? Але ж ты сама выбірала, якой яна будзе.
— Сукня — гэта адзінае, што падрыхтавана да балю, і толькі таму, што ей займалася я. А ўсё астатняе? Ці ж сёння будзе прыстойная музыка? Хаця на сённяшніх гасцей якраз тое, што трэба, а ўсе адно танцаваць не буду, і не таму, што не хачу, а таму, што няма з кім, нашто было з'язджаць сюды так раптоўна?
— Што ты выдумляеш, тут жа ўся сталіца!
— А што, ты лічыш, у сталіцы есць хаця адзін чалавек, прыдатны на танец са мной? Дзе госці з суседніх дзяржаў? Я князёўна і таму буду танцаваць не менш як з князем.
— А дзе я табе вазьму за дзень ці два да вайны госця князя, хто зможа прыехаць зараз у гэты замак на мяжы?
— А ты не ведаеш? Нават і цяпер не позна паслаць яму запрашэнне, настолькі гэта блізка адсюль, да вечара паспее, думаю, на мой баль ён не адмовіцца прыехаць.
— І хто ж гэта такі? Да вечара сюды можа паспець толькі адзін князь, але я ўжо збіраюся да яго ў госці разам з войскам і не пазней чым на гэтым тыдні. Спадзяюся, ты маеш на ўвазе каго другога?
— Якраз пра маладога князя я і казала; што тут жахлівага, вайна ж яшчэ не абвешчана, і, думаю, да заўтрашняга ранку з гэтым можна будзе пачакаць. Тата,— раптам пакінула ранейшы тон князёўна,— будзь ласкавы, зрабі такі падарунак, на твае фэсты ён прыязджаў, а што за дзень нараджэння, калі ў падарунак мне будзе баль, на якім я не змагу танцаваць?