Выбрать главу

— Я заблукала ў лесе. І калі князь ведае дарогу, ён, спадзяюся, правядзе мяне ў бацькоўскі замак. Да таго ж сёння там баль на мой дзень нараджэння. Я запрашаю князя. Спадзяюся, што мая прысутнасць не пашкодзіць паляванню.

— Дзякую за запрашэнне. Толькі мая паляўнічая вопратка нішто побач з такой шыкоўнай сукняй, і няма падарунка, да таго ж, думаю, баль сёння ўжо не адбудзецца, бо ўсе госці, пэўна, шукаюць па лесе князёўну.

— Лепшым падарункам будзе мае вяртанне,— перабіла яго князёўна. — А вопратка? Я ў сваей сукні выглядаю смешна ў лесе, таму, думаю, князь і ўсміхаецца зараз, а я хачу ўсміхацца пад час балю, пабачыўшы паляўнічы строй, але больш я не дазволю ўсміхацца нікому.

— Калі князёўна думае паспець на баль, то трэба спяшацца, хутка будзе зусім цёмна.

Малады князь пасадзіў князёўну перад сядлом, сам сеў за ёю.

Вялікі месяц завіс над лесам. Ехалі моўчкі. Князёўна спрабавала лічыць дрэвы, але неяк не магла засяродзіцца. Адна толькі думка круцілася: «Што сказаў бы бацька, калі б пабачыў нас разам?»

Праз добрую тысячу дрэў, калі б князёўна іх лічыла і не збівалася, месячнае святло пасунулася ўшыркі. Яны апынуліся на паляне з вялікім дрэвам пасярэдзіне. Князёўна павярнула галаву:

— Тут недалёка, князь. Запрашэнне не траціць моцы і ў княстве майго бацькі. Не ведаю толькі, як ён паставіцца да нашага з'яўлення.

— Затое ведаю я, і таму няхай запрашэнне застанецца толькі запрашэннем.

— Шкада, хаця, можа, і сапраўды так будзе лепш, калі ніхто не будзе ведаць пра нашу сустрэчу. Адсюль пайду я сама, няхай князь пачакае, пакуль я выйду з лесу, там далей дарога і будзе не так страшна.

— Пачакай, князёўна,— малады князь заклаў рукі за спіну,— значыцца, не было нашага падарожжа?

— Так.

— Значыцца, і зараз мы не сядзім на адным кані?

— Ты скончыў паляванне, а я знайшла дарогу і спяшаюся на баль у замак, я наогул ніколі не была за даляглядам.

— Тады не было і гэтага,— малады князь асцярожна пацалаваў князёўну. — У нашых дзяржавах ты адзіная дзяўчына, з якой я на роўных.

— Ты таксама адзіны, хто павінен быць на балі побач са мной, але цябе няма нават тут, ты за даляглядам, а таму не было і гэтага. — Князёўна сама пацалавала князя. — Гэта мой баль.

Раптоўны вецер аглушальна зашамацеў лістотай у вершалінах. Плашч князя, падхоплены ветрам, ахінуў іх дваіх і заглушыў гукі далёкага паляўнічага рога.

За шумам ветру яны не пачулі, як на паляну выехалі коннікі: стары князь і два гвардзейцы з паходнямі ў руках. Князёўна першая заўважыла водбліскі полымя і адкінула плашч.

— Бацька! — ускрыкнула яна і саскочыла на зямлю.— Я, я заблукала ў лесе, а вось князь... Ён, ён выратаваў мяне, мы ехалі ў замак...

Стары князь кусаў вусны, нарэшце, калі ўжо далей маўчаць стала невыносна, ён прамовіў:

— Уратаваў, кажаш, а на развітанне запатрабаваў расплаціцца пацалункам, так?

— Не,— князеўне аж перахапіла дыханне ад уласнага нахабства,— я сама прапанавала расплаціцца пацалункам.

Гвардзейцы безуважна глядзелі ў чорнае неба, адзін толькі стары князь бачыў твар князёўны.

— Так, тады дзякую князю, толькі зараз ужо памагатыя нам, здаецца, без патрэбы, у наступны раз лепей пакінь маю дачку ваўкам, прынамсі, я буду спакайнейшы, а на гэты раз дзякуй.

Малады князь памкнуўся адказаць, але князёўна павярнулася да яго і прашаптала аднымі вуснамі:

— Бывай...

Ён прымружыў вочы, ледзь відочна нахіліў галаву. Яго конь перакруціўся на месцы і ўзяў у намёт.

Калі заціх пошчак капытоў, стары князь сказаў:

— Як разумееш, балю не адбудзецца, ды і ў сталіцу ты не вернешся, самае месца табе тут, пажывеш з год у кутняй вежы адна, можа, паразумнееш.

3

Бацька дазволіў князеўне пакінуць пры сабе з прыслугі адну толькі пакаёўку. Калі яны падняліся ў вежу, уваход за імі перакрылі скрыжаванымі алебардамі два гвардзейцы. Князёўна абышла кола сцен пакоя. У ім мясціліся ложак, два крэслы, стол з прыладамі да вышывання, камін ды на падлозе ляжала вялізная шкура мядзведзя.

Князёўна цярпліва чакала, пакуль пакаёўка распранала яе, пакуль падтыкала коўдру з усіх бакоў, гасіла свечкі, і толькі тады пацікавілася, ці доўга тая яшчэ будзе корпацца. Пакаёўка сумелася, а калі пытанне прагучала яшчэ раз, сказала, што ей загадана ўвесь час знаходзіцца каля сваёй гаспадыні. Князёўна вельмі выразна паглядзела на дзяўчыну, і тая падалася да дзвярэй.

— Прыхапі мядзведжае футра, ад яго смярдзіць, ды і на лесвіцы, пэўна, холадна,— палагаднела князёўна.

Калі дзверы зачыніліся, князёўна села ў ложку, адсунула полаг і ўбачыла ў адчыненых балконных дзвярах адно толькі зорнае неба.