Выбрать главу

Стары князь выслухаў дачку даволі спакойна, потым счакаў хвіліну і сказаў:

— Заўтра ж паедзеш назад у сталіцу, сённяшні баль няхай ужо адбудзецца, хаця я, відаць, паспяшаўся з ім, ты яшчэ засталася дзяўчом, хай табой на год зоймуцца выхавацелі. Рыхтуйся і да балю і да ад'езду.

Князёўна пакланілася і выйшла з кабінета. Ні да балю, ні да ад'езду яна вырашыла не рыхтавацца — хай усе гарыць гарам. Калі яна дзяўчо, дык і паводзіць сябе будзе адпаведна. Калі са сваімі войнамі сапсавалі Свята ей, то яна не горш зможа сапсаваць яго іншым. Князёўна загадала паклікаць да сябе сябровак. Яна не сказала ім пра сварку з бацькам, а, нібыта нічога і не здарылася, прапанавала паехаць у лес. Паненкі, якіх яна адарвала ад люстра перад першым у іх жыцці балем, панура згадзіліся.

Хутка ўжо карэта з гербамі на дзверках уздымала зляжалы пыл дарогі. Гвардзейцы аховы скакалі ззаду ў марных намаганнях абмінуць слупы пылу. Князёўна азірнулася на замак, пад кутняй вежай, за вялізным, на два звычайных паверхі, акном кабінета стаяў бацька і сачыў за кавалькадай у падзорную трубу. Князёўна павярнулася да сябровак і сказала:

— Сёння апошні дзень дзяцінства, і на развітанне з ім мы згуляем у хованкі.

Перад самым лесам яна крыкнула: «Стой!», не стала чакаць, пакуль лёкаі адчыняць дзверкі, і саскочыла на траву. Паненкі яшчэ не адышлі ад карэты, а князёўна ўжо чакала іх ля першых дрэў. Яна кінула гвардзейцам:

— Застаньцеся тут, калі будзе трэба, мы паклічам.

І знікла за дрэвамі. Яна ішла і не азіралася, толькі

слухала гукі крокаў за сабой. Нарэшце наперадзе адкрылася паляна з вялікім дрэвам пасярэдзіне. Князёўна дакранулася да яго.

— Тут і згуляем. Цур, я лічу.

Лічылка была даўно знаёмая, і князёўна ведала загадзя — шукаць ёй не давядзецца. Дамовіліся далека не хавацца. А калі адна з паненак стала тварам да дрэва, заплюшчыла вочы і пачала лічыць, князёўна пабегла ў глыб лесу, у бок, супрацьлеглы замку, яна не стала шукаць хованку, а рушыла напрасткі далей і далей ад паляны.

Праз добрых паўгадзіны князёўна спынілася на ўзгорку. «Хопіць,— вырашыла яна,— пэўна, зараз ужо шукаюць па-сапраўднаму, памэнчу іх да вечара, а там выйду». Ад даўно чаканай незалежнасці кружылася ў галаве. Князёўна села, а потым і легла ў сухой высокай траве. «Як даўно я не глядзела на неба проста так, толькі таму, што яно неба; не дзеля таго, каб спраўдзіць надвор'е». Князёўна падклала рукі пад галаву, доўга глядзела ўгару, дзе вецер гайдаў вершаліны, і так неўпрыкмет заснула. Высокая трава хавала яе з бакоў.

Цені ўжо трохі падаўжэлі, калі побач лагчынай пранесліся коннікі. Яны крычалі: «Гэй, князёўна!», на што яна нешта прамармытала праз сон і перавярнулася на бок.

Калі князёўна прачнулася, то не адразу зразумела, дзе знаходзілася, нарэшце ўспомніла. «Цені ўжо доўгія, трэба вяртацца. Я прыйшла,— яна задумалася,— адкуль? Сонца было? Але ж сонца было ў зеніце».

Нарэшце па прымятай траве князёўна вызначыла напрамак. Праз некаторы час адкрылася паляна, толькі зусім маленькая, і дрэва на ей не было. «Заблукала, можна яшчэ гукаць, але гукаць не дазваляе гонар». Князёўна трохі павагалася, потым завярнула наўздагад і пайшла, толькі б не стаяць на месцы. Лес рабіўся больш і больш змрочным, высокія сосны чаргаваліся з густым, пасохлым ля зямлі ельнікам. Часам узнікалі сцежкі, але з вельмі нізкім прагалам, відаць, яны былі пратаптаны не чалавекам, а зверам. Сонца ўжо зайшло, і лес сшарэў, толькі неба яшчэ захоўвала блакітнасць. У каторы ўжо раз князёўна спынілася, каб прыслухацца. На гэты раз ёй не падалося, сапраўды здалёк чуліся гукі паляўнічага рога, брэх сабак і крыкі лоўчых. Князёўна падхапіла сукню і пабегла насустрач, дрэвы раптоўна засталіся ззаду, яна выбегла на паляну. Паляванне набліжалася, пачулася храбусценне сухога галля, і праз паляну прабег агромністы дзік. Князёўна ўскрыкнула і адступілася за дрэва, следам за дзікам пранесліся сабакі, а за імі коннікі.

— Гэй! — крыкнула наўздагон князёўна. Крайні коннік асадзіў каня на самым краі паляны, астатнія нічога не заўважылі і хутка пазнікалі між дрэў. Князёўна выйшла з хованкі. Перад ёй на высокім белым кані сядзеў малады князь. «Цікава, чым гэта скончыцца»,— падумала князёўна.

Князь паспешліва саскочыў з каня і схіліўся ў нізкім паклоне.

— Я пазнаў цябе, ты дачка майго часам саюзніка, часцей ворага, але заўсёды суседа. Мы бачыліся апошні раз на фэсце. Чым абавязаны гэтай сустрэчы ў маім княстве?

Ён усміхнуўся, і князеўне падалося, што яму ўжо вядома і пра сварку з бацькам, і пра гульню ў хованкі. Пра сябе яна падумала: «Яго княства? Значыць, я ўжо зайшла за далягляд». А ўслых сказала: